Мошчык, С. Выстава Мікалая Кузьміча ў сталіцы / Сяргей Мошчык // Вечерній Брест. – 2020. – 4 декабря (№ 49). – С. 4.
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пройдзе адкрыццё персанальнай юбілейнай выставы беларускага мастака-ювеліра М. Кузьміча.
Вернісаж Мікалая Кузьміча ў сталіцы.
На ёй можна пабачыць унікальны абраз Святой Варвары.
2 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пройдзе адкрыццё персанальнай юбілейнай выставы вядомага беларускага мастака-ювеліра з Берасця Мікалая Кузьміча. Яна называецца «Byzantium».
У экспазіцыі будуць прадстаўлены ўнікальныя работы майстра ў тэхніцы старажытнавізантыйскай эмалі. Гэта абразы, медальёны, зробленыя не так даўно. Наведвальнікі ўбачаць таксама адноўлены абраз Святой Варвары. Пра яго многія даведаліся падчас першай хвалі пандэміі. Выдатна выкананай выяве вернікі ўжо пакланіліся на Віцебшчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і ў Мінску. Напярэдадні яе даставілі ў прыход Святога сэрца Ісуса вёскі Пелішча Камянецкага раёна.
Знаўцы сцвярджаюць, што такі абраз – адзіны. Ён зроблены ў складанай мастацкай тэхніцы. Вага – амаль 700 грамаў з вельмі тонкімі залатымі перагародкамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. З адваротнага боку «схаваны» абярэг. Вялікапакутніцу Варвару шануюць як праваслаўныя, так і католікі.
«Сёння складаныя адценні Мікалай Кузьміч стварае, эксперыментуючы з сумесямі сучасных эмалевых парашкоў, дасягаючы нябеснай яркасці лазурыту, таямнічай глыбіні імператарскага пурпуру, чыстага, чароўнага ззяння белага. Уся маляўнічая палітра са складанымі адценнямі задзейнічана ў перагародкавай эмалі беларускага майстра», – напісала мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.
Выставу можна наведаць па 18 студзеня 2021 года ўключна.
Сергей Мощик