Сіняўская, А. Юбілейная «Кропка» Мікалая Кузьміча / Алена Сіняўская // Брестский вестник. – 2015. – 3 декабря. – С. 2.
Адбылося адкрыццё юбілейнай выставы таленавітага мастака-ювеліра Мікалая Кузьміча.
Юбілейная «Кропка» Мікалая Кузьміча
У мінулую пятніцу ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, што на Савецкай, сабралася шмат людзей. Паспрыяла гэтаму вялікая нагода – адкрыццё юбілейнай выставы з ёмкай і лаканічнай назвай «Кропка» нашага знакамітага земляка, творцы, Заслужанага дзеяча мастацтва Рэспублікі Беларусь, лаурэата шматлікіх прэмій, таленавітага мастака-ювеліра Мікалая Кузьміча. 70 прац, выкананых у тэхніцы гарачай эмалі, былі прадстаўлены на вернісажы. Дарэчы, менавіта гэтую тэхніку выкарыстоўваў мастак пры стварэнні нацыянальнага скарба — копіі Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Мікалай Пятровіч супакойвае сваіх прыхільнікаў, што «Кропка» не сімвалізуе завяршэнне творчага шляху, а наадварот, дае пачатак новым ідэям і дасягненням. I гэта яшчэ раз даказвае тое, што творчасць сапраўднага мастака — няспыннае імкненне наперад, жаданне здабыць новыя адкрыцці.
Безумоўна, выстава-падзея нетолькі мастацкага, але і асабістага жыцця Мікалая Кузьміча. Дарэчы, у мінулую суботу мастак адзначыў сваё 65-годдзе. Перад прысутнымі ён прадстаў яшчэ і ўякасці добрага мужа, бацькі і дзеда. З якім замілаваннемя назірала, як Мікалай Пятровіч падараваў кветкі сваёй жонцы. Таццяна Ўладзіміраўна, якая не першы раз прымае ўдзел у выставах мужа, падзялілася перажываннямі наконт таго, што яна не магла ўявіць, як размесцяцца экспанаты ў гэтай прасторнай зале. Цяпер у яе вачах – гонар за роднага чалавека і радасць, што ўсё атрымалася надежным чынам. На юбілей таты прыехаліз Латвіі яго дачка Ірына і ўнучка Соня. На ўрачыстай падзеі таксама прыстунічаў сын мастака Пётр.
У гэты дзень у адрас юбіляра гучалі самыя ветлівыя словы. Мікалая Пятровіча віншавалі прадстаўнікі ўлады, грамадскія і культурный дзеячы. На адрас юбіляра прыйшла ўрадавая тэлеграма: з юбілеем Мікалая Пятровіча віншаваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Ён выказаў майстру падзяку за пленную творчую працу, значны асабісты ўнёсаку развіццё нацыянальнага выяўленчага мастацтва і пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых творчых поспехаў.
Мікалаю Пятровічу прысвечаны многія публікацыі і нават паэтычныя творы. Дарэчы, абласная бібліятэка імя Горкага выдала бібліяграфічны даведнік артыкулаў і твораў якія прысвечаны таленавітаму майстру. I цяпер паэтычнае прысвячэнне, напісанае знакамітай Нінай Мацяш, прагучала ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Мікалая Мятліцкага. Радкі з вершаванага паслання «Прыгожая доля» вельмі добра падкрэслілі сутнасць мастака — ён сапраўды разумее мову метала, агню і эмалі.
Адкрыццё юбілейнай выставы прайшло ў добрым і цёплым настроі. З музычным віншаваннем прыехалі на вернісаж землякі мастака з Драгічынскага раёна. Дарэчы, Мікалай Пятровіч з самага маленства адчуваў сваю еднасць з родным краем. Калі яго бацька аднойчы вырашыў перавезці сваю сям’ю ў Растоўскую вобласць, будучи мастак увесь час марыў пра Беларусь. Пасля арміі ён цвёрда вырашыў вярнуцца ў родны кут. Разам з маці і сёстрамі яны прыехалі дадому, у невялічкую хатку, павыганялі мышэй, памылі падлогу, вокны, навялі парадак на падвор’і і пачалі новае жыццё. Любоўю да Бацькаўшчыны Мікалай Пятровіч пранікся з маленства і праз усё свае жыццё нясе павагу да сваіх продкаў.
Немагчыма ўявіць, што некаторая частка экспанатаў юбілейнай выставы ладзілася на працягу тыдня. Пазнаю Мікалая Пятровіча: усё, за што ён бярэцца, атрымліваецца выдатна. Мастак вядзе «гульню» з колерамі, лініямі, кропкамі. Усе працы радасныя, насычаныя аптымізмам, дынамічныя і метафарычныя. Большасць твораў прысвечана хрысціянскай іканаграфіі: шматлікія вобразы аўтар пераасэнсоўвае па-свойму і дае прыхільнікам прастору для разважанняў. Нагадаем, выстава прадоўжыцца да 12 снежня.
Алена СІНЯЎСКАЯ