2016 Бялоў У гонар працы і вясны

Бялоў, Д. У гонар працы і вясны / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. — 2016. — 4 мая. — С. 2.

Ушанаванне Ганаровых грамадзян Кобрыншчыны: М. Клачковіч, У. Кузіча, І. Мароза.

У гонар працы і вясны

Сапраўднае сузор’е святаў падарыў нам у гэтым годзе першы дзень мая. Праваслаўныя адзначылі Вялікдзень — дзень перамогі жыцця над смерцю, калі Хрыстос уваскрэс з мёртвых. Сёлета гэтае свята супала ў календары з Днём працы, у час якога мы традыцыйна ўшаноўваем тых, хто ўнёс вялікі ўклад у развіццё нашага рэгіёна, і узгадваем значныя этапы ў жыцці Кобрыншчыны. Дапоўніў спіс падзей парк імя А.В. Суворова, які прымеркаваў да Першамая адкрыццё новага сезона.

Свята пачалося з яркай і цікавай канцэртнай праграмы, якая разгарнулася на пляцоўцы каля ратонды. Крыху пазней эстафету падхапіў амфітэатр. на сцэне якога дэманстравалі свае таленты як зусім маладыя «зорачк»і, так і выканаўцы з вялікім вопытам. Гучалі песні, уражвалі сваёй відовішчнасцю танцавальныя нумары, а гледачы адказвалі заслужанымі апладысментамі — за здольнасці, энергію і добры настрой.

— Мяняюцца часы, але Першамай застаецца адным з самых любімых святаў нашай краіны — святам працы, — адзначыў старшыня гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Трубчык. — Таму што менавіта праца з’яўляецца галоўнай падставай жыцця кожнага чалавека, яна дае нам магчымасць гадаваць дзяцей і прыносіць карысць нашаму грамадству. У сувязі з гэтым хочацца выказаць словы самай шчырай удзячнасці і ветэранам працы, якія ў свой час стваралі выдатныя працоўныя традыцыі нашай Кобрыншчыны, і тым, хто працягвае гэтыя традыцыі сёння, кожны дзень уносячы свой уклад у наш агульны дабрабыт.

Кульмінацыяй дня стала ўшанаванне ганаровых грамадзян Кобрыншчыны. На сцэну амфітэатра падняліся былы дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання, выдатнік адукацыі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Марыя Клачковіч, былы дырэктар ААТ «Стрыгава», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі і старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў» Уладзімір Кузіч, а таксама былы дырэктар ААТ «Кобрынаграмаш», узнагароджаны Ордэнам пашаны і Ордэнам Айчыны 3-й ступені Іван Мароз. Пад апладысменты прысутных ганаровым грамадзянам былі ўручаны падарункі ад Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў і, вядома, кветкі як сімвал вясны і ўдзячнасці за заслугі перад роднай Кобрыншчынай.

А свята працягвала свой бег. Здавалася, што ў гэты дзень супрацоўнікі парку здолелі ахапіць амаль усе катэгорыі гасцей, як дарослых, так і маленькіх. Бліжэй да вечара ў амфітэатры пачалі збірацца аматары песень мінулых дзесяцігоддзяў: для іх быў арганізаваны канцэрт «Любімы горад», дзе слухачоў радавалі Юрый Харэвіч і Вольга Камінская. Крыху пазней на змену ім прыйшла канцэртная праграма кавер-групы «TAKE FIVE», якая адзначылася пазітыўнай энергетыкай і на самай справе запальным настроем.

Не пуставала і танцавальная пляцоўка. Тут адбылося адкрыццё традыцыйных танцавальных вечароў «Для тых, хто не лічыць гады», якія бліжэй да ночы змяніла дыскатэка з конкурсамі і прызамі «Маладзёжны карнавал».

Не давялося сумаваць і самым маленькім наведвальнікам. Для іх на пляцоўцы каля дзіцячага забаўляльнага цэнтра «Кеша» праходзілі праграмы «Вясёлыя прыгоды» і «Востраў скарбаў», якія плаўна перараслі ў дзіцячую дыскатэку «Рабі, як я». У агульную карціну свята выдатна ўпісваліся атракцыёны і гандлёвыя кропкі з разнастайнымі смачнымі і цікавымі рэчамі. Нават прырода, нібыта адчуваючы ўсю ўрачыстасць гэтага дня, падарыла ўсім цудоўнае сонейка і напоўніла наш святочны першамайскі калейдаскоп яркімі фарбамі сапраўднай вясны.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.