1990 Крык душы, або Трыумф публічнасці

Мартынаў, А. Крык душы, або Трыумф публічнасці / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1990. – 20 лютага. – С. 2.

Разважанні аб чарговым пасяджэнні гарадской дыскусійнай трыбуны, прысвечанага пытанням законнасці і правапарадку.

Крык душы,

або Трыумф публічнасці

У нумары 18 «Камуністычнай працы» змешчаны рэпартаж В. Бурдыкі з чарговага пасяджэння гарадской дыскусійнай трыбуны, прысвечанага пытанням законнасці і правапарадку. «Крык душы, або Трыумф публічнасці» — такое самае лапідарнае вызначэнне тых пачуццяў, пад уражаннем якіх я пакідаў залу гарадскога Дома культуры пасля ўбачанага і пачутага. Сваімі разважаннямі аб гэтым незвычайным сходзе мне б хацелася падзяліцца з чытачамі.

Думаю, не лішняй будзе папярэдняя заўвага. Дзесятак гадоў пазнаваў я прывабнасць «заслужанага адпачынку» і, зразумела, крыху адстаў ад жывога жыцця. Пагэтаму асобныя моманты рэчаіснасці ўспрымаюцца мною некалькі своеасабліва. I яшчэ. Мне не даводзілася жыць у так званай «прававой дзяржаве», абмежаванае ўяўленне аб рысах якой атрымліваю са сродкаў масавай інфармацыі. Аднак пры аналізе адназначных з’яў лічу заканамерным супаставіць, як у канкрэтнай сітуацыі гэта адбываецца ў «іх» і ў «нас».

Такім чынам, уявім сабе рэакцыю «іх» службовай асобы на тое, што давялося выслухаць нашаму кіраўніцтву ў прысутнасці шматлікай публікі. Тут градам сыпаліся абвінавачванні ў непрыгожых учынках, злоўжыванні службовым становішчам і нават прамая абраза асобы. У аналагічных выпадках «там» пры неабгрунтаванасці абвінавачванняў рэакцыя бывае імгненнай — справа перадаецца ў суд, які строга карае паклёпніка. Калі ж, як гаворыцца, «крыць няма чым» і факты пацвярджаюцца, выбіраецца без усялякяй валакіты другі варыянт — развітанне службовай асобы з прэстыжнай пасадай. Для супастаўлення можна зазірнуць і ў наша далёкае мінулае, калі ў адным выпадку крыўдзіцель выклікаўся на дуэль, рызыкуючы ўласным жыццём. На больш прымітыўным узроўні спрэчка заканчвалася звычайным мардабоем.

У нашым канкрэтньм выпадку рэакцыя аказалася больш арыгінальнай і непрадказальнай: звялася да ўхілення ад дакладных адказаў або да працяглай перапалкі словамі на далёкай ад прынятай у парламентах дэбатах мове. Напрыклад, чаго варты такі факт, калі ў мікрафон у адрас важнай службовай асобы прагучала гнюснае слова «хлусіць». Але якое было ўсеагульнае здзіўленне, калі чалавек, атрымаўшы славесную аплявуху, прамаўчаў, не абурыўся. I гэта пры наяўнасці рэдкай магчымасці адразу звярнуцца за абаронай да закона, афіцыйны прадстаўнік якога знаходзіўся побач. Увогуле, на мой пог- ляд, прысутнічаўшаму ў зале пракурору давалася цудоўная магчымасць: прыцягнуць да законнай адказнасці не ў меру расхадзіўшыхся паклёпнікаў або ўзбудзіць справы супраць канкрэтных асоб за факты беззаконня, на якія ўказвалі выступаўшыя. Я ўжо не кажу пра нашумеўшую «аферу» з тэлевізарамі, дэбаты аб якой занялі шмат часу на дыскусійнай трыбуне. А чаго вартая аргументаваная абвінаваўчая прамова супраць рэспектабельнай будаўнічай арганізацыі, якая за бракаробства была «заахвочана» буйной грашовай прэміяй? Павіс у паветры без адказу і жалобны жаночы голас, які дапытваўся ў начальства, куды падзеўся прызначаны для хворых дыябетам аліўкавы алей…

Ды што гаварыць! Эмоцыі разгуляліся, відовішча па ўсіх параметрах аказалася незабыўным. Слухаў і міжволі думаў: а дзе і на які тэрмін гэтыя аратары апынуліся б пасля падобных выступленняў гадоў дзесяць назад? I каму з маючых уладу ўвогуле прыйшла б у галаву ідэя ўступаць у падобную дыскусію? Праўда, у той час кожны ведаў сваё месца і не кідаўся без аглядкі куды не трэба. Нічога не скажаш — публічнасць сёння трыумфальна крочыць не толькі па старонках друку.

У заключэнне хачу выказаць пажаданне шырокай грамадскасці, каб дыскусійная трыбуна не спыняла сваю дзейнасць, а працягвала работу і ў далейшым — хоць бы двойчы на месяц мы маглі абмяркоўваць такім чынам нашы набалелыя пытанні.

А. МАРТЫНАЎ,

 жыхар г. Кобрына

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.