Пракаповіч, М. І паўсталі рагвалодавы нашчадкі… / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. – 2006. – 17 ноября.
Творчая біяграфія мастака-эмальера М. Кузьміча.
І паўсталі рагвалодавы нашчадкі…
Напачатку 80-х гадоў у Брэсце аб’явіўся малады мастак Мікола Кузьміч, які працаваў у рэдкай для нашага горада тэхніцы — эмалі. Ягоныя творы адразу прыцягнулі ўвагу не толькі аматараў мастацтва, але і паспалітай публікі. Бо акрамя выставачных якасцяў нярэдка мелі і ювелірна-прыкладны характар, хаця выкарыстоўваць у сваёй працы каштоўныя матэрыялы мастакі ў савецкія часы не маглі. Аднак такая акалічнасць не дужа бянтэжыла мастака-эмальера: у ягонай душы выспявала галоўная каштоўнасць — прага творчасці.
Крыж-стаўратэка
Творчая біяграфія мастака-эмальера даволі імкліва ўзбагачалася прэстыжнымі выставамі. Але самому Міколу Кузьмічу найбольш сагравалі душу пленэры, асабліва міжнародныя, дзе можна было пасачыць за развіццём мастацтва эмалі ў самых разнастайных яго накірунках. Дадому пасля такіх пленэраў, біенале-трыенале Мікола вяртаўся з поўным заплечнікам натхнення і новых ідэй.
А ўжо праз дзесяць гадоў, напачатку 90-х, ён распачаў унікальную працу — аднаўленне крыжа Еўфрасінні Полацкай. Не буду апісваць пакутлівы ў творчых і тэхналагічных адносінах шлях, які давялося прайсці мастаку. Згадаю фразу, прамоўленую неяк у роспачы адным з царкоўных апекуноў крыжа:
— Николай, ну сделай хоть что-нибудь!
Але зроблена было не «что-нибудь» — была адноўлена страчаная ў гістарычных катаклізмах тэхналогія перагародчатай эмалі. Эмальерны, а больш ювелірны досвед знайшоў працяг у працы над стаўратэкай — сховішчам для крыжа.
ІП ад мастацтва
ІП — бадай, самая папулярная ў нас абрэвіятура. Каб адолець аб’ёмы новай працы, распачатай тры гады назад, Міколу Кузьмічу давялося наймаць памочнікаў, а значыць, станавіцца індывідуальным прадпрымальнікам. I вось цяпер у новай, значна большай па памерах, майстэрні набывае канчатковыя абрысы яшчэ адна святыня i адначасна твор ювелірнага мастацтва — рака, у якой будуць захоўвацца мошчы св. Еўфрасінні Полацкай. Праўда, само азначэнне «ювелірны» не адразу атаясамліваецца з памерамі ракі.
— Мы яе паступова апранаем у срэбра i эмаль, — Мікола працягвае пасудзіну з добрай сотняй невялічкіх срэбраных трохкутнікаў. — Кожны з іх будзе пакрывацца эмалевым узорам і ў спалучэнні з іншымі падобнымі дэталямі ўтворыць паясны арнамент.
Сапраўды, рака хутчэй нагадвае кампазіцыю з самых разнастайных па жанраваму і матэрыяльнаму ўвасабленню твораў, аб’яднаных аўтарскай канцэпцыяй.
Гісторыя стварэння ракі сягае ў 1910 год, калі Полаччына рыхтавалася да ўрачыстай падзеі — пераносу мошчаў св. Еўфрасінні з Кіева-Пячорскай Лаўры. Завяршалася доўгае — у восем стагоддзяў — вяртанне беларускай святаркі-асветніцы на Радзіму. Тады рака была выраблена ў Маскве па эскізах П. Зыкава ў візантыйскім стылі. Па сведчаннях сучаснікаў, яна пакідала ўражанне вытанчанасці і строгага мастацкага густу. Але раку, як і многія іншыя сакральныя святыні, чакаў трагічны лёс: у 1921 годзе яна была разрабавана.
У працы па аднаўленні крыжа Еўфрасінні Полацкай перад Міколам Кузьмічом стаяла задача не толькі максімальна наблізіцца да арыгінала, але і да саміх тэхналогій XII стагоддзя, у якіх працаваў Лазар Богша. Рака — твор, бадай, цалкам арыгінальны. Два яе фотаздымкі: рака ў інтэр’еры і яе века, а таксама апісанні астатніх сценак падказалі мастаку хіба што асноўную накіраванасць працы.
Сюжэт пярэдняй сценкі — перанос мошчаў св. Еўфрасінні Полацкай з Ерусаліма ў Кіеў — захаваўся. Барэльеф, па эскізах М. Кузьміча, выканалі маладыя берасцейскія скульптары — муж і жонка Павел і Алеся Герасіменкі.
У галавах, як і ў апісанні, крыж Прыпадобнай у зіхценні, у нагах — сілуэт старажытнага Полацка XII стагоддзя. Адваротны бок ракі ўпрыгожваюць барэльефныя выявы беларускіх святых. Ідэя колішняга сюжэта часткова захавалася ў вобразе самой Еўфрасінні, якая паказана ў момант закладкі Спасаўскай царквы. На веку – барэльефная выява фігуры св. Еўфрасінні ў поўны рост з крыжам у руках. Матава-халаднаватае срэбра барэльефа ажывіць абраз святой, напісаны ў цёплых танах берасцейскім мастаком Ігарам Раманчуком. Галаву ўпрыгожвае карункавы срэбраны вянец з каштоўнымі камянямі. Увогуле, уся рака «апранута» ў срэбра, бакавыя сценкі — у пазалоце, уздоўж іх, па перыметру, эмалевы, на срэбры, арнамент у традыцыйных блакітна-сурыкавых танах.
Мікола Кузьміч спадзяецца завяршыць раку да 5 чэрвеня наступнага года — да дня св. Еўфрасінні. .
— У сучаснай Беларусі гэта першы падобны праект, i я імкнуўся зрабіць самую прыгожую раку з тых, якія мне давялося бачыць.
Вечаровыя чары з эмаллю
ІП ад мастацтва — на фоне ўмоў жыцця i працы пераважнай большасці берасцейскіх мастакоў — гарантуе, прынамсі; фінансавую стабільнасць. У нечым гэта нагадвае, не раўнуючы, канечне ж, з вынікамі працы, колішнія ідэалагічныя заказы кіруючай і напраўляючай. I вельмі многія працу па гэтых заказах успрымалі як творча самадастатковую. Але, як ні дзіўна, менавіта ІП абудзіла ў Міколу Кузьмічу прыспаную (напачатку велізарнай адказнасцю, а пазней нязвыклымі клопатамі) прагу мастакоўскай волі. Вечарамі яна клікала яго ў колішнюю, маленькую майстэрню, дзе да позняй ночы вяршылася чараванне над расплаўленай эмаллю…
Паўсотні новых твораў — гэта была яшчэ адна, можа не меншая, інтрыга ў маіх цяперашніх адведках Кузьмічовай майстэрні.
— Крыж, стаўратэка, рака: ужо каля 15 гадоў я працую ў такой далікатнай тэме ў імя Царквы. А вось у гэтых эмалях я адказны толькі перад сабой і адпусціў, як кажуць, душу на волю.
Раскладваем на стале невялікія памерамі творы. Увага міжволі акцэнтуецца на партрэтнай серыі.
— Я ўявіў сабе муры старажытнага храма: рэстаўратары асцярожна здымаюць пазнейшую тынкоўку, і скрозь напластаванні часу праступаюць абліччы…
Вось яны — Рагвалод, Усяслаў, Брачыслаў… Тонкія лініі алоўка, уплаўленыя ў белую эмаль, — уражанне, адначасна, таямнічасці і безабароннасці. Няпэўны рух рэстаўратара — і гэты цуд вяртання абарвецца назаўсёды.
Яшчэ адна серыя, якая ў пэўнай ступені працягвае папярэднюю, — «Вежы». Але пераемнасць хутчэй тэматычная, выяўленчыя ж сродкі тут зусім адрозныя.
Сілуэтнасць таго, што магло б называцца вежай, — і кіпень фарбаў. Так закіпаюць у траўні гронкі бэзу, пульхным фейерверкам успыхваюць дзьмухаўцы. А вось сілуэт вежы расколваецца, і друз зноў нагадвае фейерверк, але зусім не святочны, чырвона-чорны.
Побач – «Страчаныя скарбы». Няпэўныя абрысы старажытнага колта; проста «нешта», што мусіць быць каштоўным за смугою часу… Серыя хутчэй асацыятыўная, чым сюжэтная, дзе мастака нярэдка вялі за сабой тэмпературныя капрызы эмалі.
Частка твораў — дэкаратыўна-настраёвыя, у серыі аб’ядноўваюцца даволі ўмоўна, і я адвольна тасую рамкі на стале. Міжволі параўноўваю іх з кафельнай пліткай (балазе меў нядаўна падобны клопат). Мікола гатовы ўспрыняць гэта як мастакоўскую абразу, але тут жа кампануе на сцяне некалькі рамак — атрымліваецца цёплая, вясёлая палітра, здольная ўпрыгожыць любы інтэр’ер, ад гасцёўні да офіса.
А вось анёл з блакітным німбам над галавой — і памяць уваскрашае мініяцюру перагародчатай эмалі з крыжа Еўфрасінні Полацкай. Крыж не адпускае мастака, накіроўвае, бласлаўляе…
— Я не шукаў i не ўвасабляў тут ніякіх ідэй — хачу, каб мае творы проста радавалі вока і сагравалі cэрцa. Не апякаючы, як можа апячы расплаўленая эмаль ці аголеная ідэя.
Усе разам гэтыя творы неўзабаве створаць экспазіцыю персанальнай выставы Міколы Кузьміча, якая адкрыецца 21 лістапада ў Рэспубліканскім музеі сучаснага мастацтва. Але зусім не абавязкова ехаць у сталіцу, каб палюбавацца берасцейскімі эмалямі: мастак мае намер паказаць свае творы землякам. I з хваляваннем чакае гэтай сустрэчы.
Мiкола ПРАКАПОВІЧ