2012 Мельнік, Р. Таццяна

Мельнік, Р. Таццяна Дземідзюк: «I землі шчодрыя, калі людзі залатыя» / Раман Мельнік // Кобрынскi веснiк. — 2012. — 21 красавіка (№ 33). — C. 1, 2 : фат.

Старшыня СВК «Узыходзячая зара» Таццяна Дземідзюк па выніках абласнога конкурсу была ўдастоена звання «Жанчына 2011 года» ў намінацыі «За ўклад у адраджэнне сяла».

Таццяна ДЗЕМІДЗЮК:

“I землі шчодрыя, калі людзі залатыя”

Мінулы год для СВК “Узыходзячая зара” быў насычаны на ўзнагароды рознага кшталту. Сярод іх — Ганаровы дыплом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за высокую культуру земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, другое месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці і рэалізацыі малака ў 2011 годзе, першае месца ў раёне па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур, якая склала 38,1 цэнтнера з гектара. У якасці прызоў гаспадарка атрымала два новенькія трактары МТЗ “Беларус-82”. А ў сакавіку старшыня СВК “Узыходзячая зара” Таццяна Дземідзюк па выніках абласнога конкурсу
была ўдастоена звання “Жанчына 2011 года” ў намінацыі “За ўклад у
адраджэнне сяла”. Таццяна Паўлаўна падкрэсліла, што кожны поспех яе калег і гаспадаркі ў цэлым — заканамерны вынік, які мацуецца на адказных і руплівых адносінах да справы.

А год мінулы для “Узыходзячай зары”, як і для многіх гаспадарак, быў няпростым. Тым не менш летась выручка іут склала каля 50 млрд. рублёў. За першы квартал 2012 года атрымана ўжо 26 млрд. рублёў. Адзін з асноўных відаў дзейнасці СВК — свінагадоўля. Больш за 17 млрд. рублёў было ўкладзена ў мадэрнізацыю яе інфраструктуры. Як сведчыць Таццяна Дземідзюк, свінагадоўля, калі яе правільна арганізаваць, мае высокую рэнтабельнасць і перспектыву развіцця.

Не менш важны накірунак — вытворчасць малака. Выручка ад яго рэалізацыі штомесяц складае больш за 2,5 млрд. рублёў. Тут налічваецца 1070 галоў дойнага статка, функцыянуе тры фермы, адна з якіх — малочнатаварная ў в. Каташы — з камп’ютарным кіраваннем. У поўным аб’ёме малако ў СВК “Узыходзячая зара” — класа “экстра”. Нядаўна ў гаспадарку завітаў рэспектабельны фермер з Германіі, які больш за гадзіну ўважліва назіраў за тым, як працуе персанал МТФ. У выніку немец быў прыемна здзіўлены сучаснымі высокаэфектыўнымі тэхналогіямі на вытворчасці і даў высокую адзнаку працы жывёлаводаў.

Штогод у жывёлагадоўчай галіне СВК “Узыходзячая зара’’ ўдастойваюцца высокіх дзяржаўных узнагарод вопытныя і таленавітыя працаўнікі. Сярод іх аператары машыннага даення, якія летась дасягнулі дзевяцітысячнага рубяжа ў надоях малака, Валянціна Гардун і Святлана Батурка, Галіна Дунда, Галіна Штык, Наталля Саўчук, Наталля Каракоўская, Наталля Самасюк і многія іншыя. Летась у СВК “Узыходзячая зара” надой на адну карову склаў 8190 кілаграмаў, што з’яўляецца дванаццатай пазіцыяй у рэспубліканскім рэйтынгу.

Сёлета сур’ёзныя віды ў сельгаскааператыва і на ўраджай. Больш за 1400 гектараў адведзена пад збожжавыя каласавыя культуры. Запланавана пасеяць 650 гектараў кукурузы на зерне. Дарэчы, мясцовая “царыца палёў” традыцыйна славіцца сваёй ураджайнасцю і высокай якасцю. Цяпер з раніцы і да вечара шчыруюць на палях механізатары гаспадаркі. Лепшыя паказчыкі на сяўбе збожжавых дэманструюць Іван Штык, Валерый Гаталюк, Сяргей Клімук. Выдатна сеюць кукурузу Уладзімір Штык, Андрэй ігнацюк, Фёдар Мартынюк. Добра рыхтуюць глебу Віктар Шпендзік, Сяргей Балановіч і многія іншыя.

— Нізкая бальнасць зямлі — гэта не падстава, каб складваць рукі, — пераканана Таццяна Дземідзюк. — Калі выходзяць у поле такія “залатыя” кадры — то ўсё абавязкова атрымаецца, і калі не падвядзе надвор’е — у нас чакаецца выдатны ўраджай.

Заработная плата ў СВК у сярэднім за месяц складае 2,5 млн. рублёў, а ў Хідрынскім аграгарадку створаны ўсе ўмовы для таго, каб жыхары вёскі не адчувалі ніякіх нязручнасцяў у штодзённым жыцці. Выдатна працуе гандаль, функцыянуе дзіцячы садок “Сонейка”, які знаходзіцца на балансе гаспадаркі. У амбулаторыі дзейнічаюць стаматалагічны, зубапратэзны і масажны кабінеты. Ёсць выдатны спартыўны комплекс з унікальным зімовым садам, Дом культуры. Паводле слоў Таццяны Дземідзюк, штогод на работу ў СВК “Узыходзячая зара” пасля заканчэння сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ прыходзяць маладыя спецыялісты, якія застаюцца ў вёсцы. А гэта добрая прыкмета правільнага курсу кааператыва.

Раман МЕЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.