2011 Галоўка Мікалай Кузьміч: «Я быў звычайным савецкім атэістам»

Галоўка, С. Мікалай Кузьміч: «Я быў звычайным савецкім атэістам» / Сяргей Галоўка // Беларуская думка. – 2011. — № 10. – С.78-86.

Паводле размовы з беларускім мастаком-ювелірам пра жыццё і творчы шлях.

Мікалай Кузьміч:

«Я быў звычайным савецкім атэістам»

Імя брэсцкага мастака Мікалая Пятровіча Кузьміча зараз добра знанае ў культурным асяродку не толькі нашай краіны. Працуючы ў даволі рэдкім для беларускага выяўленчага мастацтва стылі – тэхніцы перагародчатай эмалі і вырабляючы арыгінальныя ювелірныя ўпрыгажэнні, ён займеў высокае прызнанне як сярод спрактыкаваных знатакоў, так і вытанчаных прыхільнікаў прыгожага майстэрства. Сусветную ж вядомасць мастаку прынёс, бадай што, галоўны на сёння яго твор: адноўлены ім паводле ўзору старажытнага Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які вось ужо роўна 850 гадоў з’яўляецца адной са святыняў беларускага народа, нягледзечы на тое, што быў страчаны ў 1941-м, на самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Работа над аднаўленнем нацыянальнай рэліквіі заняла ў Мікалая Кузьміча каля пяці гадоў і, як ён сам прызнаецца, не толькі пакінула адметны след на яго жыццёвым шляху, але і прымусіла істотна перагледзець свае адносіны да многіх з’яў, грамадскіх працэсаў і нават некаторых агульначалавечых каштоўнасцей. А гэта, у сваю чаргу, не магло не аказаць уплыву на далейшую, скажам так, «паслякрыжавую» творчасць майстра.

Як жа гэта ўсё адбывалася і што наконт гэтага думае знакаміты творца? Папярэдне напрасіўшыся ў госці, «Беларуская думка» паспрабавала выведаць пра гэта ў яго самога.

Унук каваля

Шлях Мікалая Кузьміча ў свет мастацтва лёгкім не назавеш. Жыццёвыя перыпетыі ўвесь час блыталі яму планы, перайначвалі задумы, уносілі карэктывы ў творчыя пачынанні, але ён, нібы прадчуваючы тую вялікую місію, якая пазней выпадзе на яго долю, настойліва шукаў сябе.

– Мой дзед Нічыпар быў майстрам на ўсе рукі, – успамінае Мікалай Пятровіч. – Да яго, прызнанага ў блізкім і далёкім наваколлі ад мае роднае вёскі Вулькі, што на Драгічыншчыне, каваля, звярталіся людзі па дапамогу і заўсёды атрымлівалі яе: ці то ў выглядзе адмыслова зробленага ім плуга, ці то па-мастацку выкаванага падсвечніка, ці то яшчэ якой неабходнай у сялянскай гаспадарцы рэчы. Хутчэй за ўсё, менавіта ад дзеда ў мяне прага да прыгожага і да працы з металам у прыватнасці.

…Мне было адзінаццаць гадоў, калі сям’я пераехала ў Растоўскую вобласць. У Вульцы мы жылі беднавата, і бацька вырашыў пашукаць лепшай долі на хлебасольным, як яму здавалася, Доне. Але і там асаблівага дастатку сям’я не займела. Бацька, дарэчы, таксама не абдзелены майстравітасцю, працаваў у мясцовым калгасе. Жылі мы ў мазанцы з глінянай падлогай. Па ўсім відаць, станічнае жыццё не зусім задавальняла тату, і ён у душы, напэўна, ужо каяўся, што сарваў сям’ю з месца, і, хутчэй за ўсё, марыў вярнуцца назад. Інакш ён наўрад ці выправіўся б у канцы 60-х гадоў на радзіму, каб перакрыць нашу хату, якая пуставала ў Вульцы.

Пасля заканчэння васьмігодкі мне больш не было куды падацца, як у бліжэйшае ад нашай станіцы прафтэхвучылішча. Там я ўсяго за год вывучыўся на трактарыста-машыніста 3-га класа і затым папоўніў рады калгасных механізатараў. Але шчыраваць на данскіх палетках мне давялося нядоўга – у 1968 годзе быў прызваны ў Савецкую армію. Я чамусьці ўвесь час верыў, што абавязкова буду служыць дзе-небудзь у Беларусі. Аднак выйшла інакш – трапіў ажно на Паўночны флот, у цяпер ужо рассакрэчаны Севераморск. Там заўважылі маю схільнасць да малявання і тут жа далучылі да выпуску баявых лісткоў, насценных газет і афармлення ленінскіх пакояў. Так замест запланаванага накіравання ў брыгаду марской пяхоты я застаўся «пры штабе» і стаў вучыцца… на качагара. З часам на маё месца знайшоўся іншы афарміцель, а мяне нaкіравалі машыністам кацельні на баявы карабель. Вось там я спаўна спазнаў і смак прэснай вады, і вялікую тугу па радзіме, па нашай сінявокай Беларусі.

Мая армейская спецыяльнасць вельмі дарэчы прыйшлася і на «грамадзянцы». Прыехаўшы пасля завяршэння службы на флоце ў данскую станіцу, бацьку я ўжо не застаў – ён памёр, так і не здолеўшы здзейсніць сваю мару – вярнуцца на радзіму. А паколькі мяне ўвесь апошні час вельмі моцна прыцягвалі да сябе родныя беларускія краявіды, то неўзабаве мы і зазбіраліся дамоў у Вульку. Аднак старшыня калгаса заўпарціўся, не даваў нам свайго дазволу на пераезд. Аргумент у яго быў адзін – гаспадарцы востра патрэбны трактарысты. Але я прад’явіў яму, як аказалася, не менш істотны довад – пасведчанне машыніста кацельні. Так спецыяльнасць качагара, якая кваліфікавалася як рабочая і якой не знайшлося тады прымянення ў станіцы, выручыла мяне яшчэ раз. Пасля гэтага я, мама і дзве мае сястры атрымалі- такі свае пашпарты і напярэдадні 1972 года вярнуліся дадому.

…Пасля таго як я спаўна надыхаўся вольным паветрам сваёй малой радзімы, дзедавы гены пачалі інтэнсіўна вабіць мяне да творчасці. Але куды мне было падацца без спецыяльнай адукацыі, да таго ж, маючы за плячыма ўсяго толькі восем класаў школы. Думалі-гадалі аб гэтым мы ўсёй сям’ёй і вырашылі накіраваць мяне ў Брэст да цёткі, якая ў рэшце рэшт і дапамагла мне ўладкавацца ў драматычны тэатр памочнікам мастака. Праз год я перайшоў працаваць мастаком-пастаноўшчыкам на Брэсцкае абласное тэлебачанне. Але ў хуткім часе пакінуў тлумны абласны цэнтр і пераехаў у зацішны Кобрын, дзе ў гарадскім Доме культуры была свабодная стаўка мастака. У гэтым горадзе ўперамешку з афармленнем плакатаў ды афіш і працай у мясцовай выяўленчай студыі я працягваў адукоўвацца ў вячэрняй школе. Пасля яе заканчэння мне выдалі атэстат аб сярэдняй адукацыі, які і адкрыў дарогу для атрымання прафесійнай мастацкай адукацыі. Выбіраць куды паступаць асабліва не даводзілася, і я спыніўся на Мінскім мастацкім вучылішчы. Аднак першая мая спроба ўліцца ў рады сталічных студэнтаў, ажыццёўленая ў 1973 годзе, была марнай. Як, зрэшты, і наступныя пяць. Але ўсё адно кожны год летам я ехаў у Мінск і настойліва шукаў свайго шчасця. І яно знайшлося, праўда, ажно ў 1978 годзе – я быў залічаны на першы курс Мінскага мастацкага вучылішча імя А. Глебава ва ўжо адносна сталым, 28-гадовым узросце.

Што за творчасць без эмалі?

Пасля таго як Мікалай Кузьміч больш-менш прызвычаіўся да новага жыццёвага статусу, перад ім паўстала пытанне: як у размаітым і шматжанравым мастацкім свеце знайсці сваё месца? Зрабіць жа гэта, як аказалася, было зусім няпроста. Таленавітаму маладому мастаку хацелася паспрабаваць сябе і ў жывапісе, і ў графіцы, і ў гравюры… Але нейкая невядомая ўнутраная сіла выводзіла яго на зусім іншую творчую сцяжыну.

– У вучылішчы я займаўся на аддзяленні мастацкага афармлення, – расказвае далей Мікалай Пятровіч. – Чаму нас толькі там не вучылі… Мяне ж увесь час прыцягвала жалеза. Відаць, давала пра сябе знаць тое незабыўнае хлапчукоўскае пачуццё, якое я калісьці спазнаў, гледзячы, як дзед у сваёй кузні са звычайнага кавалка жалеза рабіў, як мне тады здавалася, надзвычайнай прыгажосці рэчы.

…На другім курсе я ажаніўся, і мы з жонкай сталі здымаць жыллё ў прысталічнай Ратамцы. З дазволу гаспадыні я прывёз туды кіслародны балон, вырабіў неабходныя для работы па метале інструменты і пакрысе стаў асвойваць новую для мяне мастацкую плынь. Тады ж я паспрабаваў сябе і ў эмалі. Яе колеравая палітра ў мяне была небагатая. Але выбіраць асабліва не даводзілася – што меў, над тым і карпеў.

Эмаль – гэта шклопадобная, расцёртая ў парашок маса. Яна насыпаецца на падкладку – на медзь, на каштоўныя матэрыялы, на сталь, можа быць на жалезе – і затым абпальваецца пры тэмпературы 800–900 градусаў. І ў гэтым працэсе эмаль і агонь выступаюць сааўтарамі майстра.

…Пасля заканчэння вучылішча мяне размеркавалі ў Брэсцкія мастацка- вытворчыя майстэрні Мастацкага фонду Саюза мастакоў БССР. Шчыра кажучы, мая непасрэдная праца прыносіла мала задавальнення ў творчым плане. Мяне з маёй эмаллю разумелі далёка не ўсе. Своеасаблівай жа аддушынай былі выставы. Самыя розныя – рэспубліканскія, рэгіянальныя ці проста гарадскія. Я ў іх прымаў удзел і меў з гэтага як творчае задавальненне, так і пэўную матэрыяльную выгаду: мае работы былi заўважаны і іх набывалі.

У 1986 годзе я трапіў у Палангу на пленэр мастакоў-эмальераў, які традыцыйна праводзіўся ў гэтым літоўскім горадзе. Там я канчаткова і вызначыўся ў сваёй творчасці. Як гаворыцца, эмаль – і кропка. Затым у мяне быў перыяд творчага станаўлення і адначасова плённага ўдзелу ў шматлікіх выстаўках. А ў 1991 годзе я ў складзе адзінаццаці савецкіх мастакоў быў запрошаны на мастацкі сімпозіум у Іспанію, дзе існуе даволі моцная школа эмалі. Я з удзячнасцю згадваю тую паездку. Яна мне дала вельмі многае: знаёмства з работамі лепшых эмальераў з усяго свету, іх творчым вопытам і г.д. Акрамя гэтага, там былі прадстаўлены і мае працы, якія таксама не былі абыдзены ўвагай. Пасля Барселоны, дзе праходзіў згаданы сімпозіум, мяне рэгулярна сталі запрашаць удзельнічаць у розных міжнародных выставах. Балазе на той час наша краіна атрымала незалежнасць, і рабіць гэта было значна прасцей, чым за савецкім часам.

Адным словам, на пачатку 90-х маё творчае крэда было цалкам сфарміравана, я ўжо, так скажам, цвёрда стаяў на нагах, а маё прозвішча значылася ў кагорце мастакоў, якія, як тады пісалася ў выставачных каталогах, «працуюць у галіне канцэптуальнага мастацтва».

Выбар зроблены

У жыцці практычна кожнага чалавека здараюцца выпадкі, калі тыя ці іншыя абставіны ставяць яго перад выбарам. І на класічнае пытанне «Як быць?» у кожнага знаходзіцца свой адказ. Мікалай Кузьміч, калі перад ім паўстала такая праблема, асабліва не раздумваў, вырашыў яе для сябе станоўча і аб гэтым цяпер ніколькі не шкадуе.

– Я не ведаю, чаму выбар выпаў менавіта на мяне, – працягвае ўводзіць нас у курс справы Мікалай Пятровіч. – Але калі мне прапанавалі ўзяцца за аднаўленне старажытнага Крыжа Еўфрасінні Полацкай, я практычна адразу ж згадзіўся. Магчыма, калі б я пачаў узважваць усе «за» і «супраць», дэтальна асэнсоўваць той груз адказнасці, які клаўся на мае плечы, то і рашэнне на гэты конт магло б быць іншым. А так – даў слова і тым самым адрэзаў шлях да адступлення.

…Згодна з дагаворам, падпісаным мной у 1993 годзе з грамадскім аб’яднаннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», якое першапачаткова выступала адным з ініцыятараў аднаўлення Крыжа Еўфрасінні Полацкай, але потым адышло ад гэтага працэсу, я абавязваўся завяршыць усе работы за тры месяцы. Якія ўсе мы былі тады ідэалісты, не разумелі ўсёй сутнасці той справы, якую распачыналі!.. І хоць затым да гэтага дагавора дадаўся асобны пратакол, у якім згадваліся новыя і не зусім канкрэтна акрэсленыя тэрміны заканчэння работ – 1994–1995 гады, ужо тады было відавочна, што пад сабой яны не маюць рэальнай глебы. Проста ўсім хацелася як мага хутчэй завяршыць гэты праект, але на справе атрымалася інакш.

Перш чым узяцца за працу, давялося падвесці пад яе грунтоўную навуковую аснову. Першапачаткова ў маім распараджэнні былі толькі ксеракопія малюнка Крыжа Еўфрасінні Полацкай, выкананага ў 1841 годзе расійскім мастаком Мянцовым, і выдадзеная ў 1954 годзе кніга савецкага археолага Леаніда Аляксеева, які на падставе сваёй знаходкі ў ленінградскіх архівах шкляных негатываў з выявай святыні, зробленых у 1896 годзе, упершыню апісаў яе ва ўсіх дэталях. Але гэтага было недастаткова. Давялося мне асабіста ехаць у паўночную расійскую сталіцу і з дапамогай пецярбуржца з беларускімі каранямі Мікалая Нікалаева рабіць адбіткі з усіх знойдзеных Л. Аляксеевым негатываў.

І ўсё ж гэта была толькі нязначная частка агульнага шляху. Я быў звычайным савецкім атэістам, і для мяне вельмі праблематычнай была іканаграфія Крыжа. І тут нельга не згадаць тую вялікую ролю, якую адыграў у выпраўленні хібаў маёй адукацыі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Менавіта ён палічыў, што вынікі маіх творчых намаганняў па аднаўленні Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай знаходзяцца ў прамой залежнасці ад майго духоўнага стану, і летам 1994 года ўзяў мяне з сабой у спецыяльна арганізаванае паломніцтва ў Ерусалім.

Знаходжанне на Святой зямлі пакінула незабыўнае ўражанне. Там, каля Труны Гасподняй, на Галгофе, наогул каля святынь, якія там на кожным кроку, адагравалася ад атэістычнага холаду і перайначвалася мая душа. Надзвычайнасць гэтаму моманту надаваў і той факт, што я знаходзіўся ў тых самых мясцінах, у сценах тых самых храмаў, якія наведвала і дзе малілася больш як восем стагоддзяў таму сама прападобная Еўфрасіння Полацкая.

Менавіта ў Ерусаліме я ўпершыню атрымаў магчымасць пабачыць візантыйскую мазаічную эмаль, у стылі якой былі аздоблены асобныя фрагменты Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

…Са Святой зямлі мы вярталіся з часцінкамі камянёў ад Труны Гасподняй, Труны Прасвятой Багародзіцы, святога дрэва Жыватворнага Крыжа, часцінкамі мошчаў многіх святых і дыяментамі, набытымі для аднаўлення Крыжа.

Coн у руку

Як і ў любой складанай справе, у працэсе аднаўлення Мікалаем Кузьмічом Крыжа Еўфрасінні Полацкай было шмат праблем і перашкод. Яны мелі арганізацыйны, фінансавы, выканальніцкі характар. Не абышлося і без містыкі, якая, як лічыць мастак, таксама спрабавала перашкодзіць яго пачынанню. Прынамсі, падчас паломніцтва ў Святую зямлю пры ўзыходжанні на гару Спакусы без асаблівых на тое прычын на сярэдзіне шляху Мікалаю Пятровічу стала дрэнна, і толькі малітвы за яго здароўе манашак з бліжэйшага манастыра, зноў жа паводле асабістага пераканання мастака, дапамаглі яму акрыяць, каб затым здзейсніць распачатую ім богаўгодную справу.

– Сваю лепту ў справу аднаўлення мною Полацкага Крыжа ўносілі многія: хто слушнай парадай ці падказкай па іканаграфіі святыні, хто фінансамі на набыццё неабходных матэрыялаў… У ліку ж першых, хто спрычыніўся да гэтага працэсу, быў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, – адзначае Мікалай Пятровіч. – У хуткім часе пасля нашага вяртання з Ерусаліма Уладыка перадаў мне сямнаццаць асабістых залатых манет дарэвалюцыйнай чаканкі. Я іх пераплавіў, выйшла каля 40 грамаў золата, і гэта стала асновай для работы па аднаўленні Крыжа.

Сама па сабе праца з каштоўнымі металамі накладвае на творцу адбітак высокай адказнасці. А тут жа – такой надзвычайнай важнасці праект! Да таго ж, у мяне на той час не было асаблівых навыкаў работы з золатам, заставалася яшчэ шмат і тэхналагічных загадак. Я проста не ведаў, якім чынам выконваў тую ці іншую работу больш як васемсот гадоў таму мастак –ювелір Лазар Богша. Асвойваць жа прамудрасці старажытнага рамяства мне дапамагала доктар гістарычных навук, кампетэнтны спецыяліст па старажытнарускіх эмалях з Інстытута археалогіі Расійскай акадэміі навук Таццяна Макарава. Аднак усё роўна было шмат проб і памылак. Але і нам з Таццянай Іванаўнай настойлівасці было не пазычаць…

Сваiмі першымі напрацоўкамі – вычаканеным латком для эмалі – я падзяліўся з Уладыкам Філарэтам. Бо хто, як не ён, добра дасведчаны ў асаблівасцях царкоўнага мастацтва, і можа не толькі ацаніць мастацкую вартасць твора, але і даць добрую падказку. Менавіта таму, ідучы да яго на сустрэчу, я крыху пабойваўся: а раптам ён забракуе мае пачынанні? Але Уладыка паставіўся да маёй работы з павагай і благаславіў на прадаўжэнне распачатай справы.

Праўда, ахвяраванага Мітрапалітам Філарэтам золата хапіла толькі на выраб пласцінак-латкоў для выяў Збавіцеля, Божай Маці і Іаана Прадцечы, аднаго верхняга сярэднякрыжжа і квадратнага крыжыка. Яны таксама былі прыязна ўспрыняты Уладыкам. Аднак золата закончылася, і я мусіў заняцца вырабам іншых элементаў. Так, даволі хутка, напрыклад, усяго з трэцяй спробы, мне ўдалося раскрыць сакрэт шрыфту Лазара Богшы і спосаб вырабу ім надпісаў на сярэбраных пласцінах Полацкага Крыжа.

Але пасля таго, як паводле распараджэння Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на аднаўленне Крыжа Еўфрасінні Полацкай з дзяржаўнай казны была выдаткавана недастаючая колькасць золата – 1,3 кілаграма, я зноў пераключыўся на выраб латкоў для эмалей, а затым і прызначаных для размяшчэння ў іх выяў. І вось тут выйшла пэўная загваздка. Як ні стараўся, нічога ў мяне не атрымлівалася.

Справа ў тым, што тэхніка перагародчатай эмалі – надзвычай складаны і працаёмкі працэс. Ён патрабуе не толькі спрактыкаванасці, але і спецыяльных ведаў. Апошніх мне якраз і не хапала. Школа візантыйскіх майстроў-эмальераў была беззваротна страчана яшчэ ў сярэднявеччы. З літаратуры я ведаў, што ў Расіі ў часы праўлення Івана Грознага былі спробы

паднавіць Крыж Еўфрасінні Полацкай, які тады знаходзіўся ў Маскве, але яны аказаліся марнымі, бо ўжо на пачатку ХVІ стагоддзя ніхто не ведаў, як гэта зрабіць.

…Недзе да сакавіка 1996 года я падрыхтаваў усе неабходныя для выкладкі эмаллю выявы Крыжа. Пасля гэтага настаў найгалоўнейшы этап працэсу: трэба было перанесці эмалі ў спецыяльна вырабленыя з золата латкі і ўстанавіць паміж імі залатую перагародку – адсюль і паходзіць тэрмін перагародчатая эмаль. Асаблівасць гэтага працэсу ў тым, што перагародку трэба ўсталяваць так, каб пры апрацоўцы эмалі высокай тэмпературай яна «не паехала», а захавала строга вызначаныя для яе контуры. Для паўнаты разумення сутнасці справы і той скрупулёзнасці, з якой павінен дзейнічаць майстар, неабходна адзначыць, што перагародка ўяўляе сабой залатую драцінку-нітку дыяметрам 0,03–0,04 міліметра. Прычым у латку яна павінна быць суцэльнай, каб зноў жа праз магчымыя прарэхі не паплыла эмаль і не змешваліся розныя яе колеры.

І калі з вывядзеннем контураў, напрыклад лікаў святых, адной ніткай-перагародкай не было асаблівых праблем, то з яе захаванасцю пры высокатэмпературным замацаванні эмалей у латку нічога не атрымлівалася: як ні стараўся, залатая драцінка спаўзала са свайго месца ці наогул разрывалася, і канфігурацыя малюнка парушалася. Давялося паспрабаваць шмат варыянтаў. Дастаўшы спецыяльны прыпой па золаце, мы з маім памочнікам Віталем Якавуком нават паспрабавалі прыпайваць перагародку да латка. Але і гэта не дало ніякага выніку – таямніцу старажытнай візантыйскай перагародчатай эмалі за чатыры месяцы сваіх эксперыментаў мы так і не змаглі раскрыць.

Разгадка ж, як ні дзіўна, прыйшла сама па сабе. Добра змучаны перажываннямі ад няўдач, я ўвесь час думаў, як знайсці выйсце з гэтай сітуацыі. І аднаго разу ноччу мяне разбудзіў гучны мужчынскі голас: «Асабліва не думай. Вазьмі тое і тое і пакладзі яго туды і туды». А між тым, «тое і тое» стаяла не дзе-небудзь, а ў нас на стале, і мы яго проста не заўважалі. Раніцай, прыйшоўшы ў майстэрню, я пераказаў Віталю свой сон. Мы тут жа скарысталіся атрыманай падказкай, і справы ў нас пайшлі на лад.

…17 чэрвеня 1997 года былі ўкладзены перагародкі ў апошнім эмальерным латку. Назаўтра мы правялі абпальванне эмалі, і пасля ўмацавання мастацкай пласціны на аснове Крыжа афіцыйна быў завершаны працэс яго аднаўлення. Адроджаны на ўзор старажытнага Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай быў асвячоны Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі 24 жніўня 1997 года ў Брэсцкім Свята-Сімяонаўскім саборы. Затым адноўленая нацыянальная святыня была ўрачыста перанесена ў Спаса-Праабражэнскі сабор Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра, дзе і захоўваецца цяпер.

…За пяць гадоў, на працягу якіх я займаўся аднаўленнем Крыжа, шмат што змянілася ў маім жыцці. Найперш я перагледзеў свае адносіны да самога сябе і змяніў погляды на многія з’явы рэчаіснасці. Сам жа Крыж Еўфрасінні Полацкай стаў для мяне своеасаблівым духоўным камертонам, з дапамогай якога я звяраю не толькі свій творчы, але і жыццёвы шлях.

Працяг місіі

Работа над аднаўленнем Крыжа Еўфрасінні Полацкай аказалася для Мікалая Кузьміча далёка не адзінай богаўгоднай справай. Яго творчы вопыт і прафесіяналізм адмысловага майстра-ювеліра былі запатрабаваны і пры стварэнні стаўратэкі Полацкага Крыжа, а затым і пры аднаўленні рàкі, прызначанай для захоўвання мошчаў Святой Еўфрасінні Полацкай. І стаўратэка, і рàка з’яўляюцца высокамастацкімі атрыбутамі праваслаўнай царквы. Аднак у адрозненне ад адноўленага М. Кузьмічом Крыжа, калі майстру даводзілася строга прытрымлівацца зафіксаваных на фотанегатывах асаблівасцей страчанага арыгінала, пры стварэнні рàкі і асабліва стаўратэкі з-за адсутнасці дакладнага апісання мастацкага аздаблення Мікалаю Пятровічу давялося прыўнесці і асабістае бачанне прыгожага.

– У мяне часта пытаюцца, што такое стаўратэка. І калі атрымліваюць адказ, што гэта – футарал для захоўвання крыжа, у многіх цікаўных чамусьці прападае да яе інтарэс, – гаворыць Мікалай Кузьміч. – А між тым у кожнага крыжа-рэліквіі, а тым больш у Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, павінен быць і адмысловы, варты яго футарал.

…Стаўратэку для Полацкага Крыжа я стварыў у 2001 годзе. Не скажу, што праца над ёй была надзвычай складанай. Тут я быў больш вольны ў сваіх творчых задумках, бо рабіць гэты футарал даводзілася не па аналогіі з якімсьці іншым, а, скажам так, ад сябе. Таму ён цалкам мой, аўтарскі твор. Гэта невялікі куфэрачак прамавугольнай формы, абшыты звонку тонкімі срэбранымі лістамі з накладзеным на іх вызалачаным арнаментам. Стаўратэка для Еўфрасіннеўскага Крыжа была ўпрыгожана мной дыяментамі і эмалевымі выявамі Труны Гасподняй, архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла, непасрэдна самой прападобнай Еўфрасінні Полацкай, роўнаапостальных Канстанціна і Алены і іншых святых.

Як ні дзіўна, але падчас працы над стаўратэкай усё мне ў мастацкім працэсе было зразумела, і нават размяшчэнне выяў тых ці іншых святых не выклікала пытанняў. Я не схільны бачыць у гэтым праявы якіхсьці звышсіл.

Хутчэй за ўсё, тут выявіўся мой асабісты вопыт і іканаграфічныя веды, набытыя пры аднаўленні Крыжа Еўфрасінні Полацкай.

Што да рàкі, спецыяльнай труны для захоўвання мошчаў Святой Еўфрасінні, то аднаўляць яе я пачаў у 2003 годзе. Як і на некаторыя папярэднія, на гэтую працу мяне благаславіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, а непасрэдна для аднаўлення старадаўняй рàкі спецыяльным распараджэннем Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі былі выдзелены грошы на набыццё 120 кілаграмаў серабра.

У адрозненне ад стаўратэкі, захаваліся асобныя здымкі з выявай ранейшай рàкі Еўфрасінні Полацкай. Каб перанесці мошчы прападобнай Еўфрасінні Полацкай з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Полацк, рàка ў выглядзе старажытнага візантыйскага саркафага была спецыяльна выраблена на ахвяраванні вернікаў у 1910 годзе ў Маскве паводле праекта мастака Паўла Зыкава. У пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя падчас разгорнутай у Расіі кампаніі па экспрапрыяцыі царкоўных каштоўнасцей яна была ўскрыта. Мошчы святой Еўфрасінні некаторы час дэманстраваліся на атэістычнай выстаўцы ў Маскве, а затым былі перавезены ў Віцебскі краязнаўчы музей, і толькі ў 1943 годзе іх вярнулі ў Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр. Аднак ужо без арыгінальнай рàкі, пра лёс якой, на жаль, нічога невядома па сённяшні дзень.

У час працы над аднаўленнем рàкі Еўфрасінні Полацкай, як і ў час любога творчага дзейства, не абыходзілася без пэўных нюансаў. Справа ў тым, што захаваліся фотавыявы толькі некаторых яе фрагментаў. Таму астатняе даводзілася ўзнаўляць паводле пісьмовага апісання. Напрыклад: «Рàка з кіпарысу, абліцована серабром 84-й пробы, вагой 8 пудоў. Уяўляе сабой старажытны саркафаг, на вуглах якога змешчаны калоны з пазалочанымі капітэлямі і базамі з аксідзіраванага срэбра… Верхні край рàкі ўпрыгожаны залатым чаканеным арнаментам і пакрыты рознакаляровай грэчаскай эмаллю, таксама і ў ніжняй частцы змешчаны залаты арнамент з эмаллю…». Вось так усё, здаецца, проста. І хоць апісанне надзвычай дакладнае, але якія тыя эмалі і што сабой уяўляюць зробленыя з іх выявы? І такіх загадак было шмат. Таму давялося яшчэ пакарпець і над многімі тэарэтычнымі асаблівасцямі аздаблення рàкі. Не буду утойваць, пасля адпаведных кансультацый з мастацтвазнаўцамі і царкоўным духавенствам, а таксама па аналогіі з іншымі пахавальнымі саркафагамі штосьці прыходзілася і дадумваць, але рабілася ўсё выключна ў адзіным стылі, не парушаючы агульнай мастацкай канцэпцыі.

У выніку на аднаўленне рàкі Еўфрасінні Полацкай было затрачана крыху больш за чатыры гады, і гэта пры актыўным садзейнічанні двух маладых памочнікаў – Андрэя Мазько і Аляксандра Андрайчука. 5 чэрвеня 2007 года ў Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Свята-Крыжаўзвіжанскім саборы Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку прайшла ўрачыстая цырымонія асвячэння адноўленай намі рàкі. Пра тое, наколькі важнае для праваслаўных вернікаў нашай краіны было і гэтае мерапрыемства, зрэшты, як і аднаўленне рàкі прападобнай Еўфрасінні Полацкай, сведчыць і той факт, што ў ім, акрамя высокага духавенства Беларускай праваслаўнай царквы, шматлікіх паломнікаў, прыняў удзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

…А з серабра, што засталося пасля аднаўлення рàкі, мною былі выраблены арыгінальныя падсвечнікі, якія цяпер аздабляюць месца спачыну прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Загадкавая «Ювелірыка»

Пасля ўсяго таго, што зрабіў Мікалай Кузьміч у справе аднаўлення страчаных беларускіх нацыянальных святыняў, ён мог бы яшчэ доўга спачываць на лаўрах. Аднак Мікалай Пятровіч – Мастак, і гэтым сказана многае, калі не ўсё. Развітвацца з металам і эмаллю ён не збіраецца, а наадварот, плённа развівае і ўдасканальвае гэты рэдкі від мастацкай творчасці. Так, напрыклад, адносна нядаўна ён узяў і перарабіў некалькі сваіх перагародчатых эмалей, якія былі ўстаноўлены ім жа на адноўленым па вобліку і падабенству старажытнага Крыжы прападобнай Еўфрасінні Полацкай: майстру не спадабалася тэхніка выканання першых выяў, ён проста іх удасканаліў. Адным словам, Мікалай Кузьміч па-ранейшаму працягвае радаваць прыхільнікаў сваёй творчасці адметнымі мастацкімі шэдэўрамі.

– Мне складана гаварыць пра сваё творчае мысленне. Яно ў мяне ўвесь час нейкае няўрымслівае і набывае акрэсленасць толькі ў час свайго непасрэднага ўвасаблення. Праўда, я, напэўна, саграшу, калі не адзначу, што ў частцы маіх твораў – загадзя спланаваныя і вынашаныя душой вобразы. Гэта, найперш, серыя работ, прысвечаных не чужому мне Полацку, а таксама «Беларуская Атлантыда», у якой я паспрабаваў з’яднаць вобразы і Еўфрасінні Полацкай, і Лазара Богшы, і некаторых іншых дзеячаў нашай нацыянальнай гісторыі. Як атрымалася, меркаваць не мне.

…Летась я адзначыў сваё 60-годдзе. Да гэтай даты была прымеркавана мая выстава пад вельмі сімвалічнай, як мне падказалі, назвай «Ювелірыка». Яна ў канцы мінулага – пачатку гэтага года праходзіла ў сталіцы, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, потым гасціла ў Баранавічах, у маі месяцы прадстаўляла сучаснае беларускае мастацтва на Днях культуры Беларусі ў Арменіі, а зусім нядаўна, у ліпені – жніўні, была прадстаўлена на суд маіх землякоў, брастаўчан.

Я паспрабаваў сабраць у «Ювелірыцы» ўсе свае лепшыя творы. Зноў жа, ацэньваць зробленае не буду. Хоць, прызнаюся шчыра, прыемна было чуць добрыя водгукі аб сваіх работах і на брэсцкай «прэм’еры» юбілейнай выставы, і затым падчас прыватных сустрэч з блізкімі да свету мастацтва людзьмі.

Калі ж хто хоча даведацца пра маё сучаснае творчае крэда, то яно, як мне здаецца, найбольш поўна, хоць і не без пэўнага налёту пафаснасці, перададзена ў адным з анонсаў, напісаных спецыяльна для прадстаўлення шырокаму колу прыхільнікаў мастацтва маёй «Ювелірыкі»: «Функцыянальнасць, мастацкая дакладнасць у перадачы вобразаў, кволасць і адмысловая, загадкавая прыгажость – усё гэта характэрна для твораў ювелірнага мастацтва, створаных Мікалаем Кузьмічом. У іх адлюстроўваецца многае – светапогляд, эстэтычнае крэда, адносіны да прыроды, да прыгожага і містычнага ў нашым жыцці. Ювелірныя работы мастака добра вядомы – у іх свой уласны стыль; майстар іграе на сугуччы і дысанансе, на відавочнай прастаце вобразаў і алагічнасці прыхаваных падтэкстаў, пластоў разумення. У наш час ювелірныя творы ўспрымаюцца як аб’екты, аўтарская пластыка. Гэта дазваляе з веданнем сучасных тэхнік і тэхналогій свабодна адносіцца да матэрыялу і выкарыстоўваць яго ў незвычайным кантэксце. У ювелірных распрацоўках М. Кузьміча шмат дэкаратыўных акцэнтаў, якія ўзмацняюць рытмічны малюнак усёй працы. Асноўны формаўтваральны элемент – плаўная і рваная лінія, кантраст колеру, нетрадыцыйнае спалучэнне розных матэрыялаў. Любая рэч, якая выходзіць з-пад рукі мастака, нараджае шэраг асацыяцый, аўтар пазбягае сляпога капіравання прыродных аб’ектаў. Майстар нібы ўключае гледача ў працэс стварэння твора, і гэта робіць яго ювелірныя фантазіі ўнікальнымі пластычнымі аб’ектамі».

І ўсё ж, як бы гэта ні сцвярджалі іншыя, я не прылічаю сябе да ювеліраў. Яны ж звычайна багатыя людзі, якія працуюць выключна з каштоўнымі матэрыяламі. У мяне ж – сціплая майстэрня, утрыманне якой, дарэчы, вымагае шмат сродкаў, зарабіць якія не заўсёды выпадае – тут існуе непасрэдная залежнасць ад жадання заказчыкаў і ад яго вялікасці выпадку. Да таго ж, гаворачы мовай афіцыйных дакументаў, я нават не мастак, а індывідуальны прадпрымальнік, які вымушаны займацца рознай там бухгалтэрыяй і не мець наёмных работнікаў…

Пра асабістае

Выслухаўшы на адным дыханні цікавы аповед Мікалая Кузьміча пра яго творчасць, захацелася даведацца і пра асабістае жыццё. І Мікалай Пятровіч, па-ранейшаму адкрыты і шчыры, ахвотна згадзіўся.

– Якія ў мяне захапленні?.. Люблю ездзіць на рыбалку. І абавязкова на некалькі дзён. Асабліва добра ў мяне ловіцца рыба на Полаччыне, на Дзвіне. У рыбгасы рыбаліць не езджу прынцыпова. Раней захапляўся паляваннем, зараз – не. Хіба толькі хаджу зрэдку ў цір. Некалі любіў праехацца з вецярком на аўтамабілі, цяпер мяне цалкам задавальняе язда ў межах правіл дарожнага руху на маёй «Аўдзі».

…Катэгарычна не люблю хуліганаў на дарозе. Заўсёды ў мяне выклікае ўнутраны пратэст мана і хамства.

…Сярод гастранамічных прыхільнасцей усё, што прыгатуе мая жонка. Але найперш люблю дранікі, з маладой бульбы, добра прапечаныя і якія я гатую сам.

…Аднавіўшы Крыж Еўфрасінні Полацкай, я грошай шмат не зарабіў. І не стаяла перада мной такая задача.

…Па пасведчанне аб прысваенні мне ў 1997 годзе бібліяграфічным цэнтрам Кембрыджскага ўніверсітэта, што ў Вялікабрытаніі, звання «Чалавек стагоддзя» я не ездзіў. Аргкамітэт слаў мне некалькі разоў запрашэнні, але патрэбны былі нейкія грошы ў якасці ўзносу, дый і на дарогу ў мяне сродкаў не знайшлося.

…Сваім лепшым памочнікам лічу жонку Таццяну. Яна і слушную параду дасць, і ў майстэрні прыбярэ. Разлічваю і на сына. Ён зараз займаецца на чацвёртым курсе Беларускай акадэміі мастацтваў. Праўда, на аддзяленні мастацкай керамікі – проста на аддзяленне мастацкай апрацоўкі металаў набор праводзіцца адзін раз у пяць гадоў, і каб не чакаць цэлых чатыры гады, Пётр падаўся на кераміку. Але хватка ў яго прадзедаўская, таму толк павінен быць.

…Што змянілася ў маім жыцці пасля аднаўлення мною Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай? Я ўжо зазначаў, што перагледзеў сваё стаўленне да некаторых грамадскіх з’яў і агульначалавечых працэсаў. У маім жыцці дадалося адказнасці і крыху славы. За асаблівыя заслугі мне было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Аднак слава – справа другарадная. Ёсць жа больш важныя, маральныя каштоўнасці, вось іх я асабліва і прытрымліваюся, што, дарэчы, заўсёды раю рабіць і ўсім іншым. Паспрабуйце, і вы са мною пагодзіцеся.

Сяргей ГАЛОЎКА

Сямейная ікона

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.