Дземідзюк Таццяна Паўлаўна
Біяграфічны нарыс

Дземідзюк Таццяна Паўлаўна нарадзілася 12 ліпеня 1966 года ў в. Хідры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Усе яе продкі – працаўнікі сяла. Тут, у калгасе «Зара», з моманту яго заснавання працавалі абедзве бабулі Таццяны Паўлаўны, затым бацька і маці.
Кошт сялянскай працы Таццяна ведала з дзяцінства, таму пасля заканчэння Хідрынскай сярэдняй школы пайшла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава. У 1987 годзе скончыла інстытут па спецыяльнасці «планаванне сельскай гаспадаркі».
Увесь працоўны шлях Таццяны Паўлаўны звязаны з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Сваю працоўную дзейнасць пачала ў 1986 годзе эканамістам калгаса «Дружба» Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Затым Таццяна Паўлаўна працавала эканамістам калгаса «Зара» Кобрынскага раёна, які ў далейшым перайменаваны ў СВК «Узыходзячая зара». Працавала намеснікам старшыні, выконвала абавязкі старшыні кааператыва.
Са жніўня 2010 года назначана на пасаду старшыні СВК «Узыходзячая зара». Высокі прафесіяналізм, адказнасць, ініцыятыва і настойлівасць у вырашэнні вытворчых пытанняў, прынцыповасць, дзелавітасць, новыя падыходы дазваляюць Таццяне Паўлаўне дабівацца значнага ўмацавання эканомікі гаспадаркі, павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, росту прадукцыйнасці жывёлагадоўлі.
За гэты перыяд гаспадарка дасягнула вялікіх вынікаў. У 2013 годзе за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці СВК «Узыходзячая зара» ўзнагароджаны дыпломам трэцяй ступені, які быў заваяваны ў спаборніцтве сярод арганізацый АПК Брэсцкай вобласці. Гаспадарка займае другую пазіцыю ў вобласці па паказчыках надояў малака. У 2023 годзе ад каровы тут атрымалі па 10 145 кілаграмаў малака, пры гэтым гадавая прыбаўка склала па 805 кілаграмаў. У 2024 годзе па прадуктыўнасці дойнага статка калектыў заняў другое месца ў Брэсцкай вобласці з вынікам 11 716 кілаграмаў.
Людзям у СВК «Узыходзячая зара» створаны ўсе ўмовы для працы і адпачынку. У складзе прадпрыемства не толькі малочнатаварныя, жывёлагадоўчыя фермы, свінагадоўчы і зернесушыльны комплексы, паляводчыя брыгады, транспартны парк, рамонтныя майстэрні, але і сталовая, дзіцячы сад, плавальны басейн, масажны і зубапратэзны кабінеты.
Таццяна Паўлаўна Дземідзюк з’яўляецца дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ХХVIII склікання.
За час сваёй працы Таццяна Паўлаўна не раз удастойвалася ганаровых узнагарод і званняў. Яна — пераможца абласнога конкурсу «Жанчына года — 2011» у намінацыі «За ўклад у развіццё вёскі», узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі«, ордэнам прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Рашэннем Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў ад 27 снежня 2024 года № 37 «Аб прысваенні звання «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна»» за выбітны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Кобрынскага раёна і грамадскую дзейнасць Дземідзюк Таццяне Паўлаўне, старшыні сельскагаспадарчай вытворчасці кааператыва «Узыходзячая зара», прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».