2010 Мельнік, Р. Іван Мароз

Мельнік, Р. Іван Мароз: «Я заўсёды жыву праблемамі вёскі» / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. – 2010. – 24 лютага. – С. 2.

Іван Мароз:

«Я заўсёды жыву праблемамі вёскі»

Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Кобрынаграмаш» Іван Паўлавіч Мароз валодае дарам таленавітага кіраўніка, выдатнага псіхолага. У доказ гэтаму можна прывесці яркі прыклад. Яго асабістыя бізнэс-стасункі, якія былі наладжаны з адміністрацыяй Мінскага трактарнага завода яшчэ ў 1987 годзе, і да сённяшніх дзён не страчваюць сваёй актуальнасці і надзейнасці. На тэрыторыі прадпрыемства не першы год дзейнічае дылерскі цэнтр Мінскага трактарнага завода, які рэалізуе ўсе мадэлі сваіх трактароў. Тут таксама ажыццяўляецца перадпрадажнае, гарантыйнае і постгарантыйнае іх абслугоўванне. Гэты важны крок забяспечыў упэўненасць у заўтрашнім дні, рэнтабельнае функцыяніраванне прадпрыемства.Іван Мароз кантакціруе ў тым ліку і з усімі кіраўнікамі сельгасарганізацый Брэстчыны, прадстаўнікамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і іншымі аднадумцамі, якія робяць важкі ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай праграмы па адраджэнні і развіцці вёскі.

Яшчэ не ведаючы пра будучыя фінансавыя перыпетыі ў свеце, у ААТ «Кобрынаграмаш» быў адкрыты новы цэх металаапрацоўкі па вытворчасці запасных частак і вузлоў да трактароў «Беларус». Дзякуючы ўкладзеным у развіццё вытворчасці інвестыцыям у памеры 300 млн. рублёў уладкаваны дзве высокатэхналагічныя імпартныя вытворчыя лініі па выпуску больш як 200 найменняў электрычных ізаляваных правадоў, жгутоў для айчынных аўтатрактароў, якія адпавядаюць патрабаванням сістэмы мененджменту якасці СТБ ІСО 9001- 2001. Гэты від прадукцыі ўжо заваяваў аўтарытэт сярод такіх прамысловых гігантаў, як «МТЗ», «Гомсельмаш», «Амкадор». Прадукцыю «Кобрынаграмаша» ахвотна набываюць замежныя спажыўцы — з Расіі, Казахстана, Украіны, Балгарыі, Францыі. Яшчэ адна з асноўных функцый прадпрыемства на сучасным этапе — вытворча-тэхнічнае абслугоўванне суб’ектаў аграпрамысловага комплексу.

Так распарадзіўся лёс, што дзейнасць Івана Мароза была заўсёды звязана з аграрнай сферай. Ён нарадзіўся ў сям’і звычайных сялян у маленькай вёсцы Свішчы Жабінкаўскага раёна. Бацькі з ранку і да вечара працавалі на зямлі, і Ваня заўсёды браў з іх прыклад, дапамагаў у справах. Пасля заканчэння сямігадовай школы паступіў у Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Маладым спецыялістам па размеркаванні быў накіраваны на работу на Кобрынскі аўтарамонтны завод, дзе паступова прайшоў усе прафесіянальныя прыступкі — ад майстра да намесніка дырэктара на вытворчасці. У 1986-м Іван заканчвае Беларускую політэхнічную акадэмію і быў назначаны на пасаду кіраўніка Кобрынскай сельгастэхнікі (цяпер ААТ «Кобрынаграмаш»).

Нават у самыя складаныя часы кіраўнік ААТ «Кобрынаграмаш» даражыў кожным здольным спецыялістам і не толькі не дапусціў масавых звальненняў, але і ствараў новыя рабочыя месцы. На прадпрыемстве існуе комплексная сацыяльная падтрымка для рабочых — сістэма матэрыяльнага заахвочвання, ільготнае медыцынскае абслугоўванне, рэгулярна праводзяцца культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, папаўняюцца рады пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ», на трывалай эканамічнай аснове арганізавана работа з людзьмі.

Як сцвярджае іван Паўлавіч, першарадная задача яго як кіраўніка ў Год якасці — не толькі забяспечыць высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, але і павялічыць узровень заработнай платы — галоўны крытэрый эканамічнай стабільнасці любога прадпрыемства.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.