Біяграфічны нарыс

Гасюк Нінэль Паўлавіч

біяграфічны нарыс

Нінэль Паўлавіч Гасюк нарадзіўся 5 лістапада 1924 года ў вёсцы Лучкава Красінскага раёна Смаленскай вобласці Расіі. Бацька Нінэля, Павел Пятровіч, скончыў Віленскае педагагічнае вучылішча, вучыў дзецей на Случчыне. Моцны ўплыў ідэй савецкай улады і яе лідэра У. І. Леніна заахвоціла Паўла Пятровіча даць хлопчыку імя Нінэль.

Сын настаўніка Нінэль змалку цягнуўся да адукацыі. У 1939 годзе паступіў вучыцца ў Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарта. А ў 1941-м летнюю экзаменацыйную сесію перапыніла вайна. Студэнты, замест здачы апошняга выпускнога экзамену, рыхтавалі будынак тэхнікума пад шпіталь. Юнак вярнуўся ў Падзяменск, дзе ў той час жыла маці. Вельмі хацелася на фронт, але з-за маладога ўзросту яму пастаянна адмаўлялі. Хлопец працаваў па 18 гадзін у суткі на патрэбы арміі. Пазней сям’я Гасюк была эвакуіравана ў Арэнбургскую вобласць. Нінэль працаваў у паравозным дэпо вучнем слесара.

Асвойваць ваенную справу давялося ў 1942 годзе ў Краснахолмскім пяхотным вучылішчы, аднак скончыць яго курсант не паспеў. 20 жніўня 1942 года Нінэля Гасюка прызвалі ў армію, а ў снежні ён быў адпраўлены на фронт. Па прыбыцці быў размеркаваны ў 674-ы полк 150-й добраахвотніцкай дывізіі імя І. В. Сталіна. Удзельнічаў у абаронча-наступальных баях пад Оршай у 1943 годзе, зведаў сапраўднае пекла. У 1944 годзе быў мінамётчыкам. Удзельнічаў у знішчэнні Курляндскай групоўкі (1945). 30 лістапада 1945 года як дарожны рабочы быў дэмабілізаваны. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За отвагу» і «За победу над Германией».

Так склаліся абставіны, што ураджэнца Смаленшчыны лёс цесна звязаў з Кобрыншчынай. Беларуская зямля, якую Нінэль Гасюк вызваляў са зброяй у руках, зноў паклікала да сябе. У студзені 1949 года сям’я пераехала ў Кобрын – горад, які Нінель Паўлавіч называе сваёй другой радзімай. Самааддана, не шкадуючы сіл, ён працаваў на розных пасадах, ніколі не цураўся ніякай работы, унёс свой уклад у развіццё горада. Працаваў нарыхтоўшчыкам садавіны і агародніны, механікам, выкладаў у школе дзецям працоўнае навучанне.

Добры след Н. П. Гасюк пакінуў на пасадзе настаўніка працоўнага і вытворчага навучання ў СШ № 2 г. Кобрына. Яго рукамі былі абсталяваны па ўсіх патрабаваннях школьныя майстэрні, зманціравана паравое ацяпленне, у школе з’явіліся трактар, камбайн, два аўтамабілі. За добрасумленную, творчую працу ў школе Нінэль Паўлавіч шмат разоў заахвочваўся, узнагароджаны Граматай Міністэрства асветы БССР.

Яго вялізны тэхнічны і жыццёвы вопыт спатрэбіўся і падчас працы на рамонтным заводзе, дзе да асноўных завадскіх абавязкаў Н. П. Гасюку даручылі стварыць цэх вытворчага навучання школьнікаў у навучальна-вытворчым камбінаце. Ветэран вайны і працы, нягледзячы на вытворчую занятасць, знаходзіў час і для спраў грамадскіх. На рамонтным заводзе Нінэль Паўлавіч узначальваў таварыскі суд, быў намеснікам сакратара цэхавай партыйнай арганізацыі, старшынёй групы народнага кантролю аўтацэха, народным засядацелем гарадскога суда.

З 2002 года — на заслужаным адпачынку. За свае працоўныя заслугі ўзнагароджаны медалямі «За доблесную працу» і «Ветэран працы», а таксама рознымі граматамі.

Паслядоўным, адказным быў і ва ўласнай сям’і. З жонкай Марыяй у разуменні і падтрымцы пражыў 60 гадоў. Выгадавалі дваіх дзяцей, ёсць тры ўнукі і праўнук.

У цяперашні час Нінэль Паўлавіч жыве адзін. Каб не сумаваць, асвоіў камп’ютар, з дапамогай глабальнай сеткі мае зносіны са шматлікімі людзьмі. Актыўна сочыць за падзеямі ў краіне па тэлевізары. Вастрыні розуму былога франтавіка могуць пазайздросціць і маладыя. У свае 99 з паловай гадоў ён ведае на памяць шмат вершаў, з задавальненннем чытае на памяць цэлыя паэмы. Праяўляе жывую цікавасць да ўсяго, што адбываецца ў горадзе, краіне і свеце, на ўсё мае ўласную думку.

І сёння Нінэль Паўлавіч, нягледзячы на шаноўны ўзрост, займае актыўную жыццёвую пазіцыю, сустракаецца з моладдзю Кобрыншчыны, наведвае навучальныя ўстановы. Яго лёс, як і лёс іншых салдатаў, партызанаў, працаўнікоў тылу назаўсёды стаў часткай вялікага летапісу нашай агульнай Перамогі, а жывыя ўспаміны – унікальнай крыніцай.

Шматлікія падзякі, ганаровыя граматы Н. П. Гасюка — пераканаўчыя сведчанні высокага аўтарытэту, майстэрства і адказнасці за грамадскія справы, за выхаванне моладзі. Да Дня горада па выніках 2022 года ў знагароджаны Дыпломам Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта ў намінацыі «Мудрость благодарным потомкам».

Рашэннем Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў ад 10 ліпеня 2024 года № 21 за выдатны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, актыўную грамадскую дзейнасць, грамадзянскую пазіцыю, патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, у сувязі з 80-й гадавінай вызвалення г. Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогай савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне Нінэлю Паўлавічу Гасюку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».

5 2024 лістапада Нінэль Паўлавіч адзначыў свой 100-гадовы юбілей. З нагоды знакавай падзеі Ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна каля яго дома высадзілі дрэвы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.