Біяграфічны нарыс

САНДАЛАЎ ЛЕАНІД МІХАЙЛАВІЧ

біяграфічны нарыс

Сандалаў Леанід Міхайлавіч нарадзіўся 28 сакавіка (10 красавіка) 1900 года ў г. Вічуга Іванаўскай вобласці (Расія). У восем гадоў бацькі аддалі яго ў Тэзінскае пяцікласнае фабрычнае вучылішча, якое Леанід скончыў з пахвальнай граматай.

Да 1919 года працаваў на фабрыцы. Быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў мясцовай камсамольскай арганізацыі. Увесну 1919 года добраахвотна паступіў на Іванава-Узнясенскія курсы камсаставу, затым ваяваў на франтах Грамадзянскай вайны. У Чырвонай арміі з 1919 года. Член КПСС з 1925 года.

У 1926 годзе Леанід Сандалаў скончыў Кіеўскую аб’яднаную ваенную школу камандзіраў, у 1934 г. — Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе, у 1937 г. — Ваенную акадэмію Генштаба.

Ён удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. З 1940 года Л. М. Сандалаў начальнік штаба, у ліпені-жніўні 1941 года — камандуючы 4-й арміяй, начальнік штаба Цэнтральнага фронту. Удзельнік баёў на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у абарончых баях у раёне Брэста, Жабінкі, Кобрына і інш. У 1941-1945 гг. начальнік штаба Бранскага, 2-га Прыбалтыйскага, 4-га Украінскага франтоў. Генерал-палкоўнік (1944).

Да 1953 года — на камандных пасадах у Савецкай арміі. У 1953-1955 гг. знаходзіўся ў распараджэнні Міністра абароны СССР. З верасня 1955 года ў запасе.

Л. М. Сандалаў — аўтар шэрагу мемуараў пра Вялікую Айчынную вайну: «Пагарэла-Гарадзішчанская аперацыя» (1960), «Цяжкія рубяжы» (1965), «Перажытае» (1966), «На маскоўскім напрамку» (1970), «Пасля пералому» (1983).

Леанід Міхайлавіч узнагароджаны 3 ордэнамі Леніна, 4 ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава і Кутузава I ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі, а таксама замежнымі ордэнамі.

У 1966 годзе Л. М. Сандалаў стаў Ганаровым грамадзянінам горада Кобрына (рашэнне выканкама Кобрынскага гарадскога Савета дэпутатаў № 261 ад 30.08.1966).

Памёр Леанід Міхайлавіч 23 кастрычніка 1987 года.

Леанід Міхайлавіч Сандалаў па праве належыць да выдатнай плеяды палкаводцаў і военачальнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Кіруючы армейскімі, а затым і франтавымі штабамі, ён прайшоў нялёгкімі дарогамі вайны з першага да апошняга яе дня.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.