Зінкевіч, І. Неўміручая памяць : да 25-годдзя Вялікай Перамогі / Іван Зінкевіч // Камуністычная праца. – 1970. – 21 лютага (№ 23). – С. 2.
Іван Фёдаравіч Мілаянін прайшоў Вялікую Айчынную вайну да канца і закончыў у Берліне.
Неўміручая памяць
У 1932 годзе Іван Міілаянін скончыў тэхнікум. Дваццацігадовага юнака прызначылі заатэхнікам. Потым працаваў у зямельным аддзеле. Стараўся малады спецыяліст, рабіў усё магчымае, каб радзіла зямля, каб у кожны дом прыйшлі дастатак і заможнасць.
Вайна застала малодшага лейтэнанта Мілаяніна ў невялікім гарадку Перамышляны, што на Львоўшчыне. Яго прызначылі камандзірам роты сапёрнага батальёна. Чырвонаармейцы капалі супрацьтанкавыя равы, будавалі ўмацаванні, узводзілі абаронныя рубяжы. Чырвоная Армія адступала на ўсход. Цяжкімі, горкімі былі тыя дні для ўсіх савецкіх людзей.
I да сённяшніх дзён Іван Фёдаравіч добра памятае, як ля Таганрога савецкія салдаты вялі внлёгкія баі з танкавай арміяй нямецкага генерала Клейста. Помніць чорную літару «К» на кожным варожым танку — пачатковую літару прозвішча генерала. Не дапамагла фашистам гэтая сімволіка. Ужо тады, у канцы 41-га, браніраваная армада Клейста за некалькі дзён была разгромлена і адкінута на захад.
Не злічыць тых кіламетраў, якія прайшоў франтавымі дарогамі Іван Фёдаравіч Мілаянін разам са сваімі байцамі. Ваяваў на Сталінградскім фронце, у Сальскіх стэпах.
Аднойчы вечарам пасля жорсткага бою за станіцу Кагальніцкую Івана Мілаяніна прынялі кандыдатам у члены КПСС. Было гэта 3 лютага 1943 года.
Праз тры месяцы з двух стралковых брыгад была сфарміравана стралковая дывізія, у якой I. Ф. Мілаянін прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да намесніка камандзіра палка. У саставе дывізіі Іван Фёдаравіч ваяваў да апошняга дня вайны. Абставіны склаліся так, што яму прышлося вызваляць гарады паўднёвай Украіны — тыя самыя, якія ў пачатку вайны давялося пакінуць.
Вызваляў Іван Фёдаравіч і Беларусь: Слуцк, Баранавічы, Брэст. Аднойчы разведка данесла, што ля пасёлка Медухаў пад Бабруйскім лесам рухаецца артылерыйская калона гітлераўцаў. Нашы часці ў двух месцах зрабілі засаду, перакрылі дарогу. Ворагі трапілі пад магутны перакрыжавальны агонь савецкіх аўтаматчыкаў. Многа фашыстаў было знішчана ў тым баі. Усю варожую тэхніку захапілі нашы байцы. За ўдзел у гэтым баі капітана Мілаяніна ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны першай ступені.
У ліпені 1944 года падраздзяленне Мілаяніна праходзіла праз вёскі Запруды, Астромічы, Падалессе, Пелішча, Відамлю, Чарнаўчыцы. Давялося Івану Фёдаравічу удзельнічаць таксама ў разгроме гітлераўскай арміі ва Усходняй Прусіі, на подступах да Берліна, вызваляць гарады Чэхаславакіі…
Пасля вайны працаваў у апараце абкома партыі. А потым восем гадоў узначальваў у Кобрынскім раёне калгас «Перамога».
Цяпер у Івана Фёдаравіча самая мірная прафесія. Ён — старшыня Кобрынскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. Рабочыя міжкалгасбуда ўзводзяць у калгасах аб’екты бытавога прызначэння, жывёлагадоўчыя памяшканні, жылыя дамы.
Даўно адгрымела вайна. Савецкія людзі залячылі яе раны і цяпер заняты мірнай стваральнай працай. За гэты час I. Ф. Мілаянін атрымаў «мірныя ўзнагароды» — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаль «За працоўную адзнаку».
Але памяць зноў і зноў вяртае да суровых выпрабаванняў ваенных гадоў. Іван Фёдаравіч дастае тады свае ваенныя запісы, якія вёў амаль штодзённа. Як жывыя, паўстаюць перад ім таварышы па зброі. Некаторыя з іх да гэтага часу не забываюць свайго камандзіра, прысылаюць пісьмы, святочныя віншаванні.
А многія загінулі на франтавых дарогах ад Сталінграда да Берліна. Але памяць аб героях не памірае, не забываецца. Народ заўсёды будзе памятаць тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы, за шчасце і мір на зямлі.
Б. ЗІНКЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Іван Фёдаравіч Мілаянін.
Фота 1945 года.