Валасюк, Л. Мікалай Кузьміч – мастак-эмальер / Леанід Валасюк // Ёсць такая вёска Песцянькі (Пыстынькы). Выспы памяці : кніга эсэ / Леанід Валасюк. – Брэст, 2023. – С. 262-266 : фат.
Мікалай Кузьміч — мастак-эмальер
Пішучы пра сваіх землякоў-аднавяскоўцаў, нельга не прыгадаць і такого вядомага чалавека, як мастак-эмальер Мікалай Пятровіч Кузьміч. Ён таксама мой зямляк і калега па Беларускаму саюзу мастакоў.
Мікалай Пятровіч назаўжды ўнісаў сваё імя ў гісторыю Беларусі, калі ў 1992-1997 гадах аднавіў адну з нацыянальных святыняў — Крыж Еўфрасінні Полацкай, які захоўваецца ў Свята-Еўфрасіннеўскай царкве Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. У 1998-2002 гадах ён зрабіў стаўратэку (сховішча для Крыжа), а ў 2003-2007 гг. — раку для мошчаў самой Еўфрасінні Полацкай.
Дзяржава і праваслаўная царква высока ацанілі працу мастака-ювеліра. Мікалай Кузьміч з’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, “ Чалавекам года”, “ Человеком стагоддзя”, лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, кавалерам ордэнаў Францыска Скарыны, Рускай праваслаўнай царквы ў імя Святого раўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра і Крыжа Святой Еўфрасінні Полацкай, медаля князя Канстанціна Астрожскага і іншых. Мікалай Пятровіч таксама займаецца і грамадскай дзейнасцю — ён узначальваў Брэсцкую абласную арганізацыю Беларускага союза мастакоў з 2004-га па 2010 год, а ў 2019 годзе ізноў абраны кіраўніком і з’яўляецца ім да гэтага часу. Мастак актыўна працуе над шматлікімі творчымі проектамі (наградны Знак імя М. Селешчука), удзельнічае ў выставах, стварае ўнікальныя аўтарскія ўпрыгажэнні.
Мікалай Пятровіч Кузьміч нарадзіўся 28 лістапада 1950 года ў вёсцы Патрыкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Калі Мікалаю споўнілася 11 гадоў, бацька вырашыў перавезці сям’ю ў Расію. Наступныя 10 гадоў прайшлі ў данской станіцы. Маці даіла кароў, бацька даглядаў жывёлу. Мікалай, закончыўшы прафтэхвучылішча па спецыяльнасці “Трактарыст-машыніст”, паспеў паспрабаваць сябе ў якасці калгаснага механізатара. Сюды ж вярнуўся пасля службы на Паўночным флоце. Пасля смерці бацькі ўсёй сям’ёй, з маці і сёстрамі, вярнуўся на радзіму, у Беларусь.
Юнака не пакідала моцнае жаданне атрымаць прафесійную адукацыю, вывучыцца на мастака. Усюды Мікалай хадзіў з эцюднікам, нешта маляваў. Вучыўся ў народным універсітэце мастацтваў імя Н. К. Крупскай (Масква) — гэта былі ў тыя гады вельмі папулярныя завочныя курсы для ўсіх жадаючых асвоіць выяўленчае і іншыя віды мастацтваў.
Мікалай Кузьміч, брэсцкі мастак-эмальер, прачнуўся знакамітыму 1997 годзе, калі ўзнавіў па замове Беларускага экзархата РПЦ нашу нацыянальную святыню — Крыж Еўфрасінні Полацкай. 3 таго часу яго імя на слыху па ўсёй Беларусі і не толькі.
Нібыта непрыкметна-павольна цурчыць час скрозь далоні працавітых рук мастака-эмальера, а ўжо за плячыма семдзесят пражытых гадоў, з якіх палова аддадзена служэнню ў мастацтве…
А напачатку ў будучага знакамітага творцы былі неаднаразовыя спробы паступіць у Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, куды ў рэшце рэшт трапіў толькі ў 28-гадовым узросце (годам пазней прыёмная камісія нават не дапусціла б яго да іспытаў). Скончыў вучылішча ў 33 гады (сімвалічны ўзрост!). Працаваў афарміцелем у Кобрынскім доме культуры, мастаком-пастаноўшчыкам на Брэсцкім тэлебачанні, памочнікам мастака ў Брэсцкім драмтэатры. Праз некалькі гадоў, убачыўшы ювелірныя вырабы з эмаллю, “загарэўся” гэтай справай. Пачынаў сваю творчую дзейнасць Мікалай Пятровіч з невялікіх ювелірных аздабленняў з медзі, мельхіёру і бронзы. З 1998 года працуе мастаком у Мінскай епархіі.
Ужо тады Мікалая моцна захапіла мастацтва эмалі. Кваліфікаваных спецыялістаў у гэтай унікальнай, вядомай яшчэ са старажытных часоў справе на той час у Беларусі не было. (На землі Кіеўскай Русі эмальерная справа прыйшла з Візантыі больш за тысячу гадоў таму). Мікалай Кузьміч ездзіў на ўсесаюзныя, міжнародныя выставы і сімпозіумы ў Юрмалу, Палангу, іспанскі горад Ла-Карунья. Тыя творчыя камандзіроўкі дапамаглі мастаку ва ўдасканаленні эмальернай тэхнікі: працуючы побач з вядомымі майстрамі, ён набываў не толькі каштоўны вопыт, але і шукаў асабісты мастакоўскі стыль і шлях. Не ўсе ведаюць, што эмаль аб’ядноўвае ў сабе шматвобразнасць тэхнічных магчымасцей. Саюз агню, металу і крохкага шкла дае незвычайны каларыстычны і фактурны эфект. Перапальванне і недапальванне матэрыялу ўзбагачае палітру. А ў творах Мікалая Кузьміча тэхніка і матэрыял узаемна дапаўняюць і ўзбагачаюць адно аднаго. Пазней работы мастака-эмальера знайшлі пачэснае месца ў музеях, галерэях, прыватных калекцыях шэрагу краін Еўропы і Амерыкі.
Ведаю Мікалая Пятровіча даўно. А бліжэй сутыкнуўся, калі той на пачатку новага тысячагоддзя першы раз стаў старшынёй Брэсцкай абласной арганізацыі ЕА “Беларускі саюз мастакоў”. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў два тэрміны і атрымаў званне “Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі”. Канечне, адміністратыўна-ўпраўленчая праца не творчая, у той жа час шмат удалося зрабіць і на гэтай пасадзе для мастакоў Берасцейшчыны: адсвяткавалі 60-годдзе Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза мастакоў вялікай выставай у выставачнай зале па вуліцы Савецкай, прыёмам у губернатара Канстанціна Сумара (у падарунак мастакі атрымалі сігнальныя экзэмпляры новага альбома-каталога “Мастакі Берасцейшчыны”), два гады запар праводзілі абменныя выставы з польскімі калегамі Познані.
За гэтыя гады Мікалай Кузьміч аднавіў раку (дамавіну), у якой знаходзяцца цяпер астанкі святой Еўфрасінні Полацкай, правёў персанальныя выставы творчых работ-эмаляў у Мінску, Полацку і Брэсце, даўшы волю фантазіі і майстэрству. Цыклы твораў “Вежы”, “Беларуская Антлантыда” (знакамітыя постаці з гісторыі Беларусі: Рагвалод, Усяслаў, Брачыслаў, Еўфрасіння Полацкая і іншыя) і абстрактныя кампазіцыі былі з цікавасцю сустрэты аматарамі выяўленчага мастацтва Беларусі. Пазней значную частку гэтых эмаляў Мікалай Кузьміч падарыў Мастацкаму музею ў Брэсцкай крэпасці.
Мікалая Кузьміча часта называюць Лазарам Богшам XXI ст., бо менавіта ён раскрыў сакрэты вядомага сярэдневяковага майстра, у дасканаласці авалодаўшы старажытнавізантыйскім мастацтвам перагародчатай эмалі. На працягу ўсёй творчай дзейнасці Мікалай Пятровіч звяртаецца да стварэння работ у тэхніцы гарачай эмалі. Творы незвычайна вобразныя і выразныя. Сярод іх — эмаль “Беларуская Атлантыда”, серыі “Вежы”, “Кветкавы рай”, дэкаратыўныя кампазіцыі “Блакітныя сны”, “Купалле”, “Слуцкія паясы”, “Рэгата” і інш. Полацкія матывы, помнікі даўніны, лікі беларускіх святых і яркія летнія асацыяцыі — тэмы невялікіх, але экспрэсіўных работ. Аўтар ажыўляе мінулае і стварае гармонію духу і майстэрства, уводзіць у традыцыйныя тэмы новыя эксперыментальныя матывы, узбагачае іх сучаснымі прачытаннямі.
Мікалай Пятровіч вядомы і як мастак, які вывучыў і аднавіў унікальную старажытную візантыйскую тэхніку перагародчатай эмалі. Спатрэбіліся доўгія гады даследчыцкай работы, пакуль авалодаў гэтай вельмі складанай тэхнікай, якую пасля выкарыстаў для аднаўлення Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Выдатна, што ў Беларусі ёсць такі майстра-эмальер, з імем якога звязваюць сучаснае адраджэнне беларускага эмальернага мастацтва. У нашы часы эмаль вярнулася, прыцягвае ўвагу ювеліраў, мастакоў, скульптараў, манументалістаў. Мастакі выкарыстоўваюць у сваёй працы нетрадыцыйныя метады ў эмальернай тэхніцы. Сёння творчыя памкненні знакамітага мастака не абмяжоўваюцца толькі аднаўленнем праваслаўных рэліквій. Полацкія матывы, зніклыя помнікі даўніны, вобразы беларускіх святых, летнія асацыяцыі — тэмы невялікіх цікавых работ па метале, у якіх пануе гармонія духу і майстэрства.
Мікалай Пятровіч Кузьміч з’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі (2007), “Чалавекам года” (1997), “Чалавекам стагоддзя” (1997), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1997), прэміі “Берасцейская зорка” (1997), пераможцам першай Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва (2017). Кавалер ордэнаў Францыска Скарыны, Святога Уладзіміра III ступені і Еўфрасінні Полацкай, Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай (2002), узнагароджаны медалямі князя Канстанціна Астрожскага (Полынча) і Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”. У 2019 годзе, напярэдадні 1000-гадовага юбілея Брэста, мастак-эмальер Мікалай Кузьміч стаў ганаровым грамадзянінам горада Брэста.
Работа над аднаўленнем нацыянальнай рэліквіі заняла ў Мікалая Кузьміча каля пяці гадоў і, як ён сам прызнаецца, не толькі пакінула адметны след на яго жыццёвым шляху, але і прымусіла істотна перагледзець свае адносіны да многіх з’яў, грамадскіх працэсаў і нават некаторых агульначалавечых каштоўнасцей.
Імя Мікалая Пятровіча Кузьміча зараз добра вядома ў культурным асяродку не толькі нашай краіны. Працуючы ў даволі рэдкім для беларускага выяўленчага мастацтва стылі — тэхніцы перагародчатай эмалі — і вырабляючы арыгінальныя ювелірныя ўпрыгажэнні, ён атрымаў высокае прызнанне сярод знаўцаў і прыхільнікаў прыгожага мастацтва. Сусветную вядомасць мастаку прынёс адноўлены ім паводле старажытнага ўзору Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які больш за 850 гадоў з’яўляецца адной са святыняў беларускага народа, нягледзечы на тое, што быў страчаны ў 1941-м, на самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны.