Віншуем з сямідзесяцігоддзем! / фота Г. Краснова // Камуністычная праца. – 1979. – 24 лістапада (№ 141). – С. 3 : фат.
25 лістапада спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння Праскоўі Сямёнаўны Сідарук.
Віншуем з сямідзесяцігоддзем!
Заўтра спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння Праскоўі Сямёнаўны Сідарук. Бадай, цяжка знайсці ў нашым горадзе і раёне чалавека, які б не ведаў гэтай жанчыны. Ураджэнка Кобрыншчыны, актыўная удзельніца падпольнай барацьбы ў перыяд белапольскай акупацыі, яна з маленства зведала і горыч паднявольнай сялянскай працы, і зневажэнне чалавечай годнасці пыхлівай польскай нацыяналістычнай шляхтай, і ледзяны холад турэмных засценкаў. Але нішто не здольна было зламаць волю камуністкі, яе імкнення дабіцца свабоды прыгнечанаму народу заходніх абласцей Беларусі.
Актыўна змагалася Праскоўя Сямёнаўна з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай айчыннай вайны. Смелая партызанка адзначана высокімі ўзнагародамі.
Ярка праявіла сябе Праскоўя Сямёнаўна ў мірнай стваральнай працы. Глыбокай перакананасцю ў канчатковай перамозе камунізму, бясконцай любоўю да людзей, пастаянным клопатам аб задавальненні іх патрэб, прынцыповасцю і патрабавальнасцю камуніста-ленінца — вось чым запомнілася яна жыхарам Кобрыншчыны ў гады, калі падымала іх на адраджэнне разбуранай вайной гаспадаркі, арганізоўвала калгасы, заклікаючы сялян да новага жыцця. Прызнаючы яе вялікі аўтарытэт і высокую грамадскую актыўнасць, у 1947 годзе жыхары раёна выбралі П. С. Сідарук дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Загадчыца аддзела па рабоце сярод жанчын райкома КПБ у цяжкія першыя пасляваенныя гады, сакратар райкома КПБ, а затым намеснік старшыні райвыканкома — на гэтых пасадах праявіла П. С. Сідарук вялікі талент арганізатара, аддавала ўсё сваё ўменне, жыццёвы вопыт уздыму народнай гаспадаркі, культуры роднага раёна.
У 1959 годзе Праскоўя Сямёнаўна выйшла на пенсію, Аддаючы даніну глыбокай павагі да гэтай жанчыны – воіна, маці, працаўніцы, выканком гарадскога Савета народных дэпутатаў прысвоіў ёй званне Ганаровай грамадзянкі г. Кобрына. Але і на заслужаным адпачынку, і да сённяшняга дня Праскоўя Сямёнаўна вядзе вялікую грамадзянскую работу. Яе гутаркі і ўспаміны аб мінулым, аб барацьбе з ворагамі Савецкай улады ўважліва слухаюць школьнікі і дарослыя, вучацца ў яе стойкасці, адданасці і вернасці Радзіме, Камуністычнай партыі, свайму народу.
Віншуючы Праскоўю Сямёнаўну Сідарук з 70-годдзем, мы ўсе жадаем ёй добрага здароўя, многіх гадоў жыцця, бадзёрасці і шчасця. I верым, што яшчэ не раз сустрэнемся з ёю, пачуем яе гарачае слова перакананага партыйца, сапраўднага бальшавіка.
НА ЗДЫМКУ: П. С. Сідарук.
Фота Г. КРАСНОВА.