Дземідзюк, Т. «Родная зямля аддзякуе» / Таццяна Дземідзюк // Кобрынскi веснiк. — 2012. — 21 ліпеня. — C. 9 : фат.
Таццяна Дземідзюк — старшыня СВК «Узыходзячая зара».
«Родная зямля аддзякуе»
Нарадзілася я ў в. Хідры. Добра памятаю, як з раніцы і да вечара на зямлі шчыравалі мае бацькі. Яны разважалі так: “Зямля, як жывая істота, якой патрэбны догляд і ўвага. Будзеш укладваць сілы ў зямлю — яна абавязкова аддзякуе”.
Пасля заканчэння Хідрынскай сярэдняй школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт народнай гаспадаркі на эканамічны факультэт. Вельмі хацелася працягваць добрую сямейную традыцыю, атрымаць адукацыю і вярнуцца ў родную вёску. Напэўна, таму, што ў глыбіні душы было заўсёды вострае жаданне зрабіць свій родны куток яшчэ больш прыгажэйшым, заможным і квітнеючым.
Вялікую ролю ў маім станаўленні як спецыяліста адыгралі тагачасныя старшыня гаспадаркі Іван Тарасюк і яго намеснік Зоя Дубінка. Аб выдатнай рабоце гэтых знакамітых людзей, іх выключных чалавечых і маральна-дзелавых якасцях ведала ўся краіна. Яны — прыклад асабіста мне і ўсяму калектыву.
3 2010 года ўзначальваю СВК “Узыходзячая зара”. У нас дзейнічаюць тры малочнатаварныя фермы, з якіх атрымліваем амаль сто працэнтаў малака класа “экстра”. Гонар гаспадаркі — свінагадоўчы комплекс, дзе налічваецца 24000 галоў жывёлы. У мінулым годзе ўдалося дасягнуць рэкордных паказчыкаў у раслінаводстве. Так, спецыялісты СВК “Узыходзячая зара” дабіліся на землях з зусім сціплай бальнасцю (27,5) выдатнага
ўраджаю кукурузы на зерне — 98 цэнтнераў з гектара. А гэта — адно з лепшых дасягненняў у вобласці. Агульны намалот склаў 5662 тоны.
Час ляціць імкліва. 26-ы год працую ў сваёй гаспадарцы, добра ведаю людзей, іх патрэбы і праблемы. Адзначу, што ўсе працаўнікі сельгаспрадпрыемства атрымліваюць годную заработную плату і ганарацца тым, што жывуць у сучасным аграгарадку з сучаснай сацыяльнай інфраструктурай. Маладыя сем’і і спецыялісты забяспечваюцца жыллём. Функцыянуюць ведамасны дзіцячы садок, спартыўны комплекс, школа і ФАП… Адным словам, створаны камфортныя ўмовы, каб з радасцю сустракаць кожную раніцу і з выдатным настроем ісці на работу, а пасля вяртацца ў сваю сям’ю. Наколькі ж праўдзівымі ўсё-такі аказаліся бацькоўскія словы! Родная зямля ўдзячна кожнаму з нас, хто як мае быць гаспадарыць на ёй.