1980 Сідарук «Правда» несла нам праўду

Сідарук, П. С. Мы падымаем сцяг … «Правда» несла нам праўду / П. С. Сідарук, І. С. Сідарук // Камуністычная праца. – 1980. — 6 снежня. – С. 2.

Успаміны ўдзельніцы рэвалюцыйнага падполля, Ганаровага грамадзяніна горада Кобрына, персанальнай пенсіянеркі П. С. Сідарук.

Мы падымаем сцяг…

У маі 1925 года ў нашай вёсцы Ілаўск была створана ячэйка КПЗБ. У яе ўвайшла моладзь суседняй в. Калонія. У кастрычніку, напярэдадні восьмай гадавіны Вялікага Кастрычніка, у нас была адкрыта бібліятэка-чытальня «Прасвіты». Сакратар Турнянскага падраёна, у які ўваходзіла наша ячэйка, Мікалай Сідзюк і сакратар Кобрынскага райкома КПЗБ Васіль Анціпаровіч далі заданне пачаць арганізацыю нізавых партыйных звенняў па ўсёй Ілаўскай гміне. Даручэнне было выканана. У пачатку 1927 года арганізаваўся Ілаўскі падраён Кампартыі Заходняй Беларусі, у які ўваходзіла адзінаццаць ячэек і восем бібліятэк-чытальняў. Ён ахопліваў дзве гміны — Ілаўскую і Зёлаўскую, аб’яднаных пазней у адну — Дзеткавіцкую.

Сакратаром падраёна быў выбран я (I. С. Сідарук. Адначасова ён працаваў кіраўніком бібліятэкі-чытальні і драмгуртка.) — Другі аўтар гэтых радкоу (П. С. Сідарук — рэд.) выконвала камсамольскую работу, кіравала жаночай групай драмгуртка.

Дзякуючы таму, што в. Ілаўск знаходзілася ў цэнтры чатырохвугольніка Кобрын — Пружаны — Бяроза — Антопаль, мы мелі цесную партыйную сувязь з гэтымі пунктамі.

Бібліятэка-чытальня знаходзілася ў нашым доме. Тут праводзіліся легальныя сходы яе членаў і нелегальныя — камуністаў і камсамольцаў. Абмен кніг бібліятэкамі падраёна і арганізацыя тэатральных пастановак драмгуртка служылі надзейнай маскіроўкай партыйнай сувязі паміж ячэйкамі і нават раёнамі. У хаце пад падлогай быў абсталяваны тайнік, куды хавалі нелегальную літаратуру.

Ход у яго са склепа для бульбы мы добра замаскіравалі, і дэфензіве так і не ўдалося пры частых вобысках яго адкрыць.

У Ілаўскую бібліятэку-чытальню выпісваліся пяць газет і часопісаў левага напрамку. Акрамя мастацкай, была ў нас і палітычная літаратура: творы

К. Маркса, Ф. Энгельса, У. I. Леніна, К. Лібкнехта. Твор У. I. Леніна «Што рабіць?», а таксама «Камуністычны маніфест» мы старанна хавалі ад старонніх вачэй, бо яны адносіліся да забароненых. Па партыйнай сувязі паступалі нелегальныя газеты «Бальшавік», «Чырвоны сцяг», «Чырвоная дапамога», «Бюлетэнь Камуністычнага клуба» і шмат лістовак рэвалюцыйнага зместу.

Партарганізацыя падраёна шырока выкарыстоўвала легальныя бібліятзкі-чытальні для распаўсюджвання ідэй марксізму-ленінізму ў масах. Мы добра памяталі ленінскае ўказанне «ісці ва ўсе класы насельніцтва … і ў якасці тэарэтыкаў, і ў якасці прапагандыстаў, і ў якасці агітатараў, і ў якасці арганізатараў… Але галоўнае, зразумела, прапаганда і агітацыя ва ўсіх слаях народа». У нашым падраёне выраслі вопытныя агітатары і арганізатары ячэек, бібліятэк-чытальняў. Усе яны мелі рэвалюцыйную закваску яшчэ з часу свайго знаходжання ў бежанцах у час першай сусветнай вайны. Гэта Іван Крыштафовіч, Іван Ярмашук, Сідар Рачка, Улас Самасюк, Максім Крыштафовіч, Нічыпар Бобрык, Сава Дрынюк; Барыс Ляшко, Карніл Шыманскі, Аляксандра Ярмашук, Васіль Галадзюк і многія іншыя добраахвотнікі рэвалюцыйнага фронту, чыё юнацтва наступіла яшчэ пры жыцці Ільіча. I мы раўняліся на яго.

Рэвалюцыйная агітацыя давала свае вынікі. Ламаліся векавечныя традыцыі недавер’я і варожасці паміж моладдзю суседніх вёсак. Яна разумела, што далей жыць пад панскім прыгнётам немагчыма, і знаходзіла сваё месца ў радах барацьбітоў.

«Правда» несла нам праўду

Пасля шматлікіх арыштаў, праведзеных белапольскай ахранкай у 1925 годзе, многія рэвалюцыянеры-камуністы трапілі ў турмы. Аднак разграміць партыйную арганізацыю не ўдалося. Яна хутка аправілася, расшырыла сваю работу і ахапіла ўплывам усе 16 гмін Кобрынскага павета. У большасці з іх было створана па некалькі ячэек КПЗБ і КСМЗБ, а ў некаторых легальна працавала левая партыя «Сельроб». якая знаходзілася пад уплывам Кампартыі Заходняй Беларусі.

Пробным камнем трываласці аўтарытэту КПЗБ у масах, яе ўплыву сталі выбары ў мясцовыя органы самакіравання. Яны паказалі, што барацьба за масы, якую вяла Кобрынская партарганізацыя, увянчалася поўным поспехам. Калі ў гмінныя рады сям-там і прайшлі кандыдаты па панскаму спісу, то ў павятовы сеймік у ліку 34 дэпутатаў не трапіў ні адзін. Вядома, надзей на дзейнасць гэтага самакіравання ў сэнсе паляпшэння эканамічнага і сацыяльнага становішча працоўных мы не мелі. Але яно дапамагала партыі выкрываць палітыку аграблення працоўных, праводзімую польскім фашысцкім урадам.

З усё нарастаючым поспехам працягвалі сваю работу сярод насельніцтва кобрынскія камуністы. У канцы 1927 года па партыйнай сувязі да нас паступіла газета «Правда». У ёй змяшчаліся матэрыялы XV з’езда КПСС. Сярод іншых там былі адлюстраваны і пытанні кааперавання сельскай гаспадаркі, будаўніцтва сацыялізму ў СССР, якія асабліва цікавілі сялян Кобрыншчыны. Спачатку мы сабралі моладзь і прачыталі з ёю гэтыя і іншыя матэрыялы газеты, а на вечар запрасілі пажылых сялян. Народу сабралася шмат. Мы выстаўлялі вартавых заўсёды, калі чыталі нелегальныя газеты і літаратуру. Але на гэты раз паслаць у дазор не было каго — моладзь разышлася, а сталым дужа хацелася паслухаць, што піша «Правда». Таму вырашылі лямпу ў бібліятэцы не запальваць, каб не прыцягваць увагі паліцэйскіх шпікаў. На стале ў мяне на ўсякі выпадак ляжаў нумар часопіса «Тыгоднік гаспадарчы» і дазволеныя газеты.

Чытанне было ў самым разгары, калі, выпадкова глянуўшы ў акно, я заўважыў агеньчык ад папяросы. Нехта назіраў за намі. «Паліцыя», — мільганула думка. Я ведаў, што з моладзі ніхто не курыць, а старэйшыя амаль усе былі тут, у чытальні. Спакойна папярэдзіў прысутных: «Паліцыя! Але ніякай панікі, усім сядзець на сваіх месцах».

Непрыкметна перадаў газету сястры (П. С. Сідарук — рэд.). Яна зразумела адразу:         трэба схаваць у тайнік. Ледзь паспела спусціцца ў склеп, як у хату ўвайшлі камяндант пастарунка Ілаўскай гміны і паліцэйскі.

  • Што чытаеш? — падышоў да мяне камяндант.

Я працягнуў яму «Тыгоднік гаспадарчы». Тут ён заўважыў адчыненую крышку склепа і адразу кінуўся туды. Насустрач яму з карзінай бульбы падыма- лася сястра, паспеўшая ўжо схаваць газету.

  • Што ты там робіш? —строга спытаўся ён.
  • Набірала бульбы на вячэру, — спакойна адказала сястра.

Камяндант абшукаў мяне, сясцёр, зазірнуў у печ, пад ложак, спусціўся ў склеп, перавярнуў пасцель, але нічога не знайшоў.

  • Я бачыў, як ты чытаў газету, — накінуўся ён на мяне.
  • Гэта пану здалося праз акно, але ў нас ёсць і газеты, — адказваю.
  • Чаго тут сабралася столькі людзей? — зноў пытае ён.
  • Вучыцца, як трэба гаспадарыць. Вось нам і чытаюць, як гэта правільна рабіць, — загаманілі мужчыны.

Прычапіцца не было да чаго, і, перапісаўшы прозвішчы прысутных, паліцэйскія пайшлі.

«Правда» была прачытана не адзін раз. Шмат было размоў аб пачутым з яе. I спела думка: трэба рабіць так, як у Расіі — устанавіць савецкую ўладу.

— «Правда» з Масквы — гэта праўда на ўвесь свет, — гаварылі сяляне. — Яна па-сапраўднаму вучыць, як трэба гаспадарыць на зямлі!

Не раз яшчэ паліцэйскія і іх агенты ўрываліся ў наш дом, шукалі «Правду», але так і не знайшлі.

Палескі ваявода ў сваім данясенні Міністэрству ўнутраных спраў у 1929 годзе пісаў: «…Калі стаіць пытанне аб дзейнасці камуністычных арганізацый, існуючых на тэрыторыі Кобрынскага павета, то перш за ўсё яна развівалася ў напрамку захопу кіраўніцтва ў легальных арганізацыях… У выніку такога метаду дзеянняў большая частка бібліятэк «Прасвіты» састаяла выключна з камуністаў, якія ў большасці выпадкаў займалі кіруючыя пасады і накіроўвалі дзейнасць бібліятэк».

У тым жа 1929 годзе ўсе бібліятэкі-чытальні былі разгромлены паліцыяй, многія іх кіраўнікі трапілі ў турмы, кнігі былі спалены. Але бібліятэкі сваю ролю адыгралі. Яны рэвалюцыянізавалі масы, унеслі ў іх імкненне да свабоды, паказалі шляхі, якія вядуць да яе.

П. С. СІДАРУК,

удзельніца рэвалюцыйнага падполля,

 ганаровая грамадзянка г. Кобрына, персанальная пенсіянерка.

I. С. СІДІАРУК.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.