9 чэрвеня 2021 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Марыі Мікалаеўны Клачковіч [Электронны рэсурс] // Краязнаўства Берасцейшчыны. – Рэжым доступу: http://kb.brl.by. – Дата доступу: 04.05.2021.
9 чэрвеня 2021 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Марыі Мікалаеўны Клачковіч (1946), заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна
Марыя Мікалаеўна Клачковіч нарадзілася 9 чэрвеня 1946 г. у вёсцы Леснікі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Педагагічную дзейнасць пачала ў 1965 г. старшай піянерскай важатай у Лясковіцкай васьмігадовай школе Іванаўскага раёна. Праз год паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна на хіміка-біялагічны факультэт.
У Бельскай васьмігадовай школе Кобрынскага раёна Марыя Клачковіч рабіла свае першыя крокі ў настаўнiцкай прафесіі – выкладала хімію і біялогію. З 1969 г. па 1981 г. працавала настаўнікам, дырэктарам гэтай школы, потым метадыстам па прафарыентацыі аддзела народнай адукацыі Кобрынскага райвыканкама.
З 1981 г. пачалася праца М. М. Клачковіч у Кобрынскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 153 тэкстыльшчыкаў: спачатку намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, з лістапада 1983 г. у якасці дырэктара. 24 гады яна ўзначальвала навучальную ўстанову, прайшла ўвесь няпросты шлях ад тэхнічнага вучылішча тэкстыльшчыкаў да дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання.
У 1988 г. навучальная ўстанова атрымлівае званне «Вучылішча высокай культуры», а праз два гады за высокія паказчыкі ў рабоце калектыў быў узнагароджаны пераходзячым сцягам Савета Міністраў і Міністэрства народнай адукацыі БССР. Самымі цяжкімі ў развіцці ПТВ № 153 былі 1990-я гг. Падзенне эканамічнага патэнцыялу лёгкай прамысловасці ў краіне, скарачэнне штату рабочых на прадзільна-ткацкай фабрыцы адбіліся і на стане ўстановы. Паступова зніжаючы набор і падрыхтоўку па тэкстыльных спецыяльнасцях, у вучылішчы сталі вучыць моладзь новым прафесіям.
З 1 красавіка 2004 г. Кобрынскае ПТВ № 153 тэкстыльшчыкаў пераўтворана ва ўстанову адукацыі «Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання». З гэтага часу перад установай адкрыліся больш шырокія перспектывы, а вытворча-навучальны працэс выйшаў на новы якасны ўзровень.
Работа на пасадзе дырэктара ліцэя, якой было аддадзена шмат гадоў, стала сэнсам жыцця Марыі Мікалаеўны. З камандай аднадумцаў рабіла ўсё, каб установа была лепшай не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Уся яе працоўная дзейнасць была накіравана на ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу, стварэнне ўмоў для развіцця асобы навучэнцаў, аптымізацыю метадычнай і выхаваўчай дзейнасці калектыва. Была ініцыятарам укаранення ў вучэбна-выхаваўчы працэс сучасных тэхналогій навучання і выхавання, камп’ютарнай тэхнікі. Дарэчы, у дырэктарскім корпусе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны М. М. Клачковіч на працягу многіх гадоў была адзінай жанчынай.
З пасады дырэктара ліцэя Марыя Мікалаеўна пайшла ў ліпені 2007 г., пакінуўшы пасля сябе цвёрды падмурак, які застаецца сённяшняму кіраўніцтву і працоўнаму калектыву працягваць умацоўваць, удасканальваць і ўтрымліваць яго высокую планку. Яшчэ амаль дзесяць гадоў М. М. Клачковіч працягвала педагагічную дзейнасць, працуючы ў якасці інспектара па кадрах і выкладчыка.
Грамадская дзейнасць заўсёды была неад’емнай часткай жыцця Марыі Мікалаеўны: сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса «За Радзіму» Кобрынскага раёна, дэпутат мясцовага Савета народных дэпутатаў, прапа-гандыст маладзёжнага гуртка камбіната грамадскага харчавання, старшыня прафкама прафсаюзнай арганізацыі аддзела адукацыі. Неаднаразова М. М. Клачковіч з’яўлялася старшынёй ці намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі.
За высокі прафесіяналізм, творчасць і наватарскі падыход у навучанні і выхаванні працоўных кадраў М. М. Клачковіч узнагароджана значком «Выдатнік прафтэхадукацыі БССР», Ганаровым знакам «За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі», Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокае педагагічнае майстэрства, значны ўклад ва ўдасканаленне навучальна-выхаваўчага працэсу ў 2002 г. ёй прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларуcь». Да 75-годдзя Кобрынскага раёна М. М. Клачковіч удастоена звання «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна» (рашэнне раённага Савета дэпутатаў № 37 ад 13 студзеня 2015 г.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай
раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Ганаровыя грамадзяне Кобрынскага раёна. Клачковіч Марыя Мікалаеўна // Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2018. С. 46–48 : фат.
- Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Клачковіч Марыя Мікалаеўна // Па працы — пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 109–110 : фат.
- Партрэт кіраўніка. Клачковіч Марыя Мікалаеўна – дырэктар ліцэя (1983–2007) // Праз творчасць – да майстэрства : інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне да 40-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання» з серыі «Адукацыя на Кобрыншчыне» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. Кобрын, 2021. С. 10–12. : фат.
- 60 гадоў з дня нараджэння М. М. Клачковіч (1961) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 17.
- Бакун, А. [Марыя Клачковіч] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2020. 18 ліпеня. С. 4.
- Савчук, М. Нитка, иголка и вдохновение : [почетный гражданин Кобринского района М. Н. Клочкович, находясь на пенсии, посвятила себя творчеству вышивки картин] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2020. 11 июня (№ 24). С. 4.
- Бакун, А. Каб зерне ўзышло : [усё жыццё Марыі Клачковіч, ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, – гэта несупынная самаадданая праца] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2018. 28 красавіка. С. 4. (Год малой радзімы).
- Бакун, А. Калі шчасце – велічыня пастаянная : [актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Кобрыншчыны прымае М. М. Клачковіч, узнагароджаная высокімі тытуламі «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» і «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна»] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2017. 6 мая. С. 15.
- Клачковіч, М. Найперш патрабуючы з сябе… / [М. М. Клачковіч ; запісаў] Ігар Сідарук // Кобрынскi веснiк. 2015. 15 красавiка. С. 4.
- Савчук, М. Директор с неиссякаемой энергией / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2015. 29 января. С. 4.
- Сталі грамадзянамі. Ганаровымі : [звання «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна» ўдастоены Марыя Клачковіч, Уладзімір Кузіч і Іван Мароз] // Народная трыбуна. 2015. 23 студзеня. С. 3.
- Савчук, М. 25 – возраст расцвета : [Кобринский профессиональный лицей сферы обслуживания отмечает своё 25-летие] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2006. 14 декабря. С. 2.
- Дзюрич, Э. «Здравствуйте, Мария Николаевна» / Эмма Дзюрич // Заря. 2002. 17 октября.
- Прэм’ер-міністр уручыў дзяржаўныя ўзнагароды : [звання «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» удастоена дырэктар Кобрынскага прафтэхвучылішча № 153 тэкстыльшчыкаў М. М. Клачковіч] // Настаўніцкая газета. 2002. 28 верасня.
- Пянко, А. Настаўніцкае шчасце / Аляксей Пянко // Кобрынскі веснік. 2002. 17 жніўня. С. 3.
- Віншуем з узнагародай! : [ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» прысвоена Клачковіч Марыі Мікалаеўне – дырэктару Кобрынскага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча № 153 тэкстыльшчыкаў] // Заря. 2002. 8 августа.
- Клачковіч, М. М. Формула веры і любві : [дырэктар ПТВ № 153 пра дзейнасць установы] / Марыя Мікалаеўна Клачковіч // Кобрынскі веснік. 2002. 1 студзеня. С. 3.
- Клюйко, А. Лідэр : партрэт кіраўніка: [пра дырэктара Кобрынскага ПТВ № 153 М. М. Клачковіч] / А. Клюйко // Настаўніцкая газета. 2001. 6 снежня. С. 2.
Кобрын
Кобрынскі раён
Бельск
Драгічынскі раён
Леснікі
Кобрынскі прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання
Клачковіч Марыя Мікалаеўна
Настаўнікі
Заслужаныя настаўнікі
Ганаровыя грамадзяніне