Пётр Дзянісавіч Сялюк // Кобрынскі веснік. – 2002. – 20 ліпеня.
Пётр Дзянісавіч Сялюк
На яго долю выпаў лёс мільёнаў дзяцей вайны. Маці, каб выратаваць свайго адзінага сына, з разбуранай фашыстамі Гомельшчыны накіравалася на захад, дзе, па чутках, у мясцовага насельніцтва засталіся жыллё, ежа. Так яны трапілі на Кобрыншчыну. Пётр вучыўся ў СШ № 2. Закончыўшы яе, займаўся ў Мінскім аэраклубе, працаваў у вайсковай часці і ўсё ж вярнуўся ў наш горад, які стаў яму другой радзімай.
Напачатку працаваў у мясцовай друкарні (друкаваў «раёнку»!), пасля перайшоў на рамонтны завод, дзе і размах, і перспективы былі большыя.
Рос завод, рос і Пётр Сялюк. Пачынаў з падсобнага рабочага, потым быў слесарам, затым — токарам. I ўсюды працаваў так, што ўгнацца за ім было цяжка. Старанне рабочага адзначалася рознымі званнямі, граматамі. Дастойна ацаніла яго краіна: за высокія паказчыкі ў працы Пётр Дзянісавіч Сялюк удастоены ордэнаў «Знак Пашаны», Славы II і III ступеняў.
15 гадоў назад, калі адзначалася 700- годдзе Кобрына, ён быў у росквіце сіл і працоўнай славы, што і стала падставай для прысваення звання .. «Ганаровы грамадзянін». Пётр Дзянісавіч і сёння ў страі, працуе наладчыкам у ААТ «Гідрамаш» і таксама старанна, як і раней.