1990 Уладатрымальнікі

Мартынаў, А. Уладатрымальнікі / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1990. – 27 сакавіка. – С. 2-3.

УЛАДАТРЫМАЛЬНІКІ

Аўтар паставіў перад сабой мэту прасачыць на працягу шматгадовай гісторыі Кобрына, якія формы ўлады функцыяніравалі ў розныя перыяды яго існавання. Гэтае пытанне да сённяшняга дня не даследавана і, думаецца, уяўляе інтарэс для кожнага, хто неабыянавы да свайго мину­лага.

Спачатку неабходна растлумачыць тапаграфію нашага старажытнага адміністрацыйнага цэнтра, якім быў да свай­го поўнага знікнення ў пачатку мінулага стагоддзя кобрынскі замак.

Яшчэ ў даваенныя га­ды ў размовах кобрынскіх старажылаў, якія праходзі-лі па Пінскай (Першамайскай) вуліцы выкарыстоўваўся выраз: «Пойдзем праз замак». Пасля гэтых слоў субяседнікі паварочвалі ў тупіковы праход ля кінатэатра. Здавалася б, даўным-даўно не засталося ніякіх слядоў старога замка, а вось бачыце, як укаранілася гэта назва…

Для таго каб наглядна ўявіць сабе яго месцазнаходжанне, нашаму сучас- ніку неабходна адмовіцца ад некаторых прывычных паняццяў, якія глыбока ўкараніліся ў памяці. Перш за ўсё трэба забыць аб існаванні цяперашняй вуліцы Леніна (раней Бабруйскай), узнікненне якой адносіцца да саракавых гадоў мінулага стагоддзя і выклікана пракладкай праз цэнтр горада ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы. Між іншым трэба заўважыць, што ўцалелыя да таго ча­су рэшткі «Замкавай гары» былі выкарыстаны для шашэйных работ, якія вяліся воінскай сапёрнай камандай.

Паўночную частку замкавай тэрыторыі абрамляла цячэнне Мухаўца, ус- ходнюю — паўнаводная некалі рэчка Кобрынка. 3 поўдня рубяжом служыў другі рукаў Кобрынкі, які адыходзіў ад асноўнага рэчышча і працякаў цераз Замкавую плошчу і невялікі скверык з помнікам 1812 года. Гэтая прытока ўпадала ў Мухавец за Спаскім манастыром, утвараючы такім чынам невялікі востраў. Прытока была засыпана ў самым пачатку «бягучага стагоддзя па іні- цыядаве тагачаснага спраўніка Лукіна. Да ўзнікнення Бабруйскай вуліцы зносіны з зарэчнай част­кай горада праходзілі па Базіліянскай вуліцы (цяпер 17 Верасня).

Размешчаныя на паўночна-заходнім рубяжы Рускай дзяржавы, землі Кобрыншчыны падвяргаліся частым нападам суседняга ваяўнічага племені ятвягаў. Зручнае ў абарончых адносінах становішча рыбацкага пасёлка на востраве, утвораным дэльтай Кобрынкі, прыцягнула ўвагу аднаго з патомкаў кіеўскіх князёў і прымусіла закласці тут умацаванне, якое з цягам часу стала замкам, абнесеным валамі і драўляна-каменнымі сценамі з вежамі. Потым у замку заснаваўся пастаянна воінскі гарнізон Галіцка-Валынскага княства, у склад якога Кобрын уваходзіў да 1340 года, калі быў захоплены Вялікім княствам Літоўскім.

Пры наступным раздзеле новых уладанняў паміж сынамі вялікага князя Гедыміна Кобрын, Брэст, Камянец спачатку дасталіся Кейстуту, затым перайшлі да яго брата Ольгерда. У далейшым Кобрыншчына аказалася ва ўладанні сына Ольгерда Фёдара Ратненскага.

Аднак раздзелы на гэтым не закончыліся, і каля 1404 года выдзелілася асобнае ўдзельнае Кобрынскае княства. Яно было самастойнай адміністра-цыйна-судовай адзінкай, якая знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Вялі-кага княства Літоўскага. У склад новага ўдзельнага княства ўвайшлі Кобрын-ская і Прушанская (Пружанская) воласці, а першым князем стаў Раман Фёдаравіч.

У канцы XV стагоддзя пасля смерці бяздзетнага князя Івана Сямёнавіча княства перайшло да яго сястры Ганны Сямёнаўны Бельскай. Калі яна памер-ла, княства было ліквідавана і ў выглядзе каралеўскай эканоміі аддадзена на пажыццёвае ўладанне другому мужу Ганны — маршалу Касцевічу. Да гэтага часу адносіцца важная падзея ў жыцці горада, які атрымаў гарадское самакі-раванне, — «магдэбургскае права».

У далейшым у сярэдзіне XVII і пачатку XVIII стагоддзяў над Кобрын-шчынай пранесліся знішчальныя войны, якія ўшчэнт разарылі насельніцтва эканоміі, у выніку чаго рашэннем сейма ў 1766 годзе г. Кобрын і многія іншыя гарады былі пазбаўлены самакіравання і даведзены да рангу залежнай гаспадарчай адзінкі — Кобрынскага Ключа. Сімвалізавалася гэта падзенне закладкай на поўдзень ад горада новага цэнтра — маёнтка Губернія, куды перайшло з замка кіраванне Ключом.

Пасля ўз’яднання з Расіяй у 1795 годзе адміністрацыйныя функцыі горада аднаўляюцца. Спярша ён становіцца павятовым горадам Слонімскага намес-ніцтва, якое ў 1797 годзе было перайменавана ў Літоўскую губерню. 3 1802 года горад уваходзіць у новую Гродзенскую губерню, у складзе якой знахо-дзіўся да яе ліквідацыі ў 1918 годзе.

Заслугоўвае ўвагі запіс у дакуменце пачатку XIX стагоддзя аб існаванні ў нас гарадской ратушы, якую ўзначальваў «прэзідэнт горада». Потым гэтае прэстыжнае званне было заменена агульнай для ўсёй імперыі выбарнай паса-дай гараднічага, які ўзначальваў павятовўю адміністрацыю, У яго паўнамоц-твы ўваходзіла назіранне за добраўпарадкаваннем, бяспекай, санітарным станам, дабрачыннасцю, народнай адукацыяй, прадуктовым забеспячэннем, пажарнай справай і вяршэннем малаважных судовых спраў.

Паколькі цэнтр скасаванага Кобрынскага Ключа — маёнтак Губернія пасля смерці A. В. Суворава ў 1800 годзе стаў мяняць уладальнікаў, канцы-лярыя гараднічага зноў заняла прывычнае месца ў замку. Пасада гараднічага была ліквідавана ў 1862 годзе, пасля чаго некаторыя з яго паўнамоцтваў былі перададзены начальніку павятовай паліцыі, спраўніку, які прызначаўся губернатарам.

У 1870 г. была праведзена гарадская рэформа. У адпаведнасці з ёй гарадской гаспадаркай кіравала выбарная гарадская ўправа, якая складалася з гласных (дэпутатаў) пад кіраўніцтвам гарадскога старасты. Выбарчае права давалася пастаянным жыхарам па прынцыпу маёмаснага цэнза — г. зн. ула-дальнікам нерухомай маёмасці, з якой браліся гарадскія падаткі. Выбраныя службовыя асобы зацвярджаліся губернатарам.

Па старой традыцыі «урадавым кварталам», калі можна так сказаць, служыла тэрыторыя самога замка і дамы ў яго бліжэйшым суседстве.

Пасля велізарнага пажару, які ўзнік у разгар бою 15 ліпеня 1812 года, ад горада ўвогуле мала што засталося: з 630 дамоў уцалелі толькі 82. На той жа Замкавай плошчы на месцы згарэўшай ратушы быў пабудаваны невялікі драўляны, пад чатырохскатным гонтавым дахам дом для гараднічага, які потым перайшоў гарадской управе. Уросшы ад старасці ў зямлю, дом-ветэ-ран перажыў першую сусветную вайну і быў заменены ў 20-я гады на тым жа фундаменце аналагічным драўляным домам, дзе засядаў потым гарадскі магі-страт. У гэтым доме — яго займае цяпер музычная школа — у верасні-кастрычніку 1939 года знаходзілася Часовае кіраўніцтва Кобрынскага павета, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка.

З паўднёва-ўсходняга боку плошчы, над Кобрынкай, у двухпавярховым доме размяшчаецца музычная школа. Першапачаткова гэты дом прызначаў-ся пад павятовае казначэйства, перайменаванае польскай адміністрацыяй у «касу скарбову». Мармуровая дошка ля уваходу паведамляе, што ў 1920 годзе дом займаў Кобрынскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт — першы орган Савецкай улады ў горадзе.

Несамавіты прадаўгаваты драўляны дом, прыкрыты ад плошчы будынкам прыватнага крэдытнага банка, пабудаванага ў 1913 годзе, некалі займала павятовае вучылішча, пазней ператворанае ў гарадское.

Непасрэдна каля плошчы, у самым пачатку Пінскай вуліцы, знаходзіліся іншыя ўстановы павятовага маштабу. Вуглавы дом насупраць аптэкі займалі канцылярыя спраўніка і павятовае паліцэйскае ўпраўленне. А крыху далей, праз вуліцу, над крутым згібам Кобрынкі ў цагляным прадаўгаватым доме была воінская канцылярыя. Да нядаўняга часу тут цясніўся вузел сувязі. Манументальны будынак XVIII стагоддзя, займаемы санэпідстанцыяй, нёкалі займала правасуддзе. Тут засядаў міравы суддзя, а ў розны час збіраўся з’езд міравых пасрэднікаў Кобрынскага і Пружанскага паветаў.

У заключэнне нашага агляду ўспомнім аб самай аўтарытэтнай установе Кобрынскага павета — канцылярыі прадвадзіцеля дваранства. Яна стаяла ў «ганаровай адзіноце», крыху далей ад іншых бюракратычдых гнёздаў. Праўда, па нашых цяперашніх мерках, драўляны дом (яго зараз займае ста-лярны цэх КБА) с цяжкасцю асацыіруецца з такой прэстыжнай установай, якая, па сутнасці, служыла мазгавым цэнтрам кіруючай сістэмы. А тут жа, акрамя самой канцылярыі з вельмі маленькім штатам (у тры-чатыры чала-векі), знаходзіўся яшчэ так званы дваранскі сход з… залай для баляў. Дапыт-ліваму чытачу, думаецца, будзе цікава даведацца, што ў горадзе разам з паветам пражывала да тысячы асоб прывілеяванага дваранскага саслоўя, а ўсяго насельніцтва налічвалася да 170 тысяч.

А. МАРТЫНАЎ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.