2010 Шаранговіч Руплівец нa ніве духоўнай спадчыны

Шаранговіч, Н. Руплівец нa ніве духоўнай спадчыны / Наталля Шаранговіч // Роднае слова. – 2010. — № 10. – С. 106 – 108.

РУПЛІВЕЦ HA НІВЕ ДУХОЎНАЙ СПАДЧЫНЫ

Жыццёвы шлях Мікалая Кузьміча не быў лёгкі і бестурботны. У дзяцінстве ён марыў вярнуцца на радзіму з невялікай расійскай вёскі, куды яго прывезлі з Беларусі бацькі. Мікалаю ішоў ужо 21-ы год, ён паспеў скончыць школу, набыць прафесію трактарыста, адслужыць у войску, калі нарэшце яму ўдалося прыехаць на радзіму. Спецыяльную адукацыю ён атрымаў таксама позна. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава па спецыяльнасці «Мастацкая апрацоўка металу» ўжо ў 32 гады. Займаўся ювелірнымі ўпрыгожаннямі, мастацкімі выставачнымі вырабамі з каштоўных камянёў і металаў. Паспяхова экспанаваў у Германіі металічныя аб’екты — ювелірна апрацаваныя пласціны, якія зачароўвалі гульнёй фактураў. Але лёс наканаваў яму заняцца рэчамі, якія сам Мікалай Кузьміч лічыць галоўнымі ў сваім жыцці.

«Ювелірнаму майстэрству мяне ніхто не вучыў. Ды і хто мог вучыць? Hi спецыялізаваных заводаў, ні прафесійных майстроў у Беларусі не было. Цікавасць дa ювелірнай справы з’явілася неяк сама сабой. А, магчыма, у душы «загаварыў» нейкі далёкі продак. Мо дзед, які быў кавалём? Я захапіўся тэхнікай эмалі, мне вельмі спадабаўся гэты матэрыял. Паспрабаваў, штосьці атрымалася, і пачаў працаваць. Не для таго, каб зарабіць грошы, у тыя часы пра гэта ніхто ўсур’ёз не задумваўся. У ювелірным майстэрстве я знайшоў самого сябе.

У Мінскім мастацкім вучылішчы атрымаў толькі базовую спецыяльную адукацыю. Пасля заканчэння мяне размеркавалі ў Брэсцкі мастацкі камбінат. I вось тут паўстала пытанне: чым займацца? Спачатку заняўся жывапісам. Удзельнічаў у 1983 г. у выставе “Фізкультура і спорт” з выявамі прыгожых паруснікаў. А праз некалькі гадоў, убачыўшы ювелірныя вырабы з эмаллю, “загарэўся” гэтай справай. Толькі пазней зразумеў розніцу паміж стаўленнем да прафесіі на Захадзе і ў нас. За мяжой працавалі навучальныя майстэрні, выдавалася спецыялізаваная літаратура, адкрываліся салоны і магазіны, была магчымасць працаваць з каштоўнымі металамі і камянямі. Мы ж выраблялі ўпрыгожанні з медзі, мельхіёру, бронзы. Займаліся не ювелірным мастацтвам, а мадэляваннем рэчаў. Памятаю, Леанід Касыгін з Адэсы, ён і сёння вядомы на Украіне мастак, расказваў, як яго катавалі ў сутарэнні, каб даведацца, ці працуе ён з золотом. Для мяне гэта было жудасна і дзіўна, бо сам у тыя часы з каштоўнымі металамі справы не меў. Ды i працаваць з гэтым «царскім» матэрыялам творцам у нашай краіне забаранялася.

У 1990-я некалькі разоў ездзіў на сімпозіумы ў Літву, Германію, Іспанію, удзельнічаў у выставе, якая адбылася ў французскім Ліможы. Там пазнаёміўся з такімі ж, як і я, апантанымі аматарамі. Было вельмі цікава. Адкрыў для сябе шмат новага і неспазнанага ў працы з эмаллю. У Беларусі мала хто цікавіўся гэтай тэхналогіяй. Тым больш самі эмалі былі вельмі дэфіцытнымі. Іх выпускаў адзіны наўвесь саюз Дулёўскі завод фарбаў. Я, напрыклад, меў некалькі плітак эмалі толькі трох колераў — белага, сіняга і зялёнага, а яшчэ кавалак смальты. З імі і эксперыментаваў. Якасць матэрыялаў была дрэннай. Праўда, наконт «сціплай» гамы я не вельмі перажываў, лічыў: чым менш колераў, тым багацейшыя адценні і складанейшая работа. Калі фарбаў шмат, іх трэба яшчэ давесці да гармоніі. Затое не было раней проблем з тэхнічнымі прыстасаваннямі — высокатэмпературнымі печкамі, а таксама таннай электраэнергіяй».

На жаль, у Беларусі ў ювелірным майстэрстве, у апрацоўцы каштоўных камянёў страчана пераемнасць традыцый. Тым не менш апантаныя ювелірнай справай ёсць, але пералічыць мастакоў-ювеліраў можна па пальцах. Большасць жа ад працы з каштоўнымі металамі адштурхоўвае вялікая адказнасць.

«Каб займацца мастацтвам, трэба мець моцны ўнутраны стрыжань, смеласць ісці сваёй дарогай, прагу да ведаў у любым узросце. Я вучуся ў нашых продкаў. У мінулым годзе наведваў Палату каштоўнасцей Кіева-Пячэрскай лаўры. Бачыў там унікальнае скіфскае золата, ювелірныя вырабы ад VI да XX cт. У нас такой скарбніцы няма. Усё разышлося… Дзе калекцыя Радзівілаў, дзе аўтэнтычны Крыж Ефрасінні Полацкай? Зусім мала аддаецца ўвагі ў музейных экспазіцыях творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нашы продкі стваралі дзівосныя рэчы. Ніякі камп’ютар не паўторыць вытанчанасць выканання, напрыклад, украінскіх піктаралей. Трэба мець чыстую душу, маліцца свайму Богу, быць вельмі шчырым, цярплівым, руплівым, любіць свае рамяство, каб стаць сапраўдным майстрам. А сёння усе імкнуцца да імгненнага выніку і грошовых выгод.

Я імкнуўся заўжды быць шчырым. Працаваў па натхненні. Выпісваў маскоўскія мастацкія часопісы, але інфармацыя na ювелірным майстэрстве давалася абмежавана. Таму ішоў самастойна шляхам спроб і памылак. Я часта згадваю свайго аднакурсніка ў вучылішчы — Фёдора Кашкурэвіча. Ён быў не проста вельмі адукаваны, ён сягаў у сваіх мастацкіх памкненнях і фантазіях намного далей за нас. Памятаю, мы выконвалі заданне па кампазіцыі ў матэрыяле. Я зрабіў нейкае звычайнае ювелірнае ўпрыгожанне. А вось Фёдор знайшоў нечаканы і арыгінальны ход, прадставіў аб’ект у форме закручанай антычнай спіралі. У той час я ніяк не мог зразумець, адкуль у хлопца такі высокі ўзровень творчага мыслення? Сёння ведаю: гэта ішло ад яго сям’і, ад вялікіх стартавых магчымасцей, даступнасці разнастайнай інфармацыі, далучанасці да вытокаў нацыянальнай спадчыны. Невыпадкова i сёння Фёдор займаецца арыгінальнымі пошукамі, аднаўляе майстэрства вырабу дудаў. Мне ж усё давялося спазнаваць самому ўжо ў сталым узросце».

Кожны твор, зроблены Мікалаем Кузьмічом, не толькі сведчанне вялікага ювелірнага майстэрства. Гэта праца па вывучэнні гісторыі, матэрыялаў, тэхналогіі, спосабаў вырабу рэчы. Асабліва нялёгка давялося мастаку падчас працы над Крыжам Ефрасінні Полацкай.

Полацкі крыж — галоўны твор майстра Лазара Богшы і яго арцелі. А таксама і кульмінацыя майстэрства візантыйскай і старажытна-рускай школы перагародчатай эмалі. Створаны крыж быў у 1161 г. Пасля рэвалюцыі захоўваўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адтуль у 1941 г. знік. Гісторыя яго далейшага знаходжання вельмі цьмяная.

Дзіўна, але крыж за гады існавання так і не паспелі дакладна вывучыць. Не захавалася ні яго падрабязнага апісання, ні аналізу даследчыкаў XIX–XX стст. Сфатаграфаваны цалкам ён быў выпадкова ў 1896 г. Крохкія шкляныя фотапласціны, таксама нікім не заўважаныя, адшукаў у Ленінградскім архіве ў 1954 г. наш зямляк археолаг Леанід Аляксееў. Ён выдаў першую сур’ёзную працу, дзе апісаў дробныя дэталі гэтага шэдэўра старажытнага беларускага мастацтва. Калі Беларусь стала самастойнай дзяржавай, ідэя аднаўлення крыжа паступова стала здзяйсняцца.

Першапачаткова інтэлігенцыя краіны задумала аднавіць яго як сімвал духоўнага адраджэння беларускага народа. У 1992 г. прагучала імя мастака — брастчаніна Мікалая Кузьміча. Праз пэўны час да ідэі аднаўлення крыжа падключылася Беларуская праваслаўная царква. А мітрапаліт Філарэт блаславіў мастака.

Праца заняла ў Кузьміча больш за пяць гадоў. Усё пачалося з таго, што мітрапаліт Філарэт з уласных запасаў перадаў мастаку восенню 1994 г. 17 залатых манет з выяваю Мікалая II. Іх хапіла на першы крок — зрабіць пласцінкі-латкі для выяў Збавіцеля, Божай Маці і Іаана Прадцечы, верхняе перакрыжаванне і квадратны крыжык. Праз год ужо кіраўніцтва краіны выдзеліла асноўны неабходны для працы аб’ём золата. Акрамя таго, простыя людзі ахвяравалі ювелірныя вырабы.

Вялікую каштоўнасць уяўлялі прывезеныя ўладыкам Філарэтам і Мікалаем Кузьмічом з Іерусаліма часцінкі камянёў ад Труны Гасподняй, Труны Прасвятой Багародзіцы, Дрэва Крыжа Збавіцеля, мошчаў многіх святых.

«Лічу сябе памочнікам, вучнем Лазара Богшы. Аднак гэта не значыць, што мае творы — рамесныя. Каб брацца за крыж і стаўратэку, трэба было засвоіць тэхніку старажытнай візантыйскай перагародчатай эмалі, якая была страчана ў XII cт. Бачыць Бог, мне гэта ўдалося зрабіць — царква прызнала той радасны факт, што я аднавіў Крыж Ефрасінні Полацкай і стаўратэку да яго. Аднавіў — гэта значыць стварыў ізноў.

Самым важным этапам творчага асэнсавання стала аднаўленне майстэрства старажытна візантыйскай эмалі. Ішоў 1993 год, калі я пачаў займацца крыжам, скончыў яго толькі ў 1997-м. Выдатна, што заказчыкам была царква. Дзякуй уладыку Філарэту, які меў вялікі такт i цярпенне вытрымаць гэтае выпрабаванне i дапамог мне стаць майстрам. Памятаю, яшчэ на пачатку працы некаторыя сумняваліся: «Дык што гэта будзе за крыж?» А ўладыка адказваў: «Хто ж ведае? Вось зробіць Мікалай Пятровіч, тады і ўбачым». Ён мяне вельмі падтрымліваў.

Калі працую над вобразамі святых у тэхніцы эмалі, не капірую існуючыя ўзоры. Паўтарыць іх немагчыма, бо першакрыніц захавалася вельмі мала. Я толькі адштурхоўваюся ад вядомых аналагаў, прапускаючы іх праз уласнае ўяўленне, прытрымліваюся неабходнай кананічнасці сюжэтаў. У самой эмальернай тэхніцы закладзены прынцып тэхналагічнай непрадказальнасці. Аднак пры гэтым малюнак павінен быць востры, акадэмічны, але не сухі, пластыка вытанчаная, амаль пачуццёвая, колер складаны, глыбокі, яркі. Неабходна знайсці суадносіны фігуры з памерамі пласціны, угадаць таўшчыню перагародкі».

Аднавіць сакрэт вырабу эмалей было сапраўды вельмі складана. Мікалаю Кузьмічу давялося чытаць спецыяльную літаратуру, з’ездзіць у Санкт-Пецярбург да спецыялістаў-даследчыкаў візантыйскага мастацтва, вывучаць экспанаты маскоўскіх музеяў. Да фотаархіваў і здымкаў крыжа дапамог дабрацца пісьменнік Мікалай Мікалаеў, а зразумець сакрэты вырабу візантыйскіх эмалей у музейных зборах з лупаю ў руках — доктар мастацтвазнаўства Таццяна Макарава.

А пасля некалькі месяцаў мастак сам спрабаваў зрабіць выявы, якія па велічыні не перавышаюць аднаго сантыметра. Таямніца вырабу візантыйскіх эмалей знікла амаль 800 гадоў таму. I ніхто не мог яе разгадаць. Трэба было асвоіць інструменты XII ст., давялося самому прайсці ўвесь шлях набыцця майстэрства: навучыцца рабіць нітку з кавалачка золата, раскатанага да таўшчыні фольгі і нарэзанага пласцінкамі па паўтара міліметра, тонкую да празрыстасці, але абавязкова высокую. Складаным аказалася «абвядзенне» адной неперарванай ніткай фігуры, пралічванне даўжыні, прапорцыі, праца пінцэтам. Навучыцца правільна абпальваць закладзеныя ў атачэнні залатых нітак эмалі, пасля зразаць іх па вышыні не больш за 0,8 міліметра — іначай не будзе неабходнага эфекту або эмалі пачнуць крышыцца… Гэта не сучасныя тэхналогіі, якія абязлічваюць, стандартызуюць любыя ювелірныя вырабы.

Стварэнне ракі Ефрасінні Полацкай таксама запатрабавала ад Мікалая Кузьміча вялікіх намаганняў. I ў першую чаргу — духоўных. Ефрасіння Полацкая памерла ў час паломніцтва ў Святую Зямлю і была пахавана там жа. Вынеслі яе мошчы з горада хрысціяне, якім у аблогу туркамі Іерусаліма дазволілі пакінуць горад і забраць тое, што змогуць панесці ў руках. Праваслаўныя манахі вынеслі мошчы святой і перадалі іх Кіева-Пячэрскай лаўры. У Полацк мошчы вярнуліся ў 1910 г.

Спецыяльна для перавозу мошчаў і была ў той час створана рака ў форме старажытнагрэчаскага саркафага, або каўчэга. Зроблена рака была з кіпарысавага дрэва, зверху яе абліцавалі высакапробным срэбрам і золатам, упрыгожылі каштоўнымі камянямі і рознакаляровай глазурай. Важыла яна 8 пудоў. Такія звесткі захаваліся ў архіўных дакументах.

На жаль, цудоўны выраб быў знішчаны ў 1922 г.: папярэдне з ракі дасталі каштоўныя камяні, а садраныя пласціны срэбра і золата пайшлі на пераплаўку. Дзеля таго каб аднавіць святыню, дзяржава павінна была выдаткаваць Беларускай праваслаўнай царкве і майстру Мікалаю Кузьмічу 120 кілаграмаў высакапробнага срэбра. Новая рака зроблена з клёну, зверху яе закрывав чаканка таўшчынёй 0,6 міліметра. Што датычыць глазураў, якімі будзе таксама ўпрыгожана рака, то іх, як i для Крыжа Ефрасінні Полацкай, давялося купляць у Германіі.

Да нашага часу дайшлі толькі тры фотаздымкі ракі Ефрасінні Полацкай: агульны выгляд, века (верхняя частка) з выявай святой у поўны рост i выгляд пярэдняй бакавой сценкі. Таму сучасная рака аб’ектыўна не можа быць копіяй ранейшай, але мастак імкнецца як мага дакладней паўтарыць фотаздымкі. Астатнія малюнкі прыдумвае сам. Рака будзе закончана наступным летам. Мікалай Кузьміч лічыць, што за час працы над хрысціянскімі святынямі ўзбагаціўся — не грашыма, а благадаццю. «Па заслугах нашых яна даецца».

«Часам у мяне ўзнікае жаданне адкрыць сваю школу. Каб набытае майстэрства вырабу старажытнавізантыйскай перагародчатай эмалі не знікла. Гэта быў бы выдатны штуршок для развіцця эмальернага і ўвогуле ювелірнага мастацтва на Беларусі. Але такая школа можа быць толькі ў сталіцы, дзе ёсць моцнае культурное асяроддзе, зацікаўленая моладзь, якая вучыцца ці скончыла нашу Акадэмію мастацтваў. Да таго, як быў адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай, многія творцы ўвасаблялі яго вобраз у жывапісных, графічных творах. Але ўсур’ёз пра крыж як пра ўнікальны твор мастацтва загаварылі толькі пасля таго, як з’явілася яго матэрыяльнае ўвасабленне. Нядаўна ў Беларусі знайшлі эмаль з выявай святога Матфея номерам з двухкопеечную манету. Усё гэта даказвае, што наша спадчына яшчэ мала вывучана. Не хапае яе папулярызацыі, інтарэсу і падтрымкі дзяржавы, што заахвоціла б мастакоў да творчых эксперыментаў з эмалевымі вырабамі.

У Беларусі не праводзяцца ювелірныя выставы, мы неўпісваемся ў сучасныя інфармацыйныя адносіны з сусветнай прасторай. Для напрацоўкі ювелірнага майстэрства неабходны рэгулярныя заказы як у краіне, так і за яе межами Для стварэння адзінкавых аўтарскіх майстэрняў патрэбна заканадаўчая база, прафесійная адукацыя і наяўнасць сучаснай лабараторыі высокіх тэхналогій. Бо адна справа, калі ты аматар, а зусім іншае, калі ты майстар высокого ўзроўню, які дасканала валодае малюнкам, кампазіцыяй, умее працаваць з лазерам, ведае асаблівасці апрацоўкі золата, плаціны, каштоўных камянёў. Усё гэта патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў. Неабходны прыватныя інвестыцыі пад асобныя праекты. Але ў маштабе краіны проблему можа рашыць толькі ўзнікненне Палаты каштоўнасцей пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе былі б аб’яднаныя найлепшыя прафесіяналы краіны для адраджэння эмальернага майстэрства і стварэння брэнда Беларусі ў галіне ювелірнага мастацтва. Мы б занатавалі гісторыю краіны не толькі ў бронзе і бетоне, але і ў каштоўным матэрыяле».

Наталля Шаранговіч

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.