Праз творчасць – да майстэрства

Партрэт кіраўніка. Клачковіч Марыя Мікалаеўна — дырэктар ліцэя (1983-2007) // Праз творчасць – да майстэрства : інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне да 40-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. – Кобрын, 2021. – С. 10-12. – (Серыя «Адукацыя на Кобрыншчыне»).

ПАРТРЭТ КІРАЎНІКА

Клачковіч Марыя Мікалаеўна — дырэктар ліцэя (1983-2007)

Марыя Мікалаеўна Клачковіч 24 гады ўзначальвала навучальную ўстанову і разам з ёй прайшла ўвесь няпросты шлях ад тэхнічнага вучылішча тэкстыльшчыкаў да дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання. На працягу ўсіх гэтых гадоў пад яе кіраўніцтвам фарміравалася вучэбна-матэрыяльная база і педагагічны калектыў навучальнай установы, якая сапраўды стала неад’емнай часткай яе жыцця, яе багатай на падзеі біяграфіі. Дарэчы, у дырэктарскім корпусе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны Марыя Мікалаеўна на працягу многіх гадоў была адзінай жанчынай.

Настаўніцкую дзейнасць пачала ў 1965 годзе піянерскай важатай у Лясковіцкай 8-гадовай школе Іванаўскага раёна пасля няўдалай спробы паступіць у Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. Паспяховае (праз год) паступленне на хіміка-біялагічны факультэт таго ж педінстытута ператварыла намеры ў рэальнасць.

У Бельскай базавай школе Кобрынскага раёна Марыя Мікалаеўна рабіла свае першыя крокі ў прафесіі – выкладала хімію і біялогію. З 1969 па 1981 год працавала настаўнікам, дырэктарам Бельскай васьмігадовай школы.

З 1981 года М. М. Клачковіч працавала ў Кобрынскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 153 тэкстыльшчыкаў: спачатку намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, з лістапада 1983 года па ліпень 2007 года з’яўлялася яго дырэктарам. Работа на пасадзе дырэктара ліцэя сферы абслугоўвання, якой было аддадзена шмат гадоў, стала сэнсам яе жыцця. З камандай аднадумцаў рабіла ўсё, каб ліцэй быў лепшым не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

Пад кіраўніцтвам М. М. Клачковіч стваралася і ўмацоўвалася вучэбна-матэрыяльная база для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых. Уся яе працоўная дзейнасць была накіравана на ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу, стварэнне ўмоў для развіцця асобы навучэнцаў, аптымізацыю метадычнай і выхаваўчай дзейнасці калектыву. Марыя Мікалаеўна з’яўлялася членам метадычнага савета ліцэя, ініцыятарам укаранення ў вучэбна-выхаваўчы працэс сучасных тэхналогій навучання і выхавання, камп’ютарнай тэхнікі.

З пасады дырэктара ліцэя М. М. Клачковіч пайшла ў 2007 годзе, пакінуўшы пасля сябе цвёрды падмурак, які застаецца сённяшняму кіраўніцтву і працоўнаму калектыву ўмацоўваць і ўдасканальваць. Яшчэ амаль дзесяць гадоў яна працягвала педагагічную дзейнасць, працуючы ў якасці інспектара па кадрах і выкладчыка.

Грамадская дзейнасць заўсёды была неад’емнай часткай жыцця Марыі Мікалаеўны: сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса «За Радзіму» Кобрынскага раёна, дэпутат мясцовага Савета народных дэпутатаў, прапа-гандыст маладзёжнага гуртка камбіната грамадскага харчавання, старшыня прафкама прафсаюзнай арганізацыі аддзела адукацыі. Неаднаразова М. М. Клачковіч з’яўлялася старшынёй ці намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі.

За высокі прафесіяналізм, творчасць і наватарскі падыход у навучанні і выхаванні працоўных кадраў Марыя Мікалаеўна Клачковіч узнагароджана значком «Выдатнік прафтэхадукацыі БССР», Ганаровым знакам «За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі», Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 410 ад 31 ліпеня 2002 года ёй прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь».

У дзень 75-годдзя Кобрынскага раёна М. М. Клачковіч удастоена звання «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна» (рашэнне Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў ад 13.01.2015 г., № 37).

Прафесіяналізм і любоў да сваёй справы — аснова кіраўніка-лідара Марыі Мікалаеўны Клачковіч, выдатніка прафтэхадукацыі, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.