Біяграфічны нарыс

Сідарук Праскоўя Сямёнаўна

біяграфічны нарыс

Праскоўя Сямёнаўна Сідарук нарадзілася 25 лістапада 1909 года ў в. Ілаўск Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.

Яе біяграфія — жыццёвая і працоўная — у многім тыпічная для заходніх беларусаў старэйшага пакалення, якія зведалі на сабе акупацыйны рэжым і панскі прыгнёт, з маладых гадоў уключаліся ў вызваленчую палітычную барацьбу.

У доме Сідарукоў у 1925 годзе была адкрыта так званая рабоча-сялянская бібліятэка, дзе замест дазволеных цэнзурай кніг аб «добрых» панах і «шчаслівых» сялянах чыталі літаратуру, якая тайком дастаўлялася з усходу, расказвалі вясковым юнакам і дзяўчатам аб новым жыцці, аб неабходнасці змагацца за новае жыццё. Разам з братам, членам КПЗБ Ігнатам Сямёнавічам, Праскоўя Сідарук прымала актыўны ўдзел у падпольным руху за вызваленне Заходняй Беларусі з-пад улады Польшчы, была непасрэдным удзельнікам вераснёўскіх падзей 1939 года на Кобрыншчыне.

Да 1928 года працавала ў гаспадарцы бацькоў, наступныя чатыры гады была работніцай у швейнай майстэрні ў г. Кобрыне. З 1927 года Праскоўя Сідарук — член камсамола Заходняй Беларусі, у 1931 годзе ўступіла ў КПЗБ. Вяла прапагандысцкую работу сярод насельніцтва, стварала падпольныя ячэйкі ў вёсках, збірала сродкі для палітзняволеных, арганізоўвала чыткі забароненай літаратуры, распаўсюджанне лістовак, вывешванне чырвоных флагоў, транспарантаў.

За палітычную дзейнасць і прыналежнасць да КПЗБ Праскоўя Сідарук у 1932 годзе была асуджана да двух гадоў турэмнага зняволення. Пасля кароткага знаходжання на волі, у 1935 годзе, зноў стала палітвязнем у польскай турме, дзе знаходзілася да 1939 года. Вясковая дзяўчына, яна была на рэдкасць адважнай і свабодалюбівай. Актыўная падпольная дзейнасць, распаўсюджванне нелегальнай літаратуры, праца з людзьмі — і арышты, допыты, турмы.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе П. С. Сідарук актыўна ўключылася ў наладжванне новага жыцця. Нейкі час загадвала дзіцячым садком у Кобрыне. У кастрычніку 1939 года была абрана дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, што праходзіў ў Беластоку, галасавала за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

У 1940 годзе П. С. Сідарук апынулася ў Паволжы. Пераехала ў Саратаўскую вобласць, дзе да 1943 года працавала старшынёй сельскага Савета ў мястэчку Гарадзец, падлікоўцам у калгасе «20 гадоў Кастрычніка».

У 1943 годзе П. С. Сідарук становіцца курсантам спецшколы ў Маскве, пасля заканчэння якой у студзені 1944 года перакінута на акупіраваную фашыстамі тэрыторыю Беларусі ў распараджэнне Брэсцкага падпольнага абкама партыі для арганізацыі падпольнай і партызанскай барацьбы.  Была інструктарам Антопальскага падпольнага райкама КП(б)Б, які знаходзіўся ў партызанскім атрадзе імя Кірава. Вяла вялікую растлумачальную работу сярод насельніцтва, заклікала да барацьбы з акупантамі, з-за чаго не раз была на краю гібелі. Жыхары многіх вёсак былога Антопальскага і Кобрынскага раёнаў памяталі яе палымяныя выступленні, якія ўсялялі веру ў перамогу.

Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў Праскоўя Сямёнаўна шмат працавала па аднаўленні разбуранай гаспадаркі, наладжванні мірнага жыцця. У 1944 годзе кароткі час была трэцім сакратаром Антопальскага РК КП(б)Б. З 1944 па 1946 год з’яўлялася слухачом партшколы пры ЦК КПБ у Мінску.

Пасля заканчэння партшколы і да 1948 года загадвала аддзелам па рабоце сярод жанчын Кобрынскага РК КП(б)Б. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР другога склікання (1947–1951). З 1948 па 1953 год — трэці сакратар Кобрынскага райкама КП(б)Б. У 1953 годзе Праскоўя Сямёнаўна пераходзіць на савецкую работу і на працягу шасці гадоў працуе намеснікам старшыні Кобрынскага райвыканкама.

У 1959 годзе П. С. Сідарук выйшла на пенсію, але яшчэ шмат гадоў прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада і раёна. Была членам партыйнай камісіі пры гаркаме КПБ, членам савета ветэранаў, членам камісіі па ахове помнікаў. Яе гутаркі і ўспаміны аб мінулым, аб барацьбе з ворагамі Савецкай улады ўважліва слухалі школьнікі і дарослыя, вучыліся ў яе стойкасці, адданасці і вернасці Радзіме, свайму народу. З 1969 года Праскоўя Сямёнаўна — персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння.

За баявыя заслугі ў Вялікай Айчыннай вайне, працоўную дзейнасць П. С. Сідарук адзначана шматлікімі ўзнагародамі: ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «Партизану Отечественной войны» I ступені, «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина» (1970), «Сорок лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (1985) і інш., знакам «Партизан Белоруссии». У сувязі з 60-годдзем БССР і Кампартыі Беларусі ўзнагароджана ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1979).

Высокую ацэнку працы П. С. Сідарук далі і кабрынчане, удастоіўшы яе ў 1964 годзе звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына» (рашэнне Кобрынскага гарадскога выканкама № 203 ад 18.07.1964).

Праскоўя Сямёнаўна Сідарук памерла 2 чэрвеня 2001 года на 92-м годзе жыцця.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.