Пашкоўская, Л. Саркафаг для Еўфрасінні / Людміла Пашкоўская // Мастацтва. – 2007. — № 7. – С. 10-11.
Мастак-эмальер Мікалай Кузьміч завяршыў работу над аднаўленнем ракі Еўфрасінні Полацкай
САРКАФАГ ДЛЯ ЕЎФРАСІННІ
Брэсцкі мастак-эмальер Мікалай Кузьміч завяршыў работу над аднаўленнем ракі Еўфрасінні Полацкай. 5 чэрвеня — у дзень памяці беларускай святой — яна была асвечана мітрапалітам Філарэтам у Полацкім Свята-Еўфрасіннеўскім манастыры. Нядаўна аўтар твора атрымаў ад дзяржавы годную ўзнагароду — званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.
У вытворчай майстэрні Мікалая Кузьміча ў Брэсце заўжды ціха. Праца, якой заняты сам майстар і яго памочнікі, не церпіць шуму і мітусні. Яна патрабуе духоўных разваг і вялікага майстэрства.
Пра М. Кузьміча ў Беларусі загаварылі ў 1993 г., калі ён узяўся за грамадска значны і неверагодна складаны праект — па фотанегатывах і малюнках аднавіць Крыж Еўфрасінні Полацкай, створаны ў 1161 г. знакамітым ювелірам Лазарам Богшам. Нашаму сучасніку трэба было не толькі ўвасобіць вонкавы выгляд крыжа, але і адрадзіць забытую восем стагоддзяў таму тэхніку перагародчатай старажытнавізантыйскай эмалі. Прафесія эмальера ў нашай краіне не вельмі вядомая. У Беларусі не атрымала шырокага распаўсюджання ювелірнае майстэрства: гэты занятак дарагі па выдатках, праца з каштоўнымі металамі патрабуе праходжання многіх юрыдычных фармальнасцей. Аднак аднавіць беларускія святыні мог толькі чалавек, які валодае ювелірнай справай. М. Кузьміч, выпускнік Мінскага мастацкага вучылішча па спецыяльнасці «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», у 1990-х быў ужо добра вядомы мастакоўскай супольнасці не толькі Беларусі, але і за яе межамі. Ён працаваў з каштоўнымі матэрыяламі, асабліва захапляўся эмаллю.
Пяць гадоў працы ў маскоўскіх архівах і брэсцкай майстэрні дазволілі раскрыць сакрэты тэхналогіі яе вырабу, і ў 1997 г. твор быў завершаны. Праз некаторы час М. Кузьміч заняўся стварэннем стаўратэкі да крыжа. А 2002 г. стаў пачаткам работы над новым заказам Беларускай Праваслаўнай царквы — ракай Еўфрасінні Полацкай.
Рака, саркафаг, грабніца, каўчэг для мошчаў — назваў гэтаму прыгожаму мастацкаму твору існуе многа. Гісторыя яго трагічная.
Еўфрасіння Полацкая памерла, калі прыйшла паломніцай у Святую зямлю, там яна была i пахавана. Яе мошчы вынеслі з горада хрысціяне, якім падчас аблогі туркамі Іерусаліма дазволілі пакінуць горад і забраць тое, што яны могуць панесці ў руках. Праваслаўныя манахі перадалі мошчы Кіева-Пячэрскай лаўры. У Полацк яны вярнуліся толькі ў 1910 г. I таксама не так проста. Напярэдадні гэтая падзея шырока абмяркоўвалася ў праваслаўных колах і ў грамадстве. Тым не менш вяртанне адбылося.
Спецыяльна для перавозу мошчаў і была ў той час зроблена мастаком Паўлам Зыкавым рака ў форме саркафага, або каўчэга з кіпарысавага дрэва. Зверху яе абліцавалі срэбрам і золатам,упрыгожылі каштоўнымі камянямі і рознакаляровымі глазурамі. Важыла яна 8 пудоў. Такія звесткі захаваліся ў архіўных дакументах. На жаль, арыгінал ракі да нашага часу не дайшоў. У 1921 г., калі па ўсёй краіне канфіскоўваліся царкоўныя каштоўнасці, па пастанове камісарыята юстыцыі РСФСР рака з мошчамі была ўскрыта і вывезена. Месцазнаходжанне яе так і не было выяўлена. Мошчы нейкі час экспанаваліся на атэістычнай выставе ў Маскве, пасля знаходзіліся ў Краязнаўчым музеі ў Віцебску, 3 1943 г. яны захоўваліся ў Спаса- Еўфрасіннеўскім манастыры ў Полацку. Па памерах новая рака і сапраўды падобная на невялікі каўчэг: два метры дзесяць сантыметраў на метр дваццаць і на дзевяноста сантыметраў. Кляновая рама-каркас апрацавана масцікай, абліцавана сярэбранымі пласцінамі і з чатырох бакоў упрыгожана бронзавымі залачонымі барэльефамі. Аднак выявы на іх, хоць і адпавядаюць апісанню, якое існуе ў архівах, усё ж адрозніваюцца ад першапачатковага арыгінала. Дый гэта і немагчыма было зрабіць, не маючы ніякіх дакладных гістарычных сведчанняў і якасных фотаадлюстраванняў. Бакавыя сценкі ракі пакрыты барэльефамі. Усе яны — асабісты творчы ўнёсак М. Кузьміча ў яе аздабленне. Два з іх адлюстроўваюць важнейшыя прыжыццёвыя і пазнейшыя моманты біяграфіі полацкай ігуменні: момант закладкі пабудаванай па яе заказе царквы Спаса i перанясенне святых астанкаў з Іерусаліма ў Кіеў. На тыльным баку паказаны трынаццаць беларускіх святых i сама Еўфрасіння. У галавах — адліты крыж у ззянні і надпіс «Субяседніцы анёлаў», у нагах — выява Полацка XII ст. Па перыметры прапушчаны арнамент з каляровых эмалей і вінаграднай лазы.
Асабліва ўражвае верхняя частка ракі — яе накрыўка, дзе Еўфрасіння паказана ў поўны рост. Рыза, мантыя і схіма святой выкананы са срэбра. Асобныя пласцінкі спайваліся паміж сабой і толькі пасля чаканіліся і чарніліся. Гэта быў адзін з самых складаных момантаў і завяршальных штрыхоў работы. Здзіўляе сваёй мастацкай адмысловасцю вянец над галавой святой. Раней ён быў вышыты, але вышыўка — недаўгавечная рэч. I таму мастак зрабіў карункі з металу і каштоўных камянёў. Жэмчуг сімвалізуе чысціню і цнатлівасць, рубін — колер жыцця і крыві. Для максімальна дакладнага аднаўлення вобраза брэсцкі мастак Ігар Раманчук зрабіў спісак з абраза, які захоўваецца ў Полацкім Спаса Еўфрасіннеўскім манастыры. Цікава, што калегі ведаюць яго як аўтара лірычных гарадскіх пейзажаў. Мала каму вядома, што ён удзельнічаў у роспісе купала царквы ў Целяханах.
«У архівах удалося адшукаць толькі тры фотаздымкі пачатку мінулага стагоддзя. Якасць іх была жахлівая, нават не ведаю, што б мы рабілі без камп’ютэрнай апрацоўкі. У выніку быў адноўлены толькі малюнак верхняй часткі грабніцы. Таму цэнтральны барэльеф з постаццю Еўфрасінні — дакладная копія першакрыніцы XII ст., астатнія — аўтарскі домысел, заснаваны на вывучэнні ювелірных вырабаў і царкоўных каштоўнасцей таго перыяду»,— расказвае М. Кузьміч. Новая рака аб’ектыўна не магла быць копіяй былой. Яна па праве стала самастойным аўтарскім творам, які выявіў погляд чалавека нашага стагоддзя на падзеі далёкай мінуўшчыны.
Дзеля аднаўлення святыні дзяржава павінна была выдаткаваць больш за сто кілаграмаў высакапробнага срэбра. Былая рака аздаблялася чаканкай па срэбры, але тэхналагічныя складанасці прымусілі М. Кузьміча звярнуцца да ліцця з бронзы і далейшага залачэння бакавых барэльефаў і візантыйскіх крыжоў. Для накрыўкі кавалачкі срэбра невялікага памеру — трыццаць на пяцьдзесят — спайваліся аргонам у адзінае палатно. Працэс складаны і не вельмі тэхналагічны, асабліва яскрава гэта адчулася мастаком, калі па зробленым лісце трэба было рабіць малюнак выкалаткай, і спаяныя кавалачкі каштоўнага металу пачалі развальвацца… Засвоіць тэхніку зваркі срэбра мастаку не ўдалося, наладзіць гэты працэс ваўмовах невялікай майстэрні было немагчыма. Тым не менш аўтар з гонарам выйшаў з усіх складаных сітуацый. Больш за тысячу рэльефных пялёсткаў, рэльефных каляровых уставах у тэхніцы «эмаль па ліцці» ўпрыгожваюць раку па перыметры. Не менш складаным этапам былі выраб завесаў для накрыўкі, мадэлі латкоў пад эмалі і касты пад каштоўныя камяні ў німбе, зборка ракі, чарненне срэбра і паліроўка.
Унутры ракі знаходзіцца кіпарысавая труна, дзе непасрэдна і захоўваюцца мошчы святой Еўфрасінні, з вышыўкай і рызамі, зробленым насельніцамі Полацкага жаночага манастыра. Гэтая парода дрэва выбрана невыпадкова, з кіпарысу ў XII ст. традыцыйна вырабляліся асабліва важный культавыя рэчы, у тым ліку і крыж Еўфрасінні Полацкай. Кіпарыс — матэрыял, падатлівы ў апрацоўцы і ў той жа час устойлівы да знешніх уздзеянняў.
«У гэтым творы ўсё, нават сярэбраныя цвікі, зроблена ўручную, — зазначыў мастак. — Мне запомніліся словы ўладыкі Філарэта, які бласлаўляў мяне на гэтую святую справу. Ён сказаў, што раку неабходна зрабіць уласнаручна i з чыстым сэрцам». Сам Мікалай Кузьміч лічыць, што гады, прысвечаныя адраджэнню нацыянальных святыняў, сталі часам уласнага духоўнага адраджэння. Цяпер і ўсе мы можам дакрануцца да іх душой, адчуць еднасць з гісторыяй дзяржавы, ля вытокаў якой шчыравала Еўфрасіння Полацкая — прызнаная нябесная заступніца беларусаў.
ЛЮДМІЛА ПАШКОЎСКАЯ