2015 Дубіна Стаць

Дубіна, Л. «Стаць шчаслівым можна тады, калі ўмееш радавацца» / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. – 2014. – 2 ліпеня. – С. 3.

Ветэран Вялікай Айчыннай Нінэль Паўлавіч Гасюк прайшоў дарогамі вайны ў маладым, амаль юнацкім узросце.

Нінэль Гасюк: «Стаць шчаслівым можна

 тады, калі ўмееш радавацца»

Нінэль Гасюк прайшоў дарогамі вайны ў маладым, амаль юнацкім узросце. Памяць часта вяртае ў той страшны сорак першы год, які паклаў канец марам і спадзяванням людзей.

Нарадзіўся Нінэль Паўлавіч у 1924 годзе ў вёсцы Лучкава, што на Смаленшчыне. Сын настаўніка, ён змалку цягнуўся да адукацыі. Вайна застала ў час вучобы ў Аршанскім чыгуначным тэхнікуме. Горад бамбілі. Студэнты, замест здачы апошняга выпускнога экзамену, рыхтавалі будынак тэхнікума пад шпіталь. Юнак вярнуўся ў Падзяменск, дзе ў той час жыла маці. Вельмі хацелася на фронт, але з-за маладога ўзросту яму пастаянна адмаўлялі. «На твой век вайны хопіць», — гаварылі ў ваенкамаце. Хлопец працаваў па васямнаццаць гадзін у суткі на патрэбы арміі. Пазней сям’я Гасюк была эвакуіравана ў Арэнбургскую вобласць. Нінэль працаваў у паравозным дэпо вучнем слесара. А 20 жніўня 1942 года яго прызвалі ў армію. «Было вялікае жаданне біць ворага, які таптаў нашу зямлю бруднымі ботамі, забіраў жыцці блізкіх людзей», — успамінае ветэран. Ён удзельнічаў у абаронча-наступальных баях пад Оршай у 1943 годзе, зведаў сапраўднае пекла. У 1944 годзе быў мінамётчыкам. «Колькі давялося выкінуць гэтых мін на немцаў! Не адну машыну», — успамінае Нінэль Паўлавіч. Удзельнічаў у знішчэнні Курляндскай групоўкі. 30 лістапада  1945 года як дарожны рабочы быў дэмабілізаваны. Нінэль Гасюк узнагароджаны трыма медалямі «За адвагу», ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Беларуская зямля, якую Нінэль Гасюк вызваляў са зброяй у руках, зноў паклікала да сябе. У студзені 1949 года сям’я пераехала ў Кобрын. Самааддана, не шкадуючы сіл, Нінэль Паўлавіч працаваў на розных пасадах. У тым ліку і пасля выхаду на пенсію. Неаднаразова быў узнагароджаны.

Паслядоўным, адказным быў і ва ўласнай сям’і. У разуменні і падтрымцы пражыў з жонкай Марыяй 60 гадоў. Выгадавалі дваіх дзяцей. Ёсць тры ўнукі і праўнук Мікіта. Зараз Нінэль Паўлавіч жыве адзін. Каб не сумаваць, асвоіў камп’ютар. Актыўна сочыць за падзеямі ў краіне па тэлевізары. На ўсё мае ўласную думку. Ён удзячны дзяржаве, якая не пакідае без увагі ветэранаў. Нінэль Паўлавіч цвёрда ўпэўнены: стаць шчаслівым можна толькі тады, калі ўмееш радавацца.

Людміла ДУБІНА.

Фота Ірыны ЛЕСІК.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.