1998 Сацук, А. Каб стала ніва ўраджайнай

Сацук, А. Каб стала ніва ўраджайнай / А. Сацук // Кобрынскі веснік. – 1998. – 22 красавіка.

Дырэктар саўгаса «Арэхаўскі» В. М. Мігіц – аб добрай арганізацыі веснавых палявых работ.

Каб стала ніва ўраджайнай

Мінулы год не вельмі парадаваў земляробаў саўгаса «Арэхаўскі»ураджаем. З кожнага гектара сабралі ўсяго па 22 цэнтнеры збожжа. Не ўрадзілі бульба і буракі. Магчыма, крыху вінавата надвор’е, нешта ўпусцілі і самі працаўнікі палёў. Таму сёлета ў гаспадарцы прынялі ўсе меры да таго, каб саўгасная ніва стала ўраджайнай. Зрабілі дакладны аналіз работы ў раслінаводстве, выявілі канкрэтныя недахопы і прычыны недабору ўраджаю, шляхі іх устаранення. Узялі на ўзбраенне рэкамендацыі вучоных. Адным словам, карэнным чынам перагледзелі адносіны людзей да раслінаводчай галіны. Такі падыход ужо цяпер дае добрыя вынікі.

У сціслыя тэрміны, пры строгім захаванні тэхналогіі механізатары закончылі сяўбу яравых збожжавых. Пасеяна 350 гектараў ячменю, 220 — аўса, 170 — зернебабовых, засталося пасеяць 50 гектараў грэчкі. Укаранілі ў севазварот і такую высокаэфектыўную культуру, як яравая пшаніца. Яе пасеяна 25 гектараў. Каб забяспечыць высокую якасць пасяўных работ, выкарыстоўвалі набытую сёлета сучасную сеялку СПУ-6. З гэтым агрэгатам працавалі вопытныя механізатары I. М. Жук і А. М. Дзенісюк.

Дагледжаны ў гаспадарцы як след і азімыя. На 150 гектарах мінеральнай глебы яны падкормлены. Каб атрымаць ад прымянення мінеральных тукаў высокую аддачу, для дакладнага ўнясення іх прымянілі спісаную збожжавую сеялку. Гэту работу старанна выконваў малады механізатар Аляксандр Брыштэн. Закончана таксама падкормка шматгадовых траў. Унесены мінеральныя тукі і на 1300 гектарах сенажацей і пашы.

Механізатары закончылі падрыхтоўку глебы пад цукровыя буракі, якімі будзе занята 70 гектараў, на 60 — плануюць пасеяць кармавыя караняплоды. Вядуцца работы і на бульбяных плантацыях. Яшчэ загадзя на гэтых плошчах механізатар I. М. Цецярук, які спецыялізуецца на вырошчванні бульбы, нарэзаў грэбні. Цяпер ён выехаў у поле з саджалкай і пасадзіў ужо 10 гектараў. Каб павялічыць ураджайнасць бульбы, саўгас закупіў сёлета ў калгасе імя Мічурына 10 тон элітнага насення клубняў сорту «Сантэ».

Старанна працуе механізаванае звяно па ўнясенню арганікі. У гэтыя дні механізатары запраўляюць кампостамі пасяўныя плошчы пад кукурузу.

— Добрая арганізацыя веснавых палявых работ дазволіла нам паспяхова адсеяцца. Людзі працуюць поўны светлавы дзень. На поле дастаўляем гарачыя абеды. Распрацавалі і прымяняем на практыцы новыя расцэнкі па аплаце працы на сяўбе, а таксама ўмовы спаборніцтва механізатараў. Пастаянна кантралюем і якасць выкананых работ, — расказвае дырэктар саўгаса В. М. Мігіц.

Адным словам. на палях гаспадаркі ідзе напружаная барацьба за будучы ўраджай. I хочацца спадзявацца, што яна прынясе добрыя вынікі, парадуе земляробаў важкім коласам.

А. САЦУК.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.