Біяграфічны нарыс

АЛІСІЕВІЧ ФЁДАР МАКСІМАВІЧ

біяграфічны нарыс

Алісіевіч Фёдар Максімавіч нарадзіўся 22 верасня 1917 года ў в. Каўпыніца (цяпер в. Колас) Крупскага раёна Мінскай вобласці. Закончыў гістарычны факультэт Аршанскага настаўніцкага інстытута (1939). З кастрычніка 1939 года да кастрычніка 1940 года Фёдар Алісіевіч служыў у Чырвонай арміі.

У красавіку — кастрычніку 1943 года вучыўся ў Беларускай школе падрыхтоўкі партызанскіх кадраў, якая была размешчана на станцыі Сходня Хімкінскага раёна Маскоўскай вобласці. У школе рыхтавалі палітработнікаў і арганізатараў партызанскага руху, падрыўнікоў і інструктараў мінна-падрыўной справы і інш.

У кастрычніку 1943 года Фёдар Алісіевіч быў закінуты ў Кобрынскі раён у якасці ўпаўнаважанага ЦК ЛКСМБ па раёну. Кобрынскі падпольны райкам ЛКСМБ пачаў работу 1 верасня 1943 года на базе партызанскага атрада імя В. І. Чапаева. Сакратаром быў зацверджаны Барыс Якаўлевіч Сцяпанаў (да 1 студзеня 1944 г.). Фёдар Алісіевіч быў сакратаром па прапагандзе, а з 1 студзеня па 19 чэрвеня 1944 года – сакратаром. За перыяд работы Фёдара Алісіевіча ў раёне створана 25 падпольных камсамольскіх арганізацый, завербавана ў падпольную арганізацыю 110 чалавек моладзі.

Брыгада імя В. І. Чапаева была створана ў студзені 1944 года на базе атрада імя В. І. Чапаева, дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Антопальскага і Кобрынскага раёнаў. З 5 сакавіка 1944 года Фёдар Алісіевіч прызначаны памочнікам камісара партызанскай брыгады імя В. І. Чапаева па камсамоле, адначасова з’яўляўся сакратаром падпольнага райкама ЛКСМБ, членам Брэсцкага падпольнага абкама ЛКСМБ. Ён шмат працаваў сярод насельніцтва з мэтай згуртаванасці ў аказанні дапамогі партызанам. Карыстаўся аўтарытэтам сярод насельніцтва і партызан.

Партызаны брыгады імя В. І. Чапаева ў лютым – маі 1944 года правялі 32 дыверсіі на чыгуначным участку Кобрын – Івацэвічы, знішчылі 22 варожыя аўтамашыны, 7 мастоў на шашэйных дарогах. У чэрвені падарвалі 940 рэек, вялі баі з ворагам, які спрабаваў уварвацца ў зону дыслакацыі брыгады. 19 ліпеня брыгада злучылася з Чырвонай арміяй.

Адразу пасля вызвалення Кобрынскага раёна была адноўлена дзейнасць партыйных і савецкіх органаў улады, а таксама дзейнасць камсамольскай арганізацыі раёна.

З сакавіка 1945 года да снежня 1950 года Фёдар Максімавіч працаваў у апараце Брэсцкага абкама ЛКСМБ, пазней Брэсцкага абкама КПБ. Прыклаў шмат намаганняў па наладжванні мірнага жыцця насельніцтва і аднаўлення разбуранай гаспадаркі.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1948), медалём «Партизану Отечественной войны» I ступені (1944) і інш. Удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына» (рашэнне гарадскога райвыканкама № 203 ад 18.07.1964 г.).

Ф. М. Алісіевіч заўчасна памёр у 1975 годзе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.