Біяграфічны нарыс

Гольцман Андрэй Міхайлавіч

біяграфічны нарыс

Андрэй Міхайлавіч Гольцман нарадзіўся 12 лістапада 1970 года ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў сярэдняй школе №5 г. Кобрына.

Сваю працоўную дзейнасць пачаў ў 1988 годзе мулярам Перасовачнай механізаванай калоны № 44 г. Кобрына. Затым служыў у Савецкай арміі.

Пасля заканчэння Брэсцкага політэхнічнага інстытута з 1994 года па 1996 год працаваў начальнікам аддзела збыту ТАА «Амега» г. Кобрына, з 1997 года па 1998 год — на пасадзе інжынера аддзела камплектацыі Кобрынскага прадпрыемства «Полесьеводстройкомплект».

У 1998 годзе А. М. Гольцман стварыў сумеснае вытворчае прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю «Палессе» — прадпрыемства па вытворчасці цацак з пластмасы. Яго бізнес, які быў арганізаваны разам з Уладзімірам і Пятром Ківакамі, пачынаўся з саматужнай вытворчасці на арандаваных у праектнай арганізацыі плошчах. Першапачатковая колькасць калектыву складала ўсяго 10 чалавек, а першай прадукцыяй стала каляровая пірамідка. Паступова, з году ў год, павялічваліся вытворчыя плошчы, удасканальвалася тэхналогія, рос асартымент прадукцыі.

Сёння «Палессе» — найбуйнейшы ў Беларусі вытворца цацак з пластмасы, які добра вядомы не толькі ў Кобрыне і рэгіёнах Беларусі, але і далёка за межамі краіны. Прадпрыемства вырабляе высакаякасныя дзіцячыя пластмасавыя цацкі з экалагічна бяспечных матэрыялаў з выкарыстаннем перадавых тэхналогій і прадукцыю гаспадарча-бытавога прызначэння з пластмасы ўласнай вытворчасці. Прадукцыя прадпрыемства карыстаецца попытам на ўнутраным і знешным рынках.

СТАА «ВП «Палессе» актыўна развіваецца ў сферы гандлю Кобрынскага раёна. У жніўні 2014 года прадпрыемствам адкрыты гандлёвы цэнтр «Палессе», які ўяўляе сабой сучасны гандлёвы комплекс — тры паверхі з гандлёвымі заламі харчовых і прамысловых тавараў, дзе пакупнікі маюць магчымасць набыць шырокі асартымент тавараў, сканцэнтраваных у адным месцы пры высокім узроўні абслугоўвання насельніцтва.

Андрэй Міхайлавіч – высокакваліфікаваны, ініцыятыўны кіраўнік, з’яўляецца адным з уласнікаў магутнага вытворчага прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю «ВП Палессе», і пад яго кіраўніцтвам прадпрыемства дасягнула высокіх эканамічных і вытворчых паказчыкаў. У 2021 годзе фабрыка «Палессе» стала лаўрэатам прэміі ў галіне якасці. Прэмія прысуджана прадпрыемству за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту.

А. М. Гольцман прымае актыўны ўдзел у жыцці горада і раёна. У 2010 годзе прымаў удзел ў IV Усебеларускім народным сходзе. СТАА «ВП Палессе» ў апошнія гады стала асноўным горадаўтваральным прадпрыемствам. За сродкі прадпрыемства пабудаваны ўчастак дарогі па вуліцах Чалюскінцаў, Мікалаева, сучасны гандлёвы комплекс «Палессе», стаянка на 300 парковачных месцаў. Рэгулярна праводзяцца дабрачынныя акцыі ў Кобрынскім дзіцячым доме, парку імя А. В. Суворава, арганізоўваюцца святы і для дзяцей, і для дарослых.

За час працоўнай дзейнасці прафесіяналізм А. М. Гольцмана адзначаўся на самым высокім узроўні. Па выніках 2010 года «Палессе» на раённым і абласным узроўнях удастоена ганаровага звання «Лепшы прадпрымальнік-мецэнат». «Чалавек года 2011» Брэсцкай вобласці (2012). У 2014 годзе яму аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2015 годзе Андрэй Міхайлавіч як уплывовы і паспяховы бізнесмен увайшоў у ТОП-50 бізнесменаў Брэсцкай вобласці. Рашэннем Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў ад 20 чэрвеня 2017 года № 155 за асабісты ўклад у развіццё эканомікі раёна і грамадскую дзейнасць Гольцману Андрэю Міхайлавічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.