Хільчук, М. Па закліку сэрца / М. Хільчук // Камуністычная праца. – 1984. – 24 лістапада. — С. 3.
Ганароваму грамадзяніну г. Кобрына П. С. Сідарук – 75 гадоў.
Па закліку сэрца
Ганароваму грамадзяніну г. Кобрына
П. С. Сідарук – 75 гадоў
Невысокая светлавалосая маладая жанчына ў чорнай скуранай куртцы, з пісталетам у кабуры на поясе стаіць ца падводзе сярод вялікага натоўпу вяскоўцаў. Уважліва слухаюць кожнае яе слова барадатыя дзяды, маладыя жанчыны і рана пасталеўшыя падлеткі. А яна ўсхвалявана расказвае ім аб справах на фронце, аб мужнай барацьбе савецкіх людзей у тыле ворага, аб тым што блізіцца час вызвалення. I нічога, што ў суседняй вёсцы ў гэты момант стаялі нямецкія салдаты. Людзі ведалі: калі вось так адкрыта выступае перад імі інструктар падпольнага райкома партыі, чалавек, прысланы з Масквы, —значыць, перамога блізка, значыць акупацыі хутка канец.
Такой памятаюць Праско’ўю Сямёнаўну Сідарук людзі старэйшага пакалення. Моладзь горада ведае яе сёння як ганаровага грамадзяніна Кобрына, актыўнага ўдзельніка грамадскага жыцця, як чалавека з багатым гераічным мінулым, які прайшоў слаўны шлях барацьбы за вызваленне свайго народа, будаўніцтва новага жыцця на свабоднай зямлі.
А пачаўся гэты шлях яшчэ ў 1925 годзе, налі ў невялічкім доме Сідарукоў у вёсцы Ілаўск была адкрыта так званая рабоча-сялянская бібліятэка і дзе, замест дазволеных цэнзурай кніг аб «добрых» панах і «шчаслівых» сялянах, старэйшы брат Праскоўі Сямёнаўны — член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Ігнат Сямёнавіч і яго сябры па нялёгкай падпольнай барацьбе — чыталі зусім іншую літаратуру: кнігі Карла Маркса, Леніна, газеты, што тайком дастаўляліся з усходу, расказвалі вясковым юнакам і дзяўчатам аб новым жыцці без князёў і памешчыкаў, аб неабходнасці змагацца за такое жыццё.
Уважліва ўслухоўвалася ў кожнае слова дзяўчына. I з кожным днём у яе свядомасці і сэрцы мацнела рашучасць самой уключыцца ў барацьбу за народкае шчасце. У 1927 годзе яна — член камсамольскай арганізацыі Заходняй Беларусі, яшчэ праз чатыры гады— член КПЗБ. А ў прамежку паміж гэтымі дзвюма вялікімі падзеямі ў яе жыцці была прапагандысцкая работа сярод насельніцтва, стварэнне падпольных ячэек у вёсках, збор сродкаў для палітзняволеных, чыткі забароненай літаратуры, распаўсюджанне лістовак, вывешванне чырвоных флагоў, транспарантаў. Буржуазныя ўлады строга каралі за такія справы. Напярэдадні 1 мая 1932 года Праскоўя Сідарук была арыштавана і прыгаворана да двух гадоў зняволення ў турме.
Але турма не зламала яе рашучасці. Пасля вызвалення яна зноў ўключаецца ў падпольную работу. I зноў арышт і турма.
На гэты раз яе, як і іншых палітычных вязняў, вызваляе Чырвоная Армія. Праскоўя Сідарук вяртаецца ў родныя мясціны, каб уключыцца ў работу па ўстанаўленню Савецкай ўлады, каб на роднай зямлі ажыццяўляць ідэі Леніна.
Яна і сёння не можа без хвалявання ўспомніць той сход, на якім яе выбіралі дэпутатам народнага сходу, што праходзіў ў Беластоку, таго моманту, калі яна, разам з усімі прысутнымі, з глыбокай радасцю, галасавала за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
А потым была вайна. Была эвакуацыя ў Паволжа. Затым выклік ў Маскву, вучоба ў спецыяльнай школе выкідка ў тыл ворага, у распараджэнне Брэсцкага падпольнага абкома партыі. Жыхары многіх вёсак былога Антопальскага і Кобрынскага раёнаў і цяпер памятаюць яе палымяныя выступленні, якія клікалі на барацьбу з нянавісным захопнікам, якія ўсялялі веру ў перамогу.
Пасля вызвалення Беларусі патрыётка зноў там, куды яе накіроўвала партыя. Працуе сакратаром Антопальскага райкома, вучыцца ў партыйнай школе. Затым яна —сакратар Кобрынскага райкома КПБ, намеснік старшыні райвыканкома, прымае актыўны ўдзел у калектывізацыі.
Яна і сёння ў страі. Заўсёды сярод людзей, заўсёды ў курсе падзей. Кабрынчане ведаюць яе не толькі як ветэрана партыі, ганаровую грамадзянку горада, але і як члена партыйнай камісіі пры гаркоме партыі, члена савета ветэранаў, члена камісіі па ахове помнікаў. Да яе і сёння ідуць за парадай, за дапамогай.
М. ХІЛЬЧУК;
НА ЗДЫМКУ: П. С. Сідарук.
Фота I. ЯЦАВА.