2006 Шаранговіч, Н. Традыцыя не павінна быць мёртвай

Шаранговіч, Н. «Традыцыя не павінна быць мёртвай» / Наталля Шаранговіч // Культура. – 2006. – 2 снежня.

Мікалай Кузьміч працуе над аднаўленнем ракі для мошчаў Еўфрасініі Полацкай.

«Традыцыя не павінна быць мёртвай»

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе выстаўка мастацкіх эмалей брэсцкага мастака Мікалая Кузьміча, Мікалай Пятровіч – асоба ў Беларусі заўважная. З 1993 года ён працаваў над аднаўленнем Крыжа Еўфрасініі Полацкай, пасля рабіў да яго стаўратэку. Сёння ён працуе над аднаўленнем ракі для мошчаў Еўфрасініі Полацкай М. Кузьміч кавалер ордэнаў Святога Уладзіміра III ступені і Крыжа Еўфрасініі Полацкай. Таксама мае медаль князя Канстанціна Астрожскага (Польшча).

Мастацкая эмаль — адзін з унікальных, вядомых яшчэ ў старажытныя часы відаў прыкладнога мастацтва. На землі Кіеўскай Русі эмальернае майстэрства прыйшло з Візантыі. Ужо ў X ст. у Кіеве і Полацку былі распаўсюджаны вырабы з металу з гарачай эмаллю, якія былі вядомыя ў Еўропе нароўні з работамі візантыйскіх майстроў.

Вялікія мастацкія магчымасці, яркія фарбы, іх бляск, роўны бляску каштоўных камянёў, дазволілі ювелірам на працягу стагоддзяў знаходзіць новыя формы прымянення эмалі. У сучасным мастацтве дыяпазон выкарыстання эмалей, вырабленых на аснове старажытнай тэхнікі, вельмі шырокі. Мастакі засвойваюць нетрадыцыйныя метады ў эмальернай тэхніцы, адкрываюць новыя магчымасці матэрыялу. У Беларусі мастацкімі эмалямі паспяхова займаецца герой майго нарыса.

Мікалай Пятровіч скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і сваёй спецыяльнасцю абраў мастацкую апрамоўку металаў. Як і многія мастакі дэкаратыўна-прыкладнога накірунку яго пакалення, ён удзельнічаў ва ўсерасійскіх і міжнародных сімпозіумах і выстаўках. Сімпозіумы ў Юрмале, Паланзе, іспанскім горадзе Ля-Карунья, напрыклад, сталі для яго моцным штуршком для ўдасканальвання эмальернай тэхнікі. Працуючы побач з вядомымі майстрамі, М. Кузьміч не толькі набыў каштоўны вопыт, але выпрацаваў уласную пластыку і мастацкі стыль. Свае творы ён не раз паспяхова паказваў у Расіі і Германіі.

Удасканальвалася і ювелірнае майстэрства. Ювелірныя ўпрыгожанні майстра ўспрымаюцца як пластычныя аб’екты. Яны пазнавальныя: аўтар мае свой стыль, почырк, балансуе на мяжы сугучнасці і дысанансу, уяўнай прастаты вобразаў і глыбіні схаваных падтэкстаў, пластоў разумення. Як вынік — серыю унікальных брошак мастака закупіў Маскоўскі музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Праца над праваслаўнымі святынямі Беларусі — Крыжам Еўфрасінні Полацкай, стаўратэкай да яго і ракай для мошчаў прападобнай Еўфрасінні — на час адсунула выставачную дзейнасць на другі план, але падштурхнула пошукі мастака ў іншай галіне. Сёння М. Кузьміч вядомы яшчэ і як мастак, які вывучыў, аднавіў і авалодаў унікальнай тэхнікай старажытнавізантыйскай перагародчатай эмалі. Для гэтага былі неабходны доўгія і скрупулёзныя навуковыя даследаванні, якія праводзіліся ім сумесна з вядомымі ў свеце вучонымі Т. Макаравай і Л. Аляксеевым у архівах, музейных калекцыях і мастацкіх сховішчах Расіі. М. Кузьміч шукаў спосабы аднаўлення старажытнавізантыйскай тэхналогіі вырабу найскладаных мініяцюрных выяў, вучыўся маляваць танюткай залатой перагародкай, захоўваць яркасць фарбаў, пазнаваў таямніцы выключнай мастацкай выразнасці твораў 800-гадовай даўніны.

У гэтым годзе ён зноў звярнуўся да стварэння выставачных работ у тэхніцы гарачых эмалей. Новыя серыі незвычайна экспрэсіўныя, вобразныя і выразныя. Невялікага фармату (15 на 20 сантыметраў), гэтыя дэкаратыўныя пласціны «збіраюць» выяву ў адзіную дакладную сістэму, не дазваляюць ёй расплывацца чыста фармальнымі плямамі. Мастак не карыстаецца накладнымі элементамі, не надае плоскасці штучны аб’ём. Але аб’ёмнасць усё ж прысутнічае, і гэта аптычнае ўяўленне ствараецца з дапамо-гай насычанасці фарбаў, гульні празрыстасці і глыбіні матавых плям.

Майстра ўводзіць у традыцыйныя тэмы новыя эксперыментальныя матывы. Традыцыя, на яго думку, не павінна быць мёртвай, яе трэба ўзбагачаць новымі сучаснымі прачытаннямі.

Наталля ШАРАНГОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.