Мілаянін
Іван Фёдаравіч
біяграфічны нарыс

Іван Фёдаравіч Мілаянін нарадзіўся 17 красавіка 1912 года ў в. Васільеўка Палтаўскай вобласці (Украіна) у сям’і селяніна-бедняка. Рана застаўся сіратою: бацьку забілі бандыты, а маці памерла, калі хлопчыку было 11 гадоў. З 1922 г. Іван выхоўваўся ў дзіцячых дамах. Пасля заканчэння тэхнікума ў 1932 годзе Івана Мілаяніна накіравалі заатэхнікам у жывёлагадоўчы саўгас. У 1934 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію. Закончыў школу малодшых камандзіраў і быў прызначаны памочнікам камандзіра ўзвода школы. Адслужыўшы два гады, працаваў у раённым зямельным аддзеле, але праз тры гады яго зноў прызвалі. У верасні 1939 года на пасадзе камандзіра ўзвода артылерыйскага палка Іван Мілаянін прымаў удзел у вызваленні заходніх абласцей Украіны.
Пасля дэмабілізацыі ў канцы 1940 года застаўся працаваць у г. Перамышляны Львоўскай вобласці, дзе і сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны, якую прайшоў да канца і закончыў у Берліне.
На фронце Іван Мілаянін з ліпеня 1941 года. Спачатку быў камандзірам роты сапёрнага батальёна. Пачынаў вайну ў званні малодшага лейтэнанта, закончыў маёрам на пасадзе намесніка камандзіра стралковага палка па артылерыі. Не злічыць тых кіламетраў, якія прайшоў франтавымі дарогамі разам са сваімі байцамі. У канцы 1941 года ля Таганрога вялі нялёгкія баі з танкавай арміяй генерала Клейста.
Ваяваў на Сталінградскім фронце, у Сальскіх стэпах (Растоўская вобласць). Пасля заканчэння Сталінградскай бітвы 3 лютага 1943 года быў прыняты ў члены партыі. У складзе стралковага палка ўдзельнічаў у вызваленні Данбаса, Нікалаева, Нікапаля, Баранавічаў, Брэста, Кобрына. Прымаў удзел у разгроме варожай групоўкі ва Усходняй Прусіі, узяцці Кёнігсберга. Удзельнік штурму Берліна.
Службу ў Чырвонай арміі І. Ф. Мілаянін працягваў да 1946 года. Пасля дэмабілізацыі лёс закінуў яго ў Беларусь. З 1946 года па 1955 год Іван Фёдаравіч працаваў у апараце Брэсцкага абкама КПБ. У 1952 годзе завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС.
У чэрвені 1955 года І. Ф. Мілаянін у ліку «трыццацітысячнікаў» накіраваны на пад’ём сельскай гаспадаркі, быў абраны старшынёй калгаса «Перамога» ў в. Корчыцы Дзівінскага (з 1959 года – Кобрынскага) раёна. Сельскай гаспадарцы аддаў восем гадоў напружанай працы – гэта быў час станаўлення калектыўнай формы гаспадарання.
З 1963 года ўзначаліў кобрынскую будаўнічую арганізацыю «Міжкалгасбуд», якая ўзводзіла аб’екты ў сельскай мясцовасці, запатрабаваныя пры развіцці калектыўных гаспадарак: фермы, склады, жылыя дамы, дарогі.
З 1972 года Іван Фёдаравіч – персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. Гэты энергічны чалавек і на пенсіі не мог сядзець без спраў. Неаднаразова выбіраўся членам абкама КПБ, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. З 1973 года па 1990 год працаваў памочнікам начальніка аддзела рабочага забеспячэння «Галоўпалессевадбуд» па кадрах. З 1990 года з’яўляўся старшынёй Савета ветэранаў вайны і працы Кобрынскага раёна, а потым г. Кобрына. Яго добра ведалі і паважалі як чалавека высокіх пачуццяў і годнасці, чулага і ўважлівага да людзей і іх патрэб, заўсёды гатовага дапамагчы.
За баявыя і працоўныя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За взятие Кёнигсберга», «За взятие Берлина», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», «За трудовое отличие», «За доблестный труд», «Ветеран труда» (1977), Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Рашэннем Кобрынскага гарадскога Савета народных дэпутатаў № 237 ад 15 верасня 1987 года І. Ф. Мілаяніну было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына». На свяце горада 19 верасня 1987 года ўдзельнічаў у адкрыцці памятнага знака «Кобрыну – 700».
Іван Фёдаравіч Мілаянін памёр 1 чэрвеня 1994 года.