Замковіч, А. Ад аграгарадкоў — да атамных станцый / Аркадзь Замковіч ; [запісаў] Дзмітрый Бялоў // Кобрынскi веснiк. — 2012. – 21 красавіка (№ 33). — C. 2.
Будтрэст № 33 г. Кобрына, дырэктарам якога з’яўляецца Аркадзь Замковіч, выходзіць на міжнародны рынак.
Ад аграгарадкоў — да атамных станцый
Калі мы глядзім на нашу Кобрыншчыну, захапляемся прыгажосцю яе вуліц, камфортам новых аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры і жылых масіваў, то даволі рэдка ўспамінаем пра тых, дзякуючы чыёй працы наш горад сёння стаў такім, які ён ёсць, — пра будаўнікоў. У спісе будаўнічага трэста № 33 — вядучай арганізацыі Кобрыншчыны ў гэтай сферы — цэлы шэраг самых розных аб’ектаў. Яго спецыялісты прыклалі свае працавітыя рукі і да парку імя Суворава, і да новага басейна, і да амфітэатра, і да рэканструкцыі Палаца культуры — не гаворачы ўжо пра шматлікія квадратныя метры жылля, якое будавалася раней і будуецца сёння. Аб тым, як жыве трэст, расказвае дырэктар Аркадзь Замковіч.
— Галоўны напрамак дзейнасці нашай арганізацыі сёння — будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’- ектаў і жылля. Ідзе рэканструкцыя трох фермаў — у ААТ “Днепра-Бугскае”, СВК “Вербнае”, СВК “Навасёлкаўскі”, да таго ж новая ферма на тысячу галоў будуецца ў вёсцы Лука — там ужо ўведзены першы корпус, зараз ідуць работы па будаўніцтве малочнадаільнага блока і мантаж фундамента пад другі будынак. Адначасова з мясцовымі аб’ектамі за
кошт уласных сродкаў вядзем рэканструкцыю фермы на Пружаншчыне, увод у эксплуатацыю якой запланаваны ўжо на чэрвень.
Не стаіць на месцы і будаўніцтва жылля. У студзені трэстам быў здадзены дом жыллёва-будаўнічага кааператыва № 258, зараз узводзяцца жылыя дамы на 38, 59 і 72 кватэры, пачынаецца будаўніцтва ЖБСК-62. Мы наведалі будоўлю жылога дома, што вядзецца па вуліцы Дружбы. Як адзначыў прараб Віталь Навумчык, дом будзе на 38 кватэр — да таго ж з аптэкай, што, без сумнення, ацэняць будучыя жыльцы. На сённяшні дзень ужо будуецца 4-ты паверх — тэрмін здачы дома акрэслены на канец ліпеня. Галоўнае — закончыць кладку, тады можна будзе ў поўнай меры прыступаць да тынкоўкі і іншых унутраных работ.
Зразумела, як і ў любой будаўнічай арганізацыі, існуюць і свае цяжкасці. У прыватнасці, актуальным з’яўляецца адток кадраў — у пошуках большых грошай некаторыя будаўнікі выбіраюць цяжкі і небяспечны хлеб у паездках у Расію, асабліва гэта адчуваецца ў дачыненні муляраў і бетоншчыкаў. Аднак большасць застаецца і працягвае самааддана працаваць на дабрабыт роднай Кобрыншчыны.
Нельга не адзначыць і замежныя кантакты будаўнічага трэста. Так, у планах арганізацыі, якімі падзяліўся Аркадзь Замковіч, — работа ў Калінінградскай вобласці, дзе кабрынчане будуць будаваць камбікормавы завод. Задача даволі адказная — па сутнасці, гэта першыя замежныя работы трэста, і менавіта ад іх якасці ў многім залежыць рэпутацыя кобрынскіх будаўнікоў на міжнародным рынку працы. Першыя выезды кобрынскіх брыгад плануюцца ўжо ў маі. Ёсць у Калінінградскай вобласці і іншыя праекты для трэста — напрыклад, будаўніцтва жывёлагадоўчых фермаў па беларускаму ўзору. У якасці субпадрадчыкаў будаўнічы трэст № 33 плануе выконваць работы і ў Маскве — у прыватнасці, гаворка ідзе пра будучае будаўніцтва пасольства. Наладжваюцца кантакты і са Смаленскам — там актуальным з’яўляецца будаўніцтва жылля. У шэрагу планаў арганізацыі — удзел у будаўніцтве атамнай станцыі, на гэтую тэму зараз вядуцца перагаворы.
Спадзяемся, што прафесіяналізм кобрынскіх будаўнікоў, які ўжо неаднаразова пацвярджаўся жыццём на самых розных узроўнях, абавязкова атрымае заслужанае прызнанне на ўсіх аб’ектах, незалежна ад іх складанасці і адказнасці.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.