Мартынаў. Бежанская эпапея

Мартынаў, А. М. Бежанская эпапея / А. М. Мартынаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна. – Мінск, 2002. – С.79.

Бежанская эпапея

Напярэдадні 1-й сусветнай вайны ў Кобрыне кватаравалі 149-ы Таманскі і 150-ы Чарнаморскі пяхотныя палкі. Перад іх адпраўкай на фронт абылося ўрачыстае развітанне вайскоўцаў з гараджанамі. За горадам на вялікім выгане, які прымыкаў да вуліцы Заводскай (цяпер Чырвонаармейская), палкі былі выстраены пабатальённа ў калоны. Прадстаўнікі ваенных і гарадскіх улад абмяняліся гарачымі патрыятычнымі прамовамі.

Затым, пасля ўрачыстага набажэнства аб дараванні расійскаму войску перамогі над ворагам, наступіў урачысты момант: афіцэрскі склад абодвух палкоў выстраіўся ў доўгую шарэнгу, трымаючы каля наскоў ботаў аголеныя шашкі, клінкі якіх палкавое духавенства акрапіла свянцонай вадой.

У 1915 г. па меры набліжэння фронту ўсё часцей праз Кобрын па Брэсцкай шашы цягнуліся калоны бежанцаў, і іх паток бесперапынна ўзрастаў. Летам уперамежку з бежанцамі пачалі рухацца і вайсковыя абозы. Прапускная здольнасць драўлянага моста цераз Мухавец відавочна не была разлічана на такія людскія патокі, таму ў спешным парадку  ў цэнтры горада быў наведзены пантонны мост. Побач з ім на беразе засядала ацэначная камісія, якая прымала ад бежанцаў і мясцовых жыхароў коней, кароў, табуны і статкі якіх сваім ходам адпраўляліся на ўсход.

Паводле загаду Вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, прыхільніка безнадзейна састарэлай тэорыі «спаленай зямлі», вёскі ў паласе адступлення арміі падлягалі знішчэнню, а жыхары прымусовай эвакуацыі ў глыб краіны. Ад такіх дзеянняў пацярпела і Кобрыншчына. Старажылы з жахам успаміналі, як  атрады казакаў высялялі вяскоўцаў з дамоў, часу на зборы давалі ў залежнасці ад настрою камандзіра. Загады, часам падмацаваныя казацкай нагайкай, узмацнялі абстаноўку ўсеагульнай панікі.

Усё гэта суправаджалася жаночым галашэннем, плачам перапужаных дзяцей, мацюкамі раззлаваных мужыкоў, ровам кароў, сагнаных з пашы не ў тую пару. Каб бежанцы не спрабавалі вярнуцца назад, да бліжэйшага бальшака іх суправаджалі казакі. Нярэдка здаралася і так, як толькі сялянскія павозкі з няхітрым дабром выязджалі за ваколіцу, на процілеглым  канцы вёскі ўжо гарэлі першыя падпаленыя хаты.

У ліпені 1915 г. на ўчастку Кобрын — Баранавічы Брэсцка-Маскоўскай шашы знаходзілася 400 тыс. бежанцаў. Неймаверна цяжкім быў гэты зыход: летняя спёка, клубы пылу, смага, якую нельга было наталіць, таму што прыдарожныя студні і вадаёмы былі вычарпаны  да дна. Асабліва пакутавалі дзеці, старыя і хворыя. Шмат магіл пакінулі пасля сябе бежанскія абозы.

За сотні вёрстаў ад фронту, у раёне Бабруйска  ці Рагачова, заканчваўся шлях пакутнікаў. Тут паўтаралася тое, што калісьці назіралася ў Кобрыне: засядала камісія, якая закупляла кароў, коней з павозкамі, а саміх бежанцаў загружалі ў вагоны і адпраўлялі да новых месцаў жыхарства.  Па такім сцэнарыі адбывалася эвакуацыя вёскі. З гараджанамі справа абстаяла інакш. Паколькі большасць жыхароў заходнебеларускіх гарадоў складалі яўрэі, то прымусовая эвакуацыя іх не закранула, бо дзейнічаў закон аб рысе аселасці. Не шмат было і добраахвотнікаў. Што датычыцца мяшчан-землеўласнікаў, то ў большай частцы яны, як і сяляне, уласным ходам на сваіх конях адпраўляліся  ў бежанства. Сем’і служылага люду  эвакуіраваліся ў таварных вагонах, прыстасаваных для перавозкі людзей. Чыноўнікам, якія эвакуіраваліся, выдаваліся пад’ёмныя — трохмесячныя аклады, на сям’ю дазвалялася браць не больш 10 пудоў багажу.

Згодна плану эвакуацыі для размяшчэння кобрынскіх устаноў былі вызначаны г. Масальск Калужскай і г. Усмань Тамбоўскай губерняў. У гэтыя ж губерні было рэкамендавана накіроўвацца і астатнім жыхарам горада і павета. Аднак далёка не ўсе прыслухаліся да гэтай парады: многія раз’ехаліся  па неабсяжных прасторах Расіі.

Дапамогай бежанцам займалася асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў, створаная пры міністры ўнутраных спраў, разнастайныя дабрачынныя арганізацыі, у т.л. нацыянальныя.

У 1918 г. пасля заканчэння сусветнай вайны толькі асобным жыхарам Кобрыншчыны пашчасціла вярнуцца на радзіму. Рэвалюцыі, грамадзянская вайна ў Расіі, савецка-польская вайна ўскладнілі вяртанне  бежанцаў. Гэты працэс для іх расцягнуўся да канца 1923 г. Прычым, каб пераадолець зваротны шлях рэпатрыянтам патрэбна было праявіць уласную ініцыятыву і патраціць шмат намаганняў. Вяртацца прыходзілася ўжо ў іншую краіну, паколькі Кобрыншчына, паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г., адышла да Польшчы. Шлях да родных мясцін ляжаў праз Баранавічы, на ўскраіне якіх у былых бараках для ваеннапалонных быў размешчаны цэнтральны каранцін. У ім людзей утрымлівалі два тыдні для папярэджання магчымых эпідэмічных захворванняў. Адначасова супрацоўнікі польскай дэфензівы займаліся прасейваннем падазроных элементаў у пошуках «бальшавіцкіх агентаў», якіх адпраўлялі назад.

Рэдка каму з тых, хто вярнуўся, удалося застаць адносна ўцалелае жыллё з надворнымі пабудовамі. У большасці выпадкаў вяртанне было на папялішчы родных хат. Людзі вымушаны былі жыць у зямлянках, пакуль будавалася новае жыллё. Забудоўшчыкам часткова бязвыплатна, часткова на льготных умовах адпускаўся будаўнічы лес. У гарадах дзейнічала амерыканская дабрачынная місія, якая дапамагала рэпатрыянтам абуткам, адзеннем, прадуктамі харчавання, ішла дапамога і ад землякоў, якія калісьці паехалі на заробкі ў ЗША і Канаду і засталіся там. У адрозненні ад вёсак гарадская забудова выстаяла амаль цалкам. Больш гараджанам перападала і дапамогі ад розных дабрачынных фондаў і арганізацый, таму наступствы бежанства на вёсцы ў і горадзе пераадольваліся па-рознаму. Аднаўленне сельскай гаспадаркі расцягнулася на доўгія гады. Нават яшчэ і ў 1931 г. ураджайнасць асноўных культур заставалася нізкай.

А.М.Мартынаў

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.