Біяграфічны нарыс

Дземідзюк Таццяна Паўлаўна

Біяграфічны нарыс

Дземідзюк Таццяна Паўлаўна нарадзілася 12 ліпеня 1966 года ў в. Хідры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Усе яе продкі – працаўнікі сяла. Тут, у калгасе «Зара», з моманту яго заснавання, працавалі абедзве бабулі Таццяны Паўлаўны, затым бацька і маці.

Кошт сялянскай працы Таццяна ведала з дзяцінства. Бацькі былі для дзяўчынкі прыкладам, яна памятала іх наказ: «Зямля, як жывая істота, якой патрэбны догляд і ўвага. Будзеш укладваць сілы ў зямлю – яна абавязкова аддзякуе». Невыпадкова пасля заканчэння Хідрынскай сярэдняй школы Таццяна пайшла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава. У 1987 годзе закончыла інстытут па спецыяльнасці «Планаванне сельскай гаспадаркі».

Увесь працоўны шлях Таццяны Дземідзюк звязаны з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Сваю працоўную дзейнасць пачала ў 1986 годзе эканамістам калгаса «Дружба» Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Затым працавала эканамістам калгаса «Зара» Кобрынскага раёна, які ў далейшым перайменаваны ў СВК «Узыходзячая зара». Працавала намеснікам старшыні, выконвала абавязкі старшыні кааператыва. Вялікую ролю ў станаўленні Т. П. Дземідзюк як спецыяліста адыгралі тагачасныя старшыня гаспадаркі Іван Іванавіч Тарасюк і яго намеснік Зоя Уладзіміраўна Дубінка. Аб выдатнай рабоце гэтых знакамітых людзей, заслужаных работніках сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, іх выключных чалавечых і маральна-дзелавых якасцях ведала ўся краіна.

Са жніўня 2010 года Т. П. Дземідзюк назначана на пасаду старшыні СВК «Узыходзячая зара». Высокі прафесіяналізм, адказнасць, ініцыятыва і настойлівасць у вырашэнні вытворчых пытанняў, прынцыповасць, дзелавітасць, новыя падыходы дазваляюць Таццяне Паўлаўне дабівацца значнага ўмацавання эканомікі гаспадаркі, павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, росту прадукцыйнасці жывёлагадоўлі.

За гэты перыяд гаспадарка дасягнула вялікіх вынікаў. У 2013 годзе за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці СВК «Узыходзячая зара» ўзнагароджаны дыпломам III ступені, які быў заваяваны ў спаборніцтве сярод арганізацый АПК Брэсцкай вобласці. Гаспадарка займае другую пазіцыю ў вобласці па паказчыках надояў малака. У 2023 годзе ад каровы тут атрымалі па 10.145 кілаграмаў малака, пры гэтым гадавая прыбаўка склала па 805  кілаграмаў. У 2024 годзе па прадуктыўнасці дойнага статка калектыў заняў другое месца ў Брэсцкай вобласці з вынікам 11.716 кілаграмаў.

Работнікам СВК «Узыходзячая зара», а іх каля 300 чалавек, створаны ўсе ўмовы для працы і адпачынку. У складзе прадпрыемства не толькі малочнатаварныя, жывёлагадоўчыя фермы, свінагадоўчы і зернесушыльны комплексы, паляводчыя брыгады, транспартны парк, рамонтныя майстэрні, але і сталовая, дзіцячы сад, плавальны басейн, масажны і зубапратэзны кабінеты. Кааператыў дапамог пабудаваць у Хідрах, дзе пражывае больш за 800  чалавек, праваслаўны храм, узяўшы будаўніцтва на баланс вясной 2008 года. 25 лютага 2016 года храм асвяціў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. На ўрачыстасці Т. П. Дземідзюк за вялікі ўклад у будаўніцтва храма ўручаны ордэн прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Таццяна Паўлаўна вядзе вялікую грамадскую дзейнасць, абрана дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ХХVIII склікання (2022).

За час сваёй працы Т. П. Дземідзюк не раз удастойвалася ганаровых узнагарод і званняў. Узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі» (2016), Ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Ганаровымі граматамі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, граматай Кобрынскага райвыканкама і інш. Пераможца абласнога конкурсу «Жанчына года – 2011» у намінацыі «За ўклад у развіццё вёскі». Рашэннем Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў ад 27  снежня 2024 года № 37 за выбітны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Кобрынскага раёна і грамадскую дзейнасць Т. П. Дземідзюк, старшыні сельскагаспадарчай вытворчасці кааператыва «Узыходзячая зара», прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.