Сялюк Пётр Дзянісавіч
біяграфічны нарыс

Пётр Дзянісавіч Сялюк нарадзіўся 12 ліпеня 1939 года ў в. Філіповічы Капаткевіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. На яго долю выпаў лёс мільёнаў дзяцей вайны. Каб выратаваць свайго адзінага сына, маці Пятра перабралася з разбуранай фашыстамі Гомельшчыны на захад Беларусі. Так горад Кобрын стаў другой радзімай Пятра Селюка.
Пасляваенныя часы былі цяжкімі, фашысцкія акупанты пакінулі пасля сябе руіны. Людзі жылі ў беднасці, прыходзілася выжываць, на работу ўладкавацца было складана. Пётр Сялюк вучыўся ў сярэдняй школе № 2 г. Кобрына і вельмі жадаў набыць рабочую спецыяльнасць, каб была ўпэўненасць у заўтрашнім дні. У 1957 годзе, скончыўшы 8 класаў, юнак пачаў сваю працоўную біяграфію аўтаслесарам пры вайсковай часці ў п. Мачулішчы Мінскага раёна. Пасля працы прыходзіў у Мінскі аэраклуб, дзе вучыўся на курсах пілота, неаднаразова рабіў вылеты на спартыўным самалёце «ЯК-18».
У студзені 1958 года П. Сялюк вярнуўся ў г. Кобрын. Нейкі час працаваў у друкарні. Потым, з верасня 1959 года і да да выхаду на пенсію, месцам яго працы стаў Кобрынскі рамонтны завод (цяпер ААТ «САЛЕА-Кобрын»). Пачынаў з падсобнага рабочага, быў слесарам, фрэзероўшчыкам, токарам, наладчыкам. Усімі гэтымі прафесіямі ён авалодаў у дасканаласці. У 1961 годзе скончыў школу працоўнай моладзі.
Старанне рабочага адзначалася рознымі званнямі, граматамі. У 1971 годзе яму было прысвоена званне «Ударнік камуністычнай працы». За высокія паказчыкі ў працы П. С. Сялюк удастоены ордэнамі Працоўнай Славы III (1975) і II (1986) ступеняў, ордэнам «Знак Пашаны» (1977), медалямі «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина» (1970), «Ветеран труда» (1984). Неаднаразова з’яўляўся пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў, прызнаны лепшым па прафесіі, унёс мноства рацыяналізатарскіх прапаноў. Быў удзельнікам выстаў ВДНГ СССР (1971) і ВДНГ БССР (1979).
На заводзе П. Д. Сялюк з’яўляўся старшынёй Савета настаўнікаў моладзі. У 1976 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам «Настаўнік моладзі». 31 мая 1978 года Пятру Дзянісавічу як высокакваліфікаванаму настаўніку моладзі за заслугі ў навучанні юнакоў і дзяўчат прафесіянальнаму майстэрству было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнiк працуючай моладзі Беларускай ССР».
Пётр Дзянісавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці завода, горада. Быў членам бюро гарадскога камітэта КПБ і партбюро завода, дэлегатам XXVIII з’езда КПБ і XXVI з’езда КПСС. Узнагароджваўся Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1999), быў занесены на Дошку гонару і ў Кнігу гонару завода.
У год святкавання 700-годдзя Кобрына П. Д. Селюку было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына» (рашэнне Кобрынскага гарсавета № 237 от 15.09.1987 г.).
Пётр Дзянісавіч Сялюк памёр 28 снежня 2010 года. Яго жыццёвае крэда было простым і высакародным — рабіць дабро.