Славін, В. Багатая душа і залатыя рукі / Віктар Славін // Народная трыбуна. – 2015. – 6 лістапада. – С. 7.
Мастак М. Кузьміч узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Багатая душа і залатыя рукі
Гэтай восенню славуты беларускі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч, які жыве і працуе ў Брэсце, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Мікалай Пятровіч праславіўся ў першую чаргу тым, што аднавіў нацыянальную рэліквію Беларусі XII стагоддзя – крыж святой Ефрасінні Полацкай.
Культавы твор, які не мае роўных па сваёй значнасці і прыгажосці ва Усходняй Еўропе па сённяшні дзень, быў адноўлены майстрам на аснове некалі згубленай старажытнавізантыйскай тэхнікі працы з эмаллю і каштоўнымі металамі.
Работа над крыжом паставіла Мікалая Кузьміча ў адзін шэраг з сусветна вядомымі мастакамі. Ён удзельнік шматлікіх выстаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў і прэмій, яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь».
Майстар і цяпер шмат працуе, стварае як сучасныя ювелірныя ўпрыгажэнні, так і культавыя творы-іконы, абразкі, крыжыкі.
Віктар Славін,
«НТ».