БАРЫСАЎ ДЗМІТРЫЙ КУЗЬМІЧ
біяграфічны нарыс

Барысаў Дзмітрый Кузьміч — нарадзіўся 12 мая 1911 года ў вёсцы Ясенкі Тульскай губерні (цяпер Тульскай вобласці). Працаваў машыністам урубачнай машыны на шахце ў г. Анжэра-Суджэнск Кемераўскай вобласці, на Кузбасе. У 1929 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію.
Вялікую Айчынную вайну Дзмітрый Барысаў сустрэў пад горадам Сумы ў складзе 20-й арміі. У гады вайны займаў высокія камандныя пасады. З ліпеня 1941 года па ліпень 1943 года служыў начальнікам штаба зенітнага дывізіёна.
У верасні 1943 года Д. К. Барысаў назначаны камандзірам 1282-га армейскага зенітнага артылерыйскага ордэна Кутузава палка. У ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі гэты полк у складзе 38-й артылерыйскай брыгады 61-й арміі вёў баі за Кобрын, які быў вызвалены 20 ліпеня 1944 года. У ліку іншых дванаццаці воінскіх фарміраванняў, якія вызвалялі горад, 1282-му палку пад камандаваннем Д. К. Барысава было прысвоена ганаровае найменне «Кобрынскі».
Палкоўнік Д. К. Барысаў удзельнічаў у наступных бітвах: Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя, Днепрапятроўская франтавая наступальная аперацыя, Кіеўская стратэгічная наступальная аперацыя, Варшаўска-Познанская наступальная аперацыя, Берлінская стратэгічная наступальная аперацыя. Вайну закончыў у Берліне.
У 1974 годзе Д. К. Барысаву было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына». Дзмітрый Кузьміч прыязджаў у наш горад на святкаванне 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1974) і ў знак глыбокай падзякі перадаў свае сямейныя рэліквіі на пастаяннае захоўванне ў Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава.
У фондах музея захоўваецца гістарычны здымак, на якім адлюстраваны момант перадачы пісталета «маўзер» дырэктару музея А. М. Мартынаву. Прадмет гэты ўнікальны і як ўзор стралковай зброі і, безумоўна, адметны тым, што гэта асабістая зброя ветэрана, з якім ён вызваляў Кобрын. У музеі таксама экспануецца ваенны кіцель Дзмірыя Кузьміча, яго ўзнагароды, фатаграфія. У музейным фондзе захоўваюцца ўспаміны Д. К. Барысава, у якіх даюцца звесткі аб ходзе баявых дзеянняў у гістарычныя ліпеньскія дні, прыводзяцца прозвішчы воінаў-вызваліцеляў Кобрына.
Дзмітрый Кузьміч служыў у арміі да 1956 года, пасля адстаўкі жыў у Маскве, дзе і памёр у жніўні 1975 года.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, дзевяццю медалямі.
Намаганнямі бібліятэкара ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Л. І. Курашовай музей доўгія гады падтрымлівае сувязь з ветэранамі і іх сваякамі. За апошнія гады Кобрын некалькі разоў наведвалі члены сям’і Д. К. Барысава. У 2010 годзе прыязджала дачка героя – Ганна Дзмітрыеўна. У 2014 годзе напярэдадні 70-годдзя вызвалення Кобрына наш горад наведала сям’я ўнучкі ветэрана, Ірыны Аляксандраўны Барысавай, з Масквы.