Мартынаў, А. А. В. Сувораў у Кобрыне / Аляксей Мартынаў // Брэст: літаратурна-мастацкі альманах. – Брэст, 1958. – С. 176–183.
А. В. Сувораў і Кобрынскі Ключ.
А. В. СУВОРАЎ У КОБРЫНЕ
Сакавіцкім ранкам 1797 года праз заставу глухога ўкраінскага гарадка Тульчына праехаў невялікі вазок, які неўзабаве павярнуў на бальшак, што вядзе на поўнач.
Вялікае ўражанне рабіла на станцыйных дазорцаў імя праезджага: адстаўны генерал-фельдмаршал арміі расійскай граф Аляксандр Васільевіч Сувораў-Рымніцкі.
Дарога, па якой ехаў Сувораў была яму ўжо вядома па памятнаму паходу 1794 года. 5 жніўня на чале шасцітысячнага атрада ён выступіў з Немірова, накіроўваючыся праз Луцк і Ковель у бок Кобрына, у ваколіцах якога быў размешчаны 15-тысячны корпус польскіх войск.
Тады ў ноч на 3 верасня авангард сувораўскіх цуда-волатаў уступіў на беларускую зямлю. Затым на працягу шасці дзён адна за адной былі атрыманы чатыры перамогі: у Дзівіне і Кобрыне,ля сцен Крупчыцкага манастыра і ля Брэста, дзе ў чаканні прыбыцця далейшых падмацаванняў Сувораў быў вымушаны прастаяць каля месяца.
За гэты двухмесячны паход, увенчаны капітуляцыяй Варшавы і ўз’ядканнем з Расіяй заходніх беларускіх і ўкраінскіх правінцый, 9 лістапада 1794 года Сувораў атрымаў фельдмаршальскі жэзл. А 15 жніўня наступнага года з’явіўся імператарскі ўказ сенату, у якім гавгрылася: «В воздаяние знаменитых заслуг нашего генерал-фальдмаршала графа Александра Суворова-Римникского всемилостивейше пожаловали мы ему в вечное и потомственное владение из поступивших в казку нашу в Литовской губернии из економии Бржестской, бывшей в числе королевских столовых имений, Ключ Кобринский с прочими ключами, фольварками и селениями, в коих по представленной нам ведомости показано шесть тысяч девятьсот дваддать две души мужеска пола, с принадлежащими к ним землями, угоднями и всею хозяйственной в оных наличностью…».
Вось у гэты Кобрынскі Ключ і ехаў Сувораў.
Праязджаючы праз знаёмыя мясціны, Аляксандр Васільевіч мімаволі ўспамінаў асобныя сцэны мінулага паходу: стамляючыя пераходы пад сонечнай спёкай і ў праліўны дождж, аб’езд верхам конна расцягнутых на маршы калон, гутаркі з салдатамі ля вогнішчаў… Падумаць, як нядаўка ўсё гэта было! Але вось па капрызу венцаноснага самадура раптоўна ўсё абрушылася, і будучыня ўяўлялася няяснай і трывожнай. Забыты ўсе ранейшыя заслугі, сам ён насільна адарваны ад горача любімай справы, якой аддаў пяцьдзесят год жыцця, — ад арміі, ад «салдацтва», без якога жыццё не жыццё.
Пакутліва перажываючы горыч разлукі з баявымі таварышамі, Сувораў зноў і зноў узнаўляў у памяці падзеі апошніх месяцаў.
Пачалося ўсё з ашаламляльнага паведамлення аб заўчаснай смерці матухны-царыцы. Неўзабаве пасля гэтага пайшлі чуткі аб тым, з якім запалам новы самадзержавец усерасійскі пачаў карэнную ломку ўстаноўленых пры Кацярыне парадкаў, аб тых недарэчных мерапрыемствах, што былі накіраваны на барацьбу з «якабінскай заразай», якая паўсюдна мярэшчылася імператару.
Асабліва насцярожвалі Суворава звесткі аб пачатых «рэформах» у арміі, якія пагражалі адкінуць яе далёка назад. Пры садзеянні выканаўчай зграі гатчынскіх афіцэраў, якія ў большасці насілі нямецкія прозвішчы, Павел пачаў насаджаць у рускай арміі чужыя ёй прускія парадкі, прычым слепа пераймаўся не толькі безнадзейна ўстарэлы воінскі статут, але нават каніравалася пруская форма адзення, былі адноўлены ненавісныя салдатам пудраныя парыкі з буклямі і косамі, у свой час адмененыя Пацёмкіным. Пры дапамозе жорсткай палачнай дысцыпліны ў арміі ўкараняліся атупляюча неразумная шагістыка і ружыстыка, а салдат зводзіўся да становішча «механізма, артыкулам прадугледжанага».
Хіба да ўсяго гэтага мог абыякава адносіцца ён, Сувораў, які вышэй за ўсё ставіў шчасце сваей айчыны і які не толькі гаварыў, але і на справе пацвярджаў, што яму салдат даражэй за самога сябе, а выхаваўчая сістэма якога зводзілася да кароткага правіла: «Кожны салдат павінен разумець свой манеўр».
Зразумела, што пры такім рэзкім разыходжанні поглядаў узбаламучанага імператара і старога палкаводца паміж імі немінуча павінен быў узнікнуць адкрыты канфлікт. Нядаўна быў разыграны фінальны акт гэтага канфлікту: пасля некалькіх вымоў, аддадзеных у загадзе па войсках, у пачатку лютага імператарам быў нанесен апошні жорсткі ўдар – выгнанне Суворава з арміі.
Калі ў пачатку 1797 года з шматмольнай відавочнасцю выявілася, што звальненне непрымірымага фельдмаршала з арміі з’яўляецца толькі пытаннем часу, Сувораў, задумваючыся аб будучым, рашыў выбраць свім пастаянным месцам жыхарства Кобрынскі Ключ, які амаль што ў тры разы быў большы за ўсе астатнія яго маёнткі. Між іншым, асабіста пабываць у падараваным маёнтку фельдмаршалу не давялося. Тут гаспадарыў яго галоўнаўпраўляючы падпалкоўнік Карыцкі, які ўсё яшчэ лічыўся на ваеннай службе, і аб стане гаспадарчых спраў Сувораў меў адкоснае ўяўленне. А паколькі ў новым велізарным маёнтку спраў было нямала, то Сувораў лічыў не лішнім мець пры сабе надзейных памочнікаў. З гэтай мэтай ён загадзя запрапанаваў васемнаццаці больш блізкім афіцэрам падаць у адстаўку і пераехаць да яго ў Кобрын, абяцаючы ўзнагародзіць іх за службу пэўным чынам. Яго прапанова была прынята, і к часу прыезду Суворава амаль усе адстаўныя афіцэры знаходзіліся ў Кобрыне.
Пасля доўгай дарогі Сувораў, у суправаджэнні свайго любімага дзеншчыка Прахора Дубасава, дабраўся да Кобрына. Па Губерніяльнай вуліцы, засаджанай пірамідальнымі таполямі, запырсканы граззю, вазок уехаў у вароты сядзібы «Губерня» і павярнуў да ганка невялікага драўлякага доміка пад высокім гонтавым дахам. З вазка бадзёра саскочыў невысокі хударлявы стары ў паўваенным адзенкі. За ім важна крочыў волат Прошка з дарожным куфэркам пад пахаю.
З’яўленне Суворава выклікала ажыўленне ў доме: пачулася бразганне дзвярэй, радасныя воклічы жыхароў Ключа, якія ўжо даўно з нецярпеннем чакалі прыезду гаспадара. Убачыўшы такую шчырую сустрэчу, Сувораў крыху павесялеў пасля таго, як яму давялося перажыць цяжкае расставанне з салдатамі ў Тульчыне. Ён зноў адчуў сябе сярод надзейных сяброў.
Цэнтральная сядзіба маёнтка «Губерня» знаходзілася за вярсту ад Кобрына і займала некалькі дзесяцін, акапаных ровам і абнесеных у некаторых месцах земляным валам з частаколам. Пасярэдзіне сядзібы стаяў домік з сямі пакояў. Перад ім раслі ліпы, ззаду быў выкапаны невялікі ставок, па абодвух баках сядзібы раскінуўся сад.
Адпачыўшы з дарогі, Сувораў захацеў пазнаёміцца з сядзібай, якая яму вельмі спадабалася. Перш за ўсё ён загадаў вынесці за межы саду ўсе службовыя памяшканні і пабудаваць невялікую каплічку. Ён неадкладна пачаў цікавіцца станам гаспадарчых спраў. Пасля кароткай справаздачы Карыцкага ён пачаў аб’язджаць шматлікія вёскі і фальваркі, гутарыў з сялянамі, даваў распараджэнні, уважліва прыглядаўся і прыслухоўваўся да жыцця і гутаркі мясцовага насельніцтва.
У новым месцы Сувораў, як і раней быў непераборлівы ў ежы, спаў ля адчыненага акна і, на здзіўленне ўсіх, купаўся ў сажалцы, не звяртаючы ўвагі на красавіцкую сцюжу.
Часта можна было сустрэць апальнага палкаводца ў старажытнай Петрапаўлаўскай царкве, дзе ён паводзіў сябе часам як дзівак, выклікаючы гэтым шмат абгавораў: то ўзлазіў з вартаўніком на званіцу і з захапленнем званіў, то чытаў апостал або наводзіў парадак сярод фальшывіўшых пеўчых, перабягаючы з кліраса на клірас і робячы вымовы збянтэжаным рэгентам.
Рэдка хто наведваў Кобрынскі Ключ. Ды і тыя, каму здаралася сюды зазярнуць, былі здзіўлены паводзінамі гаспадара.
Вуснае кобрынскае паданне расказвае, што аднойчы, праездам з Пецярбурга, заехаў да Суворава нейкі важны пан. Гасцінны гаспадар ветліва прыняў яго, добра пачаставаў, пасля чаго той развітаўся і паехаў. Неўзабаве Сувораў паклікаў падручнага «басяка» (пасыльнага) і загадаў яму ўзяць з канюшні лепшых коней, дагнаць госця і вярнуць назад, Тым часам пецярбургскі пан паспеў ужо ад’ехаць далёка, і толькі ля Крупчыц, за 15 вёрст ад Кобрына, нагнаў яго «басяк». Атарапеламу госцю, дастаўленаму «басяком» у Ключ, Сувораў ласкава ўказаў на тое, што, наліваючы сабе віно, ён забыўся заткнуць коркам бутэльку, і папрасіў яго выправіпь гэтую хібу.
Аднак, як ні стараўся Сувораў забыцца ў гаспадарчых клопатах, гэта яму не ўдавалася. Усё часцей непакоілі яго думкі аб бязрадаеным будучым, якое чакала яго ўдалечыні ад любімай ваеннай справы. Нярэдка можна было наглядаць, як у глыбокім задуменні доўга сядзеў ён на вялізным камені паблізу царкоўнай званіцы, зусім абыякавы да ўсяго навакольнага.
Адзінай радаснай падзеяй у гэты цяжкі перыяд з’явілася пісьмо ад яго любімай дачкі Наташы з паведамленнем аб нараджэнні у яе 5 сакавіка сына Аляксандра, — першага ўнука Суворава.
Узрадаваны Сувораў адразу ж напісаў свайму зяцю Мікалаю Зубаву: «Граф Мікалай Аляксандравіч! Вы мяне пацешылі тым, чаго не меў амаль семнаццадь год! Чытаючы, дрыжэў. Наташа! Прывязі графа Аляксандра Мікалаевіча да мяне ў госці, а ён няхай аб тым жа папросіць свайго бацюхну, твайго мужчыну».
Аднак Наташы задаволіць просьбу бацькі не ўдалося: у хуткім часе ў Кобрынскім Ключы адбылася зусім непрадбачаная падзея, якая ўшчэнт пераблытала ўсе планы адстаўнога фельдмаршала.
Калі Сувораў думаў, што яго, нарэшце, пакінуць у спакоі ў палескай глушы, у Пецярбургу зусім не былі схільны лічыць, што яго справа вырашана канчаткова. Неспакой выклікала тая акалічнасць, што Сувораў акружыў сябе цэлым штабам адданых яму афіцэраў, прытым пасяліўся з імі ў непасрэднай блізкасці ад граніцы, у нядаўна ўз’яднанай правінцыі.
Лічачы небяспечным пакідаць Суворава так далёка ад сталіцы без нагляду, Павел накіраваў у Кобрын чыноўніка тайнай канцылярыі Нікалева з імянным імператарскім указам наступнага зместу: «Ехать вам в Кобрин или другое местопребывание Суворова, откуда отвезть его в его Боровицкие деревни, где и перепоручить Вындомскому (боровицкому городничему), а в случае надобности требовать помощи от всякого начальства».
З апошніх слоў можна меркаваць, што ў Пецярбургу не выключалася магчымасць, што ўпарты апальны пры садзейнасці акружаючых можа не паслухацца імператарскага прадпісання. Аднак, як аказалася на справе, для такой апаскі не было ніякіх падстаў.
Нікалеў прыехаў у Кобрын у 10 гадзін вечара і пасля прад’яўлення сваіх паўнамоцтваў пачаў настойваць на хутчэйшым ад’ездзе Суворава. Не падзейнічалі на яго ніякія довады аб неабходнасці асабістай прысутнасці Суворава для навядзення парадку ў грашовых справах Ключа. Спасылаючыся на атрыманыя інструкцыі, Нікалеў катэгарычна стаяў на адным: ехаць неадкладна. Такая загадкавая паспешнасць толькі павялічыла трывожную разгубленасць, якая ахапіла ўсіх жыхароў Ключа пры вестцы аб мэце прыезду пасланца імператара.
Не маючы ў той час наяўных грошай, Сувораў быў вымушаны пазычыць тысячу рублёў у Карыцкага, якому пакінуў на захаванне ўсе свае ордэны і брыльянты.
Паспешліва, на працягу ночы, былі завершаны неабходныя фармальнасці па перадачы адстаўным афіцэрам абяцаных вёсак. Натарыяльныя запісы былі змацаваны ўласнаручным подпісам Суворава літаральна ў апошнюю хвіліну перад ад’ездам. Пасля гэтага, не сказаўшы ні слова, ён вышаў на ганак і сеў у экіпаж, які пад наглядам руплівага служакі Нікалева панёсся на поўнач. Нікому з афіцэраў не дазвалялася суправаджаць Суворава ў ссылку. Выключэнне было зроблена толькі ў адносінах незаменнага Прахора Дубасава.
Шматлікія сведкі «кобрынскага дзейства», як называлі сучаснікі адпраўку Суворава ў ссылку, былі да такой ступені здзіўлены тым, што здарылася, што гэтая драматычная сцэна здавалася ім нейкім цяжкім сном.
Карыцкі ў пісьме да Хвостава — пляменніка Суворава — вельмі асцярожна паведаміў аб тым, што «23 дня, у 10 гадзін па поўначы, напаткала нас няшчасце: яго сіяцельства выехала з нарачна прысланым ад цара».
Аднак на гэтым «дзейства поўчасцю яшчэ не закончылася. Руплівыслужака Нікалеў (шчодра ўзнагароджаны пазней за паспяхова арганізаваную адпраўку Суворава) 5 мая даставіў свайго з палонніка ў ягозаняпалую вёску Капчанскае, загубленую ў глушы лясоў і балот Наўгародскай губерні. Там ссыльны быў «перадаручаны» Вындомскаму. Сам жа Нікалеў, не трацячы часу, паспяшаўся ў Кобрын.
20 мая яго злавесная фігура зноў з’яўляецца ў Кобрынскім Ключы. На гэты раз ахвярай аказаліся сувораўскія падручныя — адстаўныя афіцэры, якія былі арыштаваны і пад канвоем адпраўлены ў Кіеўскую крэпаець. Там ім быў зроблен допыт ваенным губернатарам П. Салтыковым. Пры допыце некаторыя з іх не ўтрымаліся і паказалі, што, выходзячы ў адстаўку і ад’язджаючы ў Кобрын, яны былі «заблуджаны» Суворавым, які паабяцаў узнагародзіць іх за службу вёскамі.
Пасля двухмесячнага зняволення і допытаў Салтыкоў прышоў да вываду, што ў паводзінах арыштаваных няма нічога асабліва заганнага, і на падставе атрыманых ад імператара паўкамоцтваў рашыў вызваліць іх з-пад арышту з прадастаўленнем кожнаму магчымасці выбраць месца жыхарства па свайму выбару.
Пераважыая большасць вызваленых, не ведаючы куды падацца, выказала пажаданне вярнуцца ў Кобрын.
…Прайшло два гады, 3 сакавіка 1799 года Сувораў зноў апынуўся ў Кобрыне. ІІрацяглая канчанская ссылка скончылася таксама раптоўна, як і пачалася. 6 лютага флігель-ад’ютант Талбухін уручыў апальнаму фельдмаршалу рэскрыпт Паўла з паведамленнем аб назначэнні яго галоўнакамандуючым аб’яднанымі руска-аўстрыйскімі арміямі, якія дзейнічалі супраць французаў у Італіі.
Па дарозе ў Вену Сувораў завярнуў у Кобрынскі Ключ і меў намер затрымацца тут усяго на некалькі дзён. Аднак трывожны стан гаспадарчых спраў прымусіў Суворава змяніць сваё першапачатковае рашэнне, і ён знаходзіўся ў Кобрыне да 9 сакавіка.
***
Даўно адгрымелі гарматныя залпы на раўнінах Паўкочнай Італіі, бліскуча закончан гераічны ІІІвейцарскі паход, «арлы рускія абляцелі арлоў рымскіх». 3 лютага 1500 года, захварэўшы па дарозе ў Расію, Сувораў здаў у Кракаве камандаванне арміяй і выехаў у Кобрын, каб быць, як ён казаў, «на сваёй старонцы». У ліку асоб невялікай світы, якая суправаджала Суворава, быў яго любімец генерал П. Багратыён, гісторыёграф Е. Фукс, асабісты сакратар штабскапітан С. Стаўракоў, ад’ютантам палкоўнік С. Кушнікаў і некаторыя іншыя.
У дарозе аслабелы Сувораў яшчэ больш пахудзеў і пабляднеў. Празмернае напружанне ўсіх фізічных і душэўных сіл, якое давялося перанесці ў апошняй кампаніі сямідзесяцігадоваму генералісімусу, не прайшло так. Пасля прыезду ў Кобрын ён быў вымушан адразу легчы ў пасцель. Спачатку ні сам Сувораў, ні ўсе, хто яго акружаў, не падазравалі аб сур’ёзным стане хворага і былі перакананы, што прыпынак у Кобрыне працягнецца не больш тыдня, а затым можна будзе ехаць у Пецярбург.
Нягледзячы на трывожныя сімнтомы, Сувораў, як звычайна, упарта пазбягаў «латышскай кухні», як ён называў лекі, і лічыў за лепшае лячыцца хатнімі сродкамі, карыстаючыся парадамі свайго фельчара Навума. Так, з гарачкай ён беспаспяхова прабаваў змагацца «каранцінам», г. зн. галадоўкай. Язык у Суворава зусім перасох, цела было пакрыта нарывамі, ногі пухлі.
Нярэдка прыбліжаным даводзілася шмат цярпець ад яго хваравітых капрызаў і зласлівасці. Фукс пазней скардзіўся оберпракурору Абальянінаву: «Я бы адчуваў сябе шчаслівым, калі б мог быць адкліканы з гэтага сумнага месца».
Тым часам замест чакаемага выздараўлення ў ходзе хваробы пачалося пагоршанне, якое прымусіла Суворава адмовіцца ад сваіх дзівацтваў і даць згоду на допуск да яго ўрачоў. Ля пасцелі хворага з’яўляецца кобрынскі урач Кернісон, брэсцкія і тэраспальскія ўрачы, затым былі выкліканы два ваенныя ўрачы — «інспектар урачэбнага майстэрства» К. Яніш і хірург Н. Нотбеж. Асаблівым давер’ем і прыхільнасцю Суворава карыстаўся Кернісон, які вельмі добрасумленна адносіўся да сваіх абавязкаў, днём і ноччу не адыходзячы ад пацыента. Аб ім Сувораў 9 лютага напісаў Растопчыну: «Тут я лекара знайшоў. Ён абяцае паправіць мяне праз тыдзень. Я згадзіўся б на два».
Прыбліжаныя Суворава за ўвесь гэты час пераходзілі ад роспачы да надзеі, у залежнасці ад ходу хваробы, якая была вельмі няўстойлівай. Хоць паміж Кобрынам і Пецярбургам няспынна ездзілі кур’еры, у час аднаго з асабліва моцных прыступаў да імператара асабіста паехаў Багратыён з дакладам аб катастрафічным стане здароўя генералісімуса.
У пісьме Растопчыну, датаваным 14 лютага, сам Сувораў вось як апісвае свой стан: «Князь Пётр Ів. Багратыён раскажа вам аб маім грэшным целе. Пачну з кашлю, які ўзмоцніўся па нядбайнасці маіх памочнікаў, між іншым я настолькі яшчэ моцны, што калі хоць гадзіну-другую ветру няма, то і яго няма. Месяц я еў вельмі мала, быў на нагах. Бачачы гарачку, не еў амаль нічога 6 дзён, а калі яна ўзмоцнілася—не еў усе 12 дзён… Адчуваю, што яе ледзь сам не адолеў… але што карысці?.. Маё цела, чысцейшае, чым у многіх другіх, ляжыць у гнаішчы.
Сып, верады і пухіры з месца на месца пераходзяць… Такім чынам, надзея на каранцін. Надакучыў я вам; вось мая масленіца».
Тым часам дзякуючы нястомным Клопатам Кернісона (якому ў падзяку Сувораў пахадайнічаў у імператара чын тытулярнага саветніка) хворы настолькі паправіўся, што не толькі начаў хадзіць, але нават зачасціў у Петрапаўлаўскую царкву. Такая неасцярожнасць пры выздараўленні, як і трэба было чакаць, неўзабаве прывяла да яшчэ большага абвастрэння хваробы, тым больш, што Сувораў зноў пачаў адмаўляцца прымаць лекі і есці скаромную ежу (быў вялікі пост).
Фукс, паведамляючы 1 сакавіка Абальянінаву аб гэтым пагоршанні, пісаў, што «вельмі вялікай радасцю было для яго, каб сваякі яго з умелым доктарам сюды прыехалі».
I вось 6 сакавіка ў Кобрын прыехаў сын палкаводца Аркадзь Сувораў з пляменнікам А. Гарчаковым і лейб-медыкам Вейкартам. Прычым Аркадзю было даручана рэгулярна даносіць аб стане здароўя бацькі.
К моманту іх прыезду хворы адчуў сябе лепш, і Фукс не прамінуў паведаміць у Пецярбург, што ёсць надзея праз два тыдні выехаць з Кобрына.
Крыху ажыўшы, Сувораў так сустрэў Вейкарта, што той ледзь не паехаў назад. Перш за ўсё, ён заявіў царскаму медыку, што ў яго дапамозе не мае патрэбы, бо ў яго ёсць свой уласны лейб-фельчар Навум — лепшы лекар у Еўропе, з якім не зраўнацца яму, Вейкарту. Чарговае абвастрэнне хваробы вымусіла Суворава прымірыцца і зблізіцца з новым урачом, хоць сутычкі паміж імі не спыняліся.
Так, Вейкарт настойліва патрабаваў, каб Сувораў адзяваўся цяплей і адмовіўся ад поснай ежы.
- Ваша сіяцельства, не па гадах лёгка адзяваецеся і харчуецеся, як просты салдат, — пратэставаў урач.
- Мне патрэбна вясковая хата, малітва, каша ды квас,—пярэчыў непаседлівы пацыент, — я ж салдат.
- Вы генералісімус! — папраўляў Вейкарт.
- Праўда, я генерал, але салдат з мяне прыклад бярэ.
У сваю чаргу Сувораў не заставаўся ў даўгу і даймаў Вейкарта сваімі дзівацтвамі. Не звяртаючы ўвагі ні на якія доказы, што Вейкарт пратэстант, Сувораў прымушаў яго хадзіць з сабою ў царкву, цярпліва выстойваць доўгія вялікапосныя набажэнствы, біць зямныя паклоны і захоўваць пасты. Мала таго, ён прымушаў Вейкарта, які дрэнна гаварыў па-руску, ламаць язык, але размаўляць толькі па-руску, хоць нярэдка сам, забыўшыся, звяртаўся да сваёй ахвяры па-нямецку.
Стан здароўя хворага ўсё яшчэ пакідаў чакаць лепшага. У адным з рапартаў Аркадзь паведамляў Паўлу: «Хвароба генералісімуса, паводле меркавання прыдворнага медыка, стацкага саветніка Вейкарта, мае выгляд, нахілены больш да лепшага, чым да горшага. Між тым слабасць яго надзвычай вялікая».
Карыстаючыся часовымі перадышкамі, якія прадастаўляла няумольныя хваробы, Сувораў у гутарках з прыбліжанымі ўспамінаў свае баявыя подзвігі і дзяліўся сваімі планамі ўціхамірання ўзбаламучанай Еўропы.
7 сакавіка, калі самаадчуванне Суворава было асабліва добрым, праз Кобрын праходзіў зводны батальён Маскоўскага і Екацяры-наслаўскага грэнадзерскіх палкоў, які вяртаўся з Швейцарыі. Батальён спецыяльна прайшоў каля дома Суворава, які апошні раз у жыцці сустрэўся са сваімі баявымі саратнікамі.
У той жа дзень, магчыма пад уражаннем гэтай сустрэчы, Сувораў прадыктаваў Фуксу падрабязнае пісьмо, адрасаванае барону Грыму, у якім апісаў ход падзей нядаўна закончанай кампаніі. Пачатак пісьма носіць аптымістычны характар і паказвае настрой аўтара: «Ціхімі крокамі вяртаюся я зноў з другога свету, куды цягнула мяне з найвялікшымі пакутамі няўмольная фліктэна».
Наогул, нягледзячы на цяжкія прыступы хваробы, якія настойліва напаміналі аб няўмольным набліжэнні канца, усе думкі Суворава былі накіраваны ў будучае. Яго шчыра цешылі весткі, што ў Пецярбургу яму рыхтавалася трыумфальная сустрэча (якой, аднак, не суджана было адбыцца).
Асабліва старанна займаўся Сувораў уладкаваннем сваіх гаспадарчых спраў. Сваім павераным ён дае ўказанні то купіць ноныя маёнткі, то прыпамінае аб неабходнасці прыняць захады да атрымання і дастаўкі ў Канчанскае трох гармат, адбітых пад Брэстам у 1794 годзе і падароных яму Кацярынай, то плануе пабудову у Канчанскім новага мураванага дома. Цікавіць яго таксама пытанне, ці будзе ён атрымліваць ад аўстрыйскага ўрада пенсію за ордэн Марыі-Тарэзы, і з горыччу ўспамінае, што неапалітанскі кароль «забыўся» даць яму ордэн святога Януарыя.
Але паколькі выздараўленне ніяк не прыходзіла, а пакутлівая слабасць павялічвалася, настрой яго зноў падаў, і ён усё часцей замыкаўся ў пакоях і толькі на кароткі час пакідаў іх, калі прыяджалі госці. Ён вітаўся з імі, запрашаў да стала і зноў ішоў у свой пакой.
Урэшце, уступаючы настойлівым патрабаванням Суворава, Вейкарт у канцы сакавіка згадзіўся выехаць у Пецярбург, паставіўшы абавязковай умовай, каб у дзень рабілі не больш 25 вёрст.
Выгодны дармез заслалі пярынамі і падушкамі, на якія паклалі ўсё яшчэ вельмі слабага Суворава. Папярэдне было павядомлена, каб нідзе не турбавалі яго сустрэчамі.
Перад тым, як назаўсёды расстацца з Кобрынскім Ключом, Сувораў даведваўся, ці не забыўся ён узнагародзіць каго-небудзь з тых, хто даглядаў яго.
Павольна пагойдваючыся на рысорах, дармез крануўся ў далёкую дарогу, увозячы непераможнага «правадыра правадыроў» у неласкавую паўночную сталіцу, дзе неўзабаве пасля прыезду, 18 мая 1800 года, ён памёр.
А. МАРТЫНАЎ,
дырэктар Кобрынскага музея
імя А. В. Суворава.