2017 Бакун, А. Калі шчасце ― велічыня пастаянная

Бакун, А. Калі шчасце ― велічыня пастаянная / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. — 2017. — 6 мая. — С. 15.

Актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Кобрыншчыны прымае М. М. Клачковіч, узнагароджаная высокімі тытуламі «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» і «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».

КАЛІ ШЧАСЦЕ — ВЕЛІЧЫНЯ ПАСТАЯННАЯ

Кажуць, вялікае можна ўбачыць і ацаніць толькі з цягам часу. У выпадку з маёй субяседніцай, маленькай жанчынай з жалезным характарам і добрай душой — Марыяй Клачковіч — зусім не так, бо ўсе яе справы як на далоні, не патрабуюць пераацэнкі, а плады дзейнасці пажынаюцца ўжо зараз. У гэтай жанчыны сталькі тытулаў, званняў, узнагарод, што нават не ведаю з чаго пачаць, бо, як кажа сама Марыя Мікалаеўна, важкасць таго ці іншага тытулу для яе не залежыць ад нейкай агульнапрынятай шкалы, яны адлюстраванне самаадданай працы свайму народу, роднаму гораду, а значыць і ўсёй краіне. Ды і не любіць яна лішні раз іх падкрэсліваць, бо ўсё жыццё працавала зусім не дзеля панеркі, на якой будуць іскрыцца залатыя літары.

А мне ўсё ж такі хочацца назваць хоць некаторыя з яе рэгалій — для тых, хто толькі нядаўна пераступіў парог школы і якім здаецца жыццёвая навука такой цяжкай і непераадольнай, для тых, хто стаіць на апошняй прыступцы «альма матар» і не можа ніяк выбраць тую адзіную сцежку-дарожку, што павядзе іх па вялікім жыццёвым шляху, для тых, ад чыіх дзеянняў залежыць лёс вытворчасці і другіх людзей. Жонка, маці, бабуля, настаўнік, намеснік дырэктара, дырэктар, метадыст, інспектар па кадрах, абладальнік шматлікіх узнагарод і званняў — за мэтанакіраваную і творчую працу ў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення і моладзі, за стварэнне спрыяльных умоў пражывання ў інтэрнаце для навучэнцаў, за дасягненні найвышэйшых вынікаў у сацыялістычных спаборніцтвах, за актыўны ўдзел у прапагандзе палітычных і навуковых ведаў сярод працаўнікоў Кобрынскага раёна, за дасягненні ў выхаванні кваліфікаваных рабочых кадраў, за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, за шматгадовую стваральную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Кобрыншчыны.

У гэтых «за» ўсё жыццё Марыі Мікалаеўны, такое яскравае, імклівае, стваральнае, насычанае на падзеі, шматграннае, неспакойнае, уся яе біяграфія — ад прыходу маладой настаўніцы хіміі і біялогіі ў Бельскую базавую школу да шматгадовай дзейнасці на пасадзе дырэктара Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы аб- слугоўвання, ад першай граматы да высокага тытулу «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» і звання «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна». Па працы і пашана — інакш і не скажаш.

Ці магла Марыя Мікалаеўна ў дзяцінстве прадрачы сабе такі лёс, ужо і не згадае, але тое, што карані яе моцнага характару трэба шукаць у родным доме ў маленькай вёсцы Леснікі на Драгічыншчыне, сцвярджае адназначна. Будучы самай малодшай, трэцяй па ліку дачкой, дзесьці на ўзроўні падсвядомасці адчувала, што бацьку не хапала сына, таму і гартавала моцны і стрыманы характар, не мела прывычкі нікому скардзіцца на свае дзіцячыя крыўды. Дысцыпліну, да якой прывучыў бацька сваіх дзяўчат, прывіла і сваёй дачцэ і ўнучцы, за што тыя ёй зараз вельмі ўдзячны.

— Калі хочаш дасягнуць пэўных вынікаў і павесці за сабой увесь калектыў, — будзь першым, будзь прыкладам, патрабуй ад другіх толькі тое, што сам робіш лепш за іншых ці навучы іх рабіць так, як ты гэтага хочаш. Не ведаю, адкуль бацька засвоіў такую навуку, але гэтая аксіёма, якая стала для мяне пэўным дэвізам і прайшла са мною па жыцці, ніколі не падвяла, — падкрэслівае Марыя Мікалаеўна.

Першае месца работы ў Бельскай школе Марыя Мікалаеўна згадвае з асаблівай пяшчотай і цеплынёй, і не толькі таму, шго гэта пачатак пачаткаў новых дасягненняў і ідэй, прастор для думак, але яшчэ і таму, што тут яна спаткала сваё каханне, якое прайшло выпрабаванне часам. Дырэктар школы Сцяпан Ігнацьевіч не мог доўга хаваць сваіх пачуццяў да прыгожай маладой настаўніцы і ў хуткім часе прапанаваў ёй руку і сэрца.

— Мая сям’я — мой надзейны тыл. Не ведаю, ці б змагла я так самааддана працаваць, каб не яны… Мой муж, які ўсклаў частку хатніх абавязкаў на свае плечы. На жаль, няма яго ўжо побач са мной. Дачка, якая ніколі не папракнула мяне, што я, магчыма, не дадала ёй увагі. Яна, каб пабыць больш разам, заўсёды ў выхадныя дні хадзіла са мною на работу, дзе праводзіліся розныя выхаваўчыя мерапрыемствы, — заўважае Марыя Мікалаеўна і, працягваючы мне зборнік вершаў на італьянскай мове, дадае: — Каб не мая ўнучка…

На развароце кніжкі чытаю надпіс аўтаркі — ўнучкі з шчымлівымі словамі падзякі сваёй бабулі за яе жыццёвую мудрасць, што паспрыяла выхаду ў свет гэтай нізкі вершаў. А гэта лішні раз даказвае: Марыя Мікалаеўна з катэгорыі тых жанчын, якія ўмеюць арганізаваць час так, каб яго хапіла на ўсё. Як яна гэта робіць — ужо іншая справа. Таму сказаць, што жанчына паклала на алтар любімай справе свой дом, сямейнае цяпло, нядзельныя сямейныя пасядзелкі за круглым сталом са смачным пірагом, будзе вялікай памылкай. За некалькі хвілін накрыць стол для нечаканых гасцей для яе і зараз не выклікае цяжкасці, як і падзяліцца рэцэптамі зімовых нарыхтовак з невялічкага ўласнага агародчыка.

Дырэктарскае крэсла ў былым спецыяльным прафесиіянальна-тэхнічным вучылішчы № 153 тэкстыльшчыкаў, якое Марыя Мікалаеўна неўзабаве атрымала пасля пераезду маладой сям’і ў Кобрын, ні на хвіліну не змагло прывязаць дзейную асобу толькі да падпісання паперак і раздачы загадаў ва ўтульных сценах кабінета ні тады, калі вучылішча, яшчэ не зусім дабудаванае, з напаўпустой матэрыяльна-тэхнічнай базай толькі адкрывала свае дзверы першым навучэнцам, ні тады, калі стала адным з лепшых у рэспубліцы і ўдастоілася звання вучылішча высокай культуры.

Хавацца за чыесьці спіны ці спакойна плысці па цячэнні? Не. Гэта не для маёй гераіні. Паспрыяць хутчэйшаму завяршэнню буцаўнічых работ і выйсці самой на суботнік? Калі ласка, і за кіраўніком ужо ідзе ўвесь калектыў. Арганізаваць выхаваўчую работу так, каб у навучэнцаў менш было пустога вольнага часу, які цягне да «нядобрых» спраў? Аналіз паказаў, што такі вольны час у падлеткаў у нядзелю, калі іх большасць вярталася з вёскі ў інтэрнат. Значыць, выхаваўчыя мерапрыемствы трэба максімальна праводзіць менавіта ў гэты дзень. На ўласным прыкладзе паказаць, што ты здольна ахвяраваць сваім уласным часам і прыйсці дзеля агульнай справы ў выхадны дзень на мерапрыемства, штуршок і для выхавальнікаў, і для класных кіраўнікоў.

У размове з Марыяй Мікалаеўнай заўважаю, што валодаць якасцямі кіраўніка — гэта выдатна і, безумоўна, не ўсім пад сілу. Але яшчэ больш здзіўляе здольнасць былога дырэктара прадбачыць, прадугадваць, «бегчы наперадзе цягніка», — як кажа сама жанчына.

— Усё проста, ніякіх звышздольнасцяў. Чалавек не павінен спыняць свайго развіцця ні на якім этапе жыцця. Тыя кіраўнікі, якія кажуць, што ім не патрэбны ўсялякія курсы павышэння, семінары, бо самі ўжо здольны болыш даць, памыляюцца. Трэба ўмець слухаць. Заўсёды знойдуцца людзі, якія натхняць, падштурхнуць да новых ідэй, ці вопыт якіх ты зможаш выкарыстаць у пэўны час, — дзеліцца сваімі назіраннямі Марыя Клачковіч. — Словы лектара глядзець напе- рад нават калі ў краіне стабільнасць, выказаныя на семінары ў Мінску, куды былі запрошаны кіраўнікі вучылішчаў яго карысная інфармацыя аб прафесіях, якія ў хукім часе могуць стаць запатрабаванымі на рынку працы, дапамаглі мне правільна зарыентавацца, калі наступілі складаныя часы перабудовы.

А часы наступілі, сапраўды, складаныя. 3 распадам СССР Кобрынская ткацкая фабрыка, для якой у большасці рыхтаваліся работнікі, цалкам адмовілася ад выпускнікоў. Няма работы — няма патрэбы ў спецыялістах. Тут і праявіла Марыя Мікалаеўна ў поўнай меры свой жалезны характар, вопыт, веды, здольнасць плыць супраць цячэння, хапаючыся за любую галінку, якая сустракалася ў бурлівай лавіне, толькі, каб выплыць, не здацца. I не здалася ж, выстаяла. Нават у Мінску здзіўляліся напорыстасці дырэктара і падтрымлівалі яе, дазвалялі дзейнічаць, займацца новаўвядзеннямі. Аб’яднанне на пэўным этапе з мастацкім вучылішчам, увядзенне запатрабаваных у новых эканамічных умовах прафесій, такіх як сацыяльны работнік, повар, афіцыянт, аператар ЭВМ, страхавы і камерцыйны агент, у тым ліку і інтэграваных, як, напрыклад, повар-прадпрымальнік, швачка-прадпрымальнік, што было для вучылішчаў Беларусі на той час нонсэнсам, і выратавала ўстанову, дало магчымасць ператварыць яе ў 2004 годзе ў Кобрынскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сферы абслугоўвання. Вялікіх намаганняў спатрэбілася і для таго, каб наладзіць сувязі з каледжамі і тэхнікумамі лёгкай і харчовай прамысловасці з мэтай льготнага паступлення і наступнага навучання там лепшых выпускнікоў ліцэя. Так паступова да ліцэя вярнулася былая слава. А пра прэстыж навучання ў гэтай установе зараз сведчыць той факт, што тут набываюць спецыяльнасці падлеткі з усіх рэгіёнаў вобласці.

З пасады дырэктара ліцэя Марыя Мікалаеўна пайшла ў 2007 годзе, пакінуўшы пасля сябе цвёрды падмурак, які застаецца сённяшняму кіраўніціву і працоўнаму калектыву толькі працягваць умацоўваць, удасканальваць і ўтрымліваць яго высокую планку. Яшчэ амаль дзесяць гадоў не магла развітацца з любімай работай і калегамі, працуючы ў якасці інспектара па кадрах і выкладчыка. Год на заслужаным адпачынку для Марыі Мікалаеўны не прычына расслабляцца. Планаў і нерэалізаваных задумак у яе шмат, а актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Кобрыншчыны толькі надае маёй субяседніцы новых сіл і энергіі.

— А карціны чые? Няўжо вашы? — не магу стрымаць пры развітанні сваёй цікаўнасці, кідаючы раз-пораз погляд на жыццесцвярджальныя чырвоныя макавыя галоўкі і блакітныя вочкі васількоў, што так удала ўпісаліся ў агульны інтэр’ер пакойчыка.

У адказ Марыя Мікалаеўна моўчкі дастае з шафы вялікі стос вышытых работ, яшчэ не аформленых у рамкі. Усе яны як на падбор, выкананы з вялікім густам, арыгінальным творчым падыходам, дарэчы, як і ўсё, да чаго дакраналася рука гэтай жанчыны, напоўнены цяплом, радасцю, шчасцем…

Шчасцем не імгненным, не легкакрылым, што наляціць цёплым ветрыкам ды зноў затаіцца, а нечым застылым, умясціўшым у сабе любімую справу, захапленні душы, павагу калег, любоў блізкіх.

Алена БАКУН.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.