2006 Кузьміч Каўчэг Еўфрасінні

Кузьміч, М. Каўчэг Еўфрасінні / [Мікалай Кузьміч ; гутарыла] Наталля Русак // Народная трыбуна. — 2006. – 6 студзеня. – С. 3.

Гутарка з М. Кузьмічам, старшынёй абласнога аддзялення Грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў».

Каўчэг Еўфрасінні

…Спецыяльную адукацыю Мікалай Кузьміч атрымаў даволі позна. Калі ён скончыў дзённае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава па спецыяльнасці «мастацкая апрацоўка металу», яму ўжо было 32 гады, што па агульнапрынятых мерках здавалася крокам не зусім практычным і ў чымсьці дзіўным. Але менавіта Кузьмічу выпала адраджаць нацыянальную святыню крыж Еўфрасінні Полацкай. Затым Мікалай Пятровіч зрабіў стаўратэку, ці сховішча, да гэтага крыжа. А зараз працуе над стварэннем аналага ракі Прападобнай Еўфрасінні, у якой труна з яе мошчамі была перавезена з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Полацк і ў якой да пэўнага часу захоўваліся.

Як паведамлялася ўжо ў прэсе, Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб выдаткаванні на аднаўленне ракі беларускай святой 120 кілаграмаў высакапробнага срэбра.

Шырока вядома, што зямное жыццё полацкай князёўны Прадславы – у манастве Еўфрасінні — скончылася пасля яе паломніцтва ў святую зямлю. Тут, у Іерусаліме, Еўфрасіння Полацкая і была пахавана. I ўсё ж, пасля смерці ёй было наканавана вярнуцца на радзіму. Падчас аблогі Іерусаліма туркамі, хрысціянам за выкуп было дазволена пакінуць святы горад, забраўшы з сабой тое, што можна было панесці. Тады праваслаўныя манахі і вынеслі з Іерусаліма мошчы святой, якія потым захоўваліся ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Вяртанне святых мошчаў Прападобнай Еўфрасінні ў Полацк адбылося ў 1910 годзе, чаму папярэднічала шырокая дыскусія ў грамадстве і ў праваслаўных колах. На ўсім шляху следавання святых мошчаў падзею гэтую віталі тысячы вернікаў. Рабіліся прыпынкі, каб як мага больш людзей мела магчымасць пакланіцца святыні.

Спецыяльна для гэтага перавозу мошчаў і была створана рака ў форме старажытнага саркафага, ці каўчэга. Як сведчаць архіўныя дакументы, выканана яна ў візантыйскім стылі маскоўскім фабрыкантам Мешкавым па праекце і дэталёвых чарцяжах П. А. Зыкава.

Рака пачатку XX стагоддзя была зроблена з кіпарысавага дрэва, абліцавана высакапробным срэбрам і золатам, упрыгожана каштоўнымі камянямі і рознакаляровай глазурай. Вагу яна мела — 8 пудоў. На жаль, у 1922 годзе, ужо пры іншых абставінах, рака была разбурана. 3 яе дасталі каштоўныя камяні, каштоўныя металы пайшлі на пераплаўку.

…Трапіць у памяшканне, дзе ідзе работа па адраджэнні такога твора, хвалююча ўжо само па сабе. Да таго ж, як высветлілася, ніводзін журналіст гэтай працы яшчэ не бачыў. А з другога боку гэта быў проста адзін з момантаў работы мастака над сваім творам. Мікалай Пятровіч паказаў мне зробленую з клёну раку, на веку, якое закрывав яе, чаканка па срэбры таўшчынёй ў 0,6 міліметра. Расказаў мастак і аб тым, што каштоўны метал быў перададзены ў злітках. Прамысловай тэхналогіі вырабу з яго пласцін быў перададзены у злітках. Прамысловай тэхналогіі вырабу з яго пластін у нас пакуль няма, але зліткі раскаталі да патрэбнага тонкага слою спецыялісты Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук.

У майстэрні Мікалая Кузьміча можна ўбачыць і іншыя вельмі прыгожыя фрагменты аздобы ракі. Не так даўно, з блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі Філарэта мастак разам з настаяцелем Дома міласэрнасці ў Мінску айцом Фёдарам Поўным і епархіяльным сакратаром Мікалаем Коржычам ездзілі ў Германію, дзе набылі матэрыял найлепшай якасці для ўпрыгожвання ракі глазурай.

Сучасная рака — не гранічна дакладная копія створанай у пачатку мінулага стагоддзя, але, наколькі гэта магчыма, паўтарае яе. Да нашых часоў дайшлі тры фотаздымкі таго саркафага Еўфрасінні Полацкай – агульны выгляд, века з выявай святой ў поўны рост і выгляд пярадняй бакавой сценкі. Астатняе ствараецца Мікалаем Кузьмічам па апісанні.

Выява на веку старадаўняга саркафага — па сутнасці ікона. Прападобная Ігумення Полацкая была адлюстравана на ім у час пахавання, з закрытымі вачыма. 3 дапамогай жывапісу майстры перадалі твар і рукі святой. Астатняе — чаканка па метале. Німб вакол галавы Еўфрасінні ўпрыгожвалі каштоўныя камяні.

На маю рэпліку, што такую работу маглі прапанаваць толькі лепшаму майстру, ці, ва ўсякім разе, аднаму з лепшых, Мікалай Кузьміч адказвае, што не хацеў бы нікога ні з кім параўноўваць.

Мікалай Пятровіч, праца над якім з твораў — крыжом Еўфрасінні Полацкай, стаўратэкай ці ракай больш складаная? У чым своеасаблівасць работы над ракай?

— Самы складаны, безумоўна, крыж. Гэта была першая работа, і яна патрабавала паўтарэння старадаўняй візантыйскай тэхнікі. А рака была ўжо зроблена тэхналогіямі, блізкімі да сучасных. Але і тут, безумоўна, былі свае складанасці пры распрацоўцы эскізаў — гэта ўсё-такі вялікая адказнасць. Дый сама праца з каштоўнымі металамі патрабуе скрупулёзнага ўліку кожнага міліграма, штодзённых запісаў-справаздач.

— Людзям, якім выпадае такая місія, іншым разам даецца і дар прадбачання. Як, па вашым адчуванні, ці вернецца да нас калі-небудзь аўтэнтычны крыж Еўфрасінні Полацкай?

— Калі і вернецца, дык толькі яго абалонка, ён можа вярнуцца толькі як гістарычная каштоўнасць. Бо, на вялікі жаль, тое, дзеля чаго ў першую чаргу крыж ствараўся, было разбурана яшчэ раней, чым згубіўся крыж.

Наколькі ўжо выканана работа над ракай Еўфрасінні Полацкай?

— Асноўная i самая складаная яе частка — распрацоўка эскізаў, ужо зроблена. У значнай ступені выкананы і дэталі ракі. Засталася іх зборка і ўпрыгожванне саркафага.

Які ж канчатковы выгляд будзе мець наноў зроблены Еўфрасіннін каўчэг?

— Гэта будзе цудоўны твор, паверце!

…Завяршыць работу над ракай Еўфрасінні Полацкай Мікалай Кузьміч мяркуе да лета, да 5 чэрвеня, калі святкуецца дзень нараджэння нябеснай заступніцы Беларусі

Наталля РУСАК.

Мінск-Брэст-Мінск.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.