1987 Лёс архіваў нашага горада

Мартынаў, А. Лёс архіваў нашага горада / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1987. – 6 студзеня. – С. 3.

ЛЁС АРХІВАЎ НАШАГА ГОРАДА

У гісторыі Кобрына сапраўднай «белай плямай» можна назваць пытанне аб лёсе архіўных дакументаў нашага горада, якія тo збіраліся многімі пакаленнямі, то знікалі ў час чарговых гістарычных катаклізмаў, што так часта праносіліся над Кобрыншчынай.

Невялікі агляд — першая спроба, як кажуць, унесці яснасць на аснове наяўных, даволі сціплых матэрыялаў у недаследаваную тэму.

Пачынаць, відавочна, трэба з асноўнага для гісторыі горада дакумента — першага з вядомых успамінаў аб Кобрыне, датаванага 1287 годам, які знаходзіцца ў Іпацьеўскім летапісным зборы. Арыгінал яго захоўваецца ў фондах бібліятэкі Акадэміі Навук СССР у Ленінградзе. Фотакопія гэтага дакумента ёсць у музеі імя А. В. Суворава.

У далейшым, з першай палавіны чатырнаццатага стагоддзя, лёс Заходняй Русі, уключаючы Кобрыншчыну, шмат гадоў быў звязаны з гісторыяй

Вялікага княства Літоўскага. Выпадкова ўцалеўшыя разрозненыя дакументы таго перыяду апынуліся ў Гістарычным архіве Літоўскай ССР у г. Вільнюсе. Некаторыя з кобрынскіх дакументаў потым былі надрукаваны ў зборніках, якія на працягу некалькіх гадоў выдаваліся Віленіскай Археаграфічнай камісіяй. 3 апублікаваных 39 тамоў для нас асабліва важны выдадзены ў 1874 годзе, цалкам прысвечаны матэрыялам рэвізіі Кобрынскай эканоміі, складзенай каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегай у 1563 годзе. Рукапісны арыгінал гэтага дакумента, які, на жаль, захаваўся не поўнасцю, знаходзіцца ў тым жа Літоўскім Гістарычным архіве.

Гэтая пісцовая кніга дае найбольш поўнае ўяўленне аб тым. якой была Кобрыншчына чатыры стагоддзі назад. Як адзначаюць даследчыкі, тытульны ліст Рэвізіі з’яўляецца ўзорам высакамастацкага беларускага скарапісу XVI стагоддзя.

У пасляваенны час у выніку ўсебаковага аналізу матэрыялаў Рэвізіі доктарам гістарычных навук Н.Н. Улашчыкам была складзена манаграфія, прысвечаная эканоміцы Кобрыншчыны таго перыяду. Яна апублікавана ў адным са зборнікаў АН СССР. Рэдкі цяпер экземпляр Рэвізіі, выдадзены ў 1874 годзе, ёсць у фондах музея імя А. В. Суворава.

Архіўныя матэрыялы, што адносіліся непасрэдна да дзейнасці Кобрынскай ратушы — гарадскога самакіравання, па звычаю захоўваліся ў будынку ратушы, якая з даўніх часоў размяшчалася на тэрыторыі ніжняга замка, што займаў цяперашнюю плошчу Камсамольцаў. У канцылярыі ратушы захоўваліся гарадская казна, заканадаўчыя і судовыя дакументы, кнігі адміністратыўных распараджэнняў, каралеўскія граматы з прывілеямі.

Летам 1812 года ў сувяз з прыбліжэннем напалеонаўскіх войск гараднічы Міхаіл Паўлавіч Рафаловіч вывез гарадскі архіў у Маскву, дзе ён загінуў у час вядомага пажару.

I зноў, у каторы раз, у гарадскім архіве сталі збірацца дакументы. Потым частка іх пасля заканчэння вызначанага тэрміну перадавалася ў фонды Гродзенскага губернскага архіва. Цяпер яны знаходзяцца ў Гродзенскім гістарычным архіве.

Што ж датычыцца дакументацыі адносна рэвалюцыйных падзей 19-га і пачатку 20-га стагоддзяў у Кобрынскім павеце, то яны паступалі непасрэдна ў архіў Віленскага генерал-губернатара. Потым гэты архіў таксама быў уключаны ў фонды Гістарычнага музея Літвы.

Сумны лёс чарговага гарадскога архіва, сабранага з 1812 па 1915 год. Зноў, як гэта было ў 1812 годзе, пры набліжэнні фронта да горада ў жніўні 1915 года гарадскі стараста Пётр Іванавіч Рафаловіч (прамы нашчадак гараднічага Рафаловіча) вывез дакументы ў г. Масальск Калужскай вобласці. Потым клапатліва ахоўваемы архіў стараста перавёз ў вёску Насонава Валуйскага павета Харкаўскай губерні (цяпер Белгародская вобласць). Перад вяртаннем у родныя мясціны, дзе ўжо панавалі белапалякі, Рафаловіч пакінуў архіў у рызніцы мясцовай царквы, поп якой абяцаў захаваць дакументы.

Пасляваенныя спробы адшукаць іх след былі безвыніковымі. Сярод бясследна загінуўшых дакументаў асабліва каштоўным быў рукапіс, які знаходуіўся ў старажытнай Петрапаўлаўскай царкве, куды стагоддзямі заносіліся ўсе важнейшыя падзеі ў жыцці горада, у тым ліку і падрабязнасці аб жыцці ў Кобрыне «стопераможнага» Суворава.

I ў заключэнне некалькі слоў аб лёсе дакументацыі знамянальных верасня — снежня 1939 года. Дакументы, якія характарызуюць бурную дзейнасць Часовага кіраўніцтва г. Кобрына і павета, цяпер знаходзяцца ў Брэсцкім абласным архіве. Гэта адзіная ўцалеўшая падборка дакументальных матэрыялаў 1939 года, бо архівы ўсіх астатніх раёнаў вобласці загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

А. МАРТЫНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.