Гольцман, А. «Родны горад хочацца падтрымліваць заўсёды» / Андрэй Гольцман // Кобрынскi веснiк. — 2011. — 16 ліпеня. — C. 3.
Па выніках 2010 года «Палессе» на раённым і абласным узроўнях удастоена ганаровага звання «Лепшы прадпрымальнік-мецэнат».
«Родны горад хочацца падтрымліваць заўсёды»
— Па абавязку службы я часта бываю ў замежных камандзіроўках. Вось і нядаўна з рабочым візітам мы з калегамі пабывалі ў Індыі. Непаўторная прыгажосць гэтай краіны прыемна здзіўляе, радуе вока, але малая радзіма заўсёды кліча назад…
Мой дзед Леў Яфімавіч быў старшынёй калгаса імя XX з’езда КПСС у Драгічынскім раёне, потым узначальваў камбінат будаўнічых матэрыялаў у Кобрыне. Многія пакаленні нашых жыхароў яго ведалі як адказнага, ініцыятыўнага кіраўніка. Бацька Міхаіл Львовіч на працягу многіх гадоў кіруе Кобрынскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам будаўнікоў. Шчыра кажучы, не хацелася ад іх адставаць.
У 1998 годзе разам з аднадумцамі — Пятром і Уладзімірам Ківакамі і Ма- рыяй Ячнік — мы заснавалі СТАА «ВП Палессе» — прадпрыемства па вытворчасці цацак з пластмасы. Цяпер прадукцыя «Палесся» экспартуецца ў 30 краін свету. Тут працуюць 1800 чалавек, большасць з якіх — моладзь. Мы з ахвотай ствараем новыя рабочыя месцы, своечасова выплачваем заработную плату, забяспечваем людзей поўным сацыяльным пакетам.
Я добра разумею, наколькі важна чалавеку, асабліва ў невялікім горадзе, мець надзейную работу і адэкватную ўзнагароду за яе. Менавіта таму мы ніколі без сур’ёзных прычын не звальняем людзей, не скарачаем пасады, як бы цяжка і складана ні было. За кошт банкаўскіх рэсурсаў пашыраем вытворчасць. Цяпер вядуцца падрыхтоўчыя работы па закладцы новага магутнага завода каля цяперашняга будынка «Палесся».
Па выніках 2010 года «Палессе» на раённым і абласным узроўнях удастоена ганаровага звання «Лепшы прадпрымальнік-мецэнат». Са здавальненнем аказваем рознабаковую дапамогу Кобрынскаму дзіцячаму дому, дзіцячай вёсцы, валейбольнаму клубу «Алімп» і камандзе па пляжным футболе, парку імя А. В. Суворава і многім іншым арганізацыям і ўстановам. Будзем падтрымліваць і далей свой родны горад, каб ён быў заўсёды прыгожым і квітнеючым.
Андрэй Гольцман
Дырэктар СТАА «ВП Палессе»