Гольцман, А. «У мірны час здзяйсняюцца ўсе мары!» / Андрэй Гольцман, Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. — 2015.— 18 ліпеня. — С. 4.
А. Гольцман, дырэктар СТАА «ВП Палессе» — аб гісторыі прадпрыемства, яго сённяшнім дні і перспектывах.
«У мірны час здзяйсняюцца ўсе мары!»
— Традыцыйна ў нашай сям’і заўсёды высока цанілі і шанавалі памяць родных. Успамінаю захапляючыя гісторыі свайго дзядулі Льва Яфімавіча Гольцмана. У гады Другой сусветнай вайны ён служыў на Далёкім Усходзе ў авіяцыйнай разведцы. Леў Гольцман удзельнічаў у баях, якія разгарнуліся ў жніўні 1945 года ў час савецка-японскага ўзброенага канфлікту. Дарэчы, у адзін з франтавых дзён ён сустрэў жанчыну свайго сэрца Валянціну Мікалаеўну, якая служыла радысткай. За ўдзел у баявых аперацыях мае родныя былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі. А ў мірны час Леў Яфімавіч працаваў старшынёй калгаса «ХХ з’езд КПСС» у Драгічынскім раёне, потым — дырэктарам Кобрынскага цагельнага завода. Ніколі не цураўся цяжкай працы і заўсёды вучыў майго бацьку і мяне не складваць рукі перад жыццёвымі цяжкасцямі і ўпарта дасягаць сваіх мэт. Ён быў перакананы, што ў мірны час пры моцным жаданні і імкненні можна здзейсніць нават самыя смелыя мары. На ўсё жыццё я запомніў гэту фразу майго дзядулі. І ў дзевяностых гадах мінулага стагодцзя разам з аднадумцамі мы пераканаліся, што гэта сапраўды так!
Гісторыя СТАА «ВП Палессе» распачыналася з невялічкага калектыву і ўсяго аднаго станка. Але амбіцыйныя ідэі, высокая працаздольнасць, мабільнасць і пастаянны творчы пошук далі свой плён. На сучасным этапе «Палессе» — гэта буйнейшы ў Беларусі вытворца цацак з пластмасы. Планамерна ажыццяўляюцца мадэрнізацыя і пашырэнне вытворчасці, закупаецца новае абстапяванне. На прадпрыемстве працуюць 2170 чалавек. За 16 гадоў існавання «Палесся» стварыліся сямейныя працоўныя дынастыі, ушаноўваюцца ветэраны вытворчасці. І нават нягледзячы на існуючую напружанасць у эканоміцы краіны, мы не пайшлі па шляху масавых скарачэнняў людзей, разумеючы, наколькі важна захаваць калектыў. З цягам часу прыйшло разуменне, што трэба нават у цяжкасцях шукаць пазітыўныя моманты, кожны дзень вучыцца чамусьці новаму. Толькі так можна з гонарам выйсці з любога, нават самага складанага становішча. Цяпер «Палессе» актыўна імкнецца дыверсіфікаваць рынкі збыту. Група менеджараў пастаянна знаходзіцца ў доўгатэрміновых камандзіроўках па ўсім свеце. Ужо сёлета прадпрыемства істотна пашырыла геаграфію рэалізацыі сваёй прадукцыі. Кобрынскія цацкі актыўна рэалізоўваюцца ў Чылі, Уругваі, Нігерыі, Кот-д’Івуары, Арабскіх Эміратах і інш. У нас шмат новых творчых планаў, якія даюць усе падставы гаварыць, што ў «Палесся» ёсць добрыя магчымасці і рэзервы для далейшага дынамічнага развіцця.
У віхуры рыначных рэалій мы ніколі не забываем пра Кобрын і яго патрэбы. За сродкі прадпрыемства быў пабудаваны ўчастак дарогі па вул. Нікалаева, гандлёвы цэнтр, у працэсе будаўніцтва — новы сучасны завод. Рэгулярна праводзім дабрачынныя акцыі ў Кобрынскім дзіцячым доме. Парку імя А. В. Суворава на радасць маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам прэзентавалі электрамабілі. Сёлета мы таксама не парушаем шматгадовай традыцыі і ў Дзень горада дарым Кобрыну святочны салют.
Андрэй ГОЛЬЦМАН.
дырэктар СТАА «ВП Палессе»
запісаў Раман МЕЛЬНІК.