Мельнік, Р. З юбілеем, «Пралесачкі!» / Раман Мельнік ; фота аўтара // Кобрынскі веснік. — 2014. — 14 чэрвеня. — С. 3.
Чатыры дзесяцігоддзі Святлана Чырун, карэнная кабрынчанка, прысвяціла узорнаму ансамблю танца «Пралесачкі» раённага цэнтра дзіцячай творчасці.
З юбілеем, «Пралесачкі!»
«Кобрынская полька», «Скокі», «Трасуха», «Тапатуха»… Яркі і відовішчны карагод гэтых добра вядомых танцаў дарыў цудоўны настрой гледачам, якія прыйшли на справаздачны юбілейны канцэрт узорнага ансамбля танца «Пралесачкі» раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Нядаўна гэты калектыў, стваральнікам і нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Святлана Чырун, адзначыў сваё саракагоддзе.

«Пралесачкі» залатымі літарамі ўпісалі ў культурную гісторыю Кобрыншчыны свае гучныя дасягненні. Артысты ансамбля станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, а многія выпускнікі звязалі сваё далейшае жыццё з творчасцю. Чаго варта імя Антаніны Лабашэвіч, якая сёлета актыўна гастраліруе з канцэртамі ў Італіі! Яна з’яўляецца салісткай знакамітага Дзяржаўнага ансамбля танца «Харошкі». Кабрынчане Андрэй Кавальчук і Кацярына Шыбун сталі ўдзельнікамі ансамбля танца «Белыя росы» Дзяржаўнай філармоніі ў г. Гродна, Мікалай Бараноўскі — саліст народнага ансамбля танца «Радасць», працуе ў харэаграфічнай школе г. Брэста. Кіраўнік студыі фітнесу гарадскога Палаца культуры Таццяна Алексяюк таксама рабіла свае першыя крокі ў «Пралесачках». На сучасным этапе гэты калектыў прэзентуе гледачам арыгінальны творчы прадукт – сімбіёз традыцыйных і сучасных танцаў, які, несумненна, прываблівае і захапляе.
У святочны вечар калектыў яскрава прадэманстраваў публіцы свае лепшыя нумары, неаднаразова выклікаў бурныя апладысменты. Вось на сцэну выходзіць маці з маленькай дачушкай, якая таксама жадае танцаваць. І няма сумненняў у тым, што ў верасні калектыў зноў запросіць у свае рады хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадаюць спасцігаць прыцягальную магію танца.
У юбілейны вечар Святлану Чырун, яе маленькіх танцораў і іх бацькоў са святам сардэчна павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, які адзначыў высокі арганізатарскі талент Святланы Іосіфаўны, яе няўрымслівы, цвёрды характар і настойлівасць у дасягненні пастаўленых у жыцці мэт. Да гэтых віншаванняў далучыліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Паліна Васілюк, дырэктар РЦДТ Вольга Шугай і многія калегі, сябры, прадстаўнікі бацькоўскага камітэта выхаванцаў. Святлана Чырун за шматгадовую добрасумленную працу ўдастоена Ганаровых грамат райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, ёй уручалі падарункі і кветкі, дзякавалі за плённую працу.

…Чатыры дзесяцігоддзі Святлана Чырун, карэнная кабрынчанка, прысвяціла бясконцаму творчаму пошуку. Часта прыходзілася смела эксперыментаваць, а дзесьці і рызыкаваць, каб дасягнуць поспеху. Але нават і сёння кіраўніку «Пралесачак» не прыходзіцца, як кажуць, спачываць на лаўрах. Наперадзе — новыя канцэрты і выступленні. Сто трыццаць выхаванцаў ва ўзросце ад чатырох да шаснаццаці гадоў заўсёды гатовыя зрабіць гледачам шмат цікавых сюрпрызаў са сцэны.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.