Замковіч, А. «Будуем на доўгія гады, каб нашчадкі сказалі «дзякуй!»» / Аркадзь Замковіч // Кобрынскi веснiк. — 2011. — 16 ліпеня. — C. 9. – (Кобрыну – 724 гады).
Аркадзь ЗАМКОВІЧ, дырэктар
ААТ “Будаўнічы трэст № 33”:
Будуем на доўгія гады, каб нашчадкі сказалі «дзякуй!»
— Адчуваць сябе прыналежным да свята горада, у развіццё якога наша будаўнічая арганізацыя ўклала столькі сіл і намаганняў, заўсёды прыемна. Але цяперашні год для трэста — асабліва складаны: аб’ёмы работ у нас велізарныя, таму і задачы перад калектывам стаяць напружаныя. Напрыклад, толькі сёлета неабходна здаць у эксплуатацыю ферму на 2000 галоў у в. Вашчынічы Пружанскага раёна, у нашым раёне — пабудаваць ферму на 660 галоў у в. Падалессе, малочнадаільны блок з кароўнікам у в. Лука. Таксама запланавана здача ў чацвёртым квартале двух дамоў агульнай плошчай 7 тысяч квадратных метраў жылля па вуліцы Дзяржынскага. Упор робіцца перш за ўсё на будаўніцтва жылля — акрамя названых аб’ектаў, у наступным годзе будуць закладзены яшчэ тры жылыя дамы ў мікрараёне № 4 па вуліцы Дружбы.
і ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, вытрымліваем практычна ўсе параметры, укладваемся ў тэрміны, дамагаемся добрых паказчыкаў і таго, каб у людзей быў годны заробак. Асобная ўвага ўдзяляецца і бытавым умовам нашых работнікаў — відаць, нездарма менавіта на нашых аб’ектах быў праведзены семінар па ахове працы і паляпшэнні бытавых умоў працоўных. Тут прасочваецца відавочная паралель: нашы будаўнікі заўсёды імкнуцца палепшыць жыццё і быт гараджан, а калі самі маюць добрыя бытавыя ўмовы — дык з яшчэ большым жаданнем і ахвотай выконваюць сваю адказную справу. Хочацца, каб парадак, які мы наводзім на аб’ектах, захоўваўся і заўсёды быў трывалай нормай жыцця.
Урэшце, пра ўсё гэта мы павінны памятаць, гаворачы не толькі пра нашы будаўнічыя аб’екты, якія імкнемся ўзводзіць так, каб і праз доўгія гады нам казалі за іх “дзякуй”, а ўвогуле пра агульны стан нашага горада. Паглядзіце: сёння ад яго немагчыма адарваць вачэй! Безумоўна, многім зменам да лепшага ў Кобрыне паспрыялі “Дажынкі-2009”. Але і сёння горад развіваецца, расце, пашыраецца. А якая прыгажосць на нашых вуліцах, у дварах! Дзякуй за гэта камунальнай службе горада, яе работнікам, якія стараюцца дзе раніцай, дзе вечарам — падправіць, прыбраць, прывесці ўсё ў парадак. А будуць парадак, чысціня і ўтульнасць там, дзе жывем, — з кожным годам будзе толькі мацнець адчуванне сапраўднага гаспадара на сваёй зямлі.