Ратайка Пётр Іванавіч
біяграфічны нарыс

Пётр Іванавіч Ратайка — дзяржаўны дзеяч БССР, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн. Нарадзіўся 13 студзеня 1898 года ў в. Пескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1912 годзе скончыў тры класы мясцовай школы, потым працаваў разам з бацькамі на гаспадарцы.
У верасні 1915 года з набліжэннем германскіх войск сям’я Ратайкаў эвакуіравалася ў г. Арэнбург, там Пётр працаваў на Арэнбургска-Орскай чыгунцы.
У маі 1916 года васемнаццацігадовым юнаком трапіў на фронт Першай сусветнай вайны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ён з першых дзён са зброяй у руках у Чырвонай Арміі. У складзе 18-га стралковага палка служыў спачатку радавым, потым палітруком. Удзельнічаў у баях супраць войск генерала А. І. Дутава і адмірала А. В. Калчака.
У ліпені 1920 года ўступіў у РКП(б). Пасля дэмабілізацыі жыў і працаваў у Беларусі. З 1921 года працаваў старшынёй Заслаўскага і Самахвалавіцкага валасных выканкамаў. З 1926 года тры гады вучыўся ў Камуністычным універсітэце Беларусі ў Мінску. Пасля яго заканчэння працаваў старшынёй Чэрыкаўскага, потым Крычаўскага райвыканкамаў, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Не палічыць, колькі разоў сцерагла яго смерць. З бандыцкіх абрэзаў цалялі ў яго пад Мінскам і Заслаўем, рука бандыта кінула гранату на лясной дарозе пад Чэрыкавым.
З гістарычнымі падзеямі ў жыцці беларускага народа, з уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР, звязана накіраванне П. І. Ратайкі, як вопытнага работніка, у горад Гродна. У той час Гродна з’яўляўся адным з буйнейшых прамысловых цэнтраў Заходняй Беларусі, але гаспадарка горада знаходзілася ў занядбаным стане. 15 снежня 1939 года адбыліся выбары ў гарадскі Савет дэпутаў працоўных, 21 снежня прайшла яго першая сесія. П. І. Ратайка стаў першым старшынёй гарсавета. Шмат цяжкасцей давялося пераадольваць і шмат карысных спраў удалося зрабіць у горадзе першаму старшыні Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных за няпоўныя два гады савецкай улады (са снежня 1939-га па чэрвень 1941 года). Яшчэ большымі былі планы на 1941 год і наступныя гады, але перашкодзіла вайна.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Пётр Ратайка знаходзіўся ў дзеючай арміі. Ваяваў у складзе 3-й арміі на Бранскім фронце. За мужнасць у барацьбе з ворагам быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Восенню 1943 года з пачаткам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў П. І. Ратайка быў адкліканы з арміі і накіраваны ў распараджэнне Савета Народных Камісараў (СНК) БССР, які часова знаходзіўся ў Гомелі. Працаваў намеснікам старшыні СНК БССР (1943-1944).
У 1944 годзе П. І. Ратайка прыехаў у толькі што вызвалены горад Гродна. 8 жніўня аднавіў сваю работу гарадскі Савет дэпутатаў працоўных. 20 верасня Гродна стаў цэнтрам Гродзенскай вобласці. Да 1948 года Пётр Іванавіч займаў пасаду старшыні Гродзенскага абласнога выканкама. У гэтыя гады шмат увагі і часу аддаваў аднаўленню разбуранай гаспадаркі горада і вобласці. Уся краіна дапамагала адбудоўваць адзін са старажытнейшых беларускіх гарадоў, сюды везлі метал, вугаль, прамысловае абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. Ужо ў 1947 годзе прамысловасць вобласці дасягнула даваеннага ўзроўню.
У наступныя гады Пётр Іванавіч працаваў у Мінску. На працягу некалькіх гадоў узначальваў Галоўнае ўпраўленне рыбнай прамысловасці пры Савеце Міністраў БССР (1948-1953). Заўсёды добрасумленна выконваў свае абавязкі, не любіў самазадаволенасці, абыякавасці. На першым плане ў яго была дзелавітасць, прынцыповасць і, самае галоўнае, – сумленнасць. У сталым узросце завочна закончыў Цэнтральны інстытут рыбнай прамысловасці ў Маскве (1958).
Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР I, II, III скліканняў (1938-1955). Узнагароджаны шасцю ордэнамі (Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга і інш.), медалямі. Аўтар дакументальнай аповесці «На жыццёвых кручах» (1985), якая выдадзена пасля яго смерці. Апісаў родную вёску Пескі, бедны побыт аднасяльчан, свой шлях чырвонаармейца, барацьбу з бандытызмам у 1920-я гады, студэнцкія гады ў Мінску, першыя месяцы Вялікай Айчыннай…
6 снежня 1967 года Пётр Іванавіч Ратайка рашэннем выканаўчага камітэта Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных № 260 удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Гродна». Пастановай ад 31 ліпеня 1968 года № 149 выканкама Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных і бюро Гродзенскага гаркама КПБ першы старшыня Гродзенскага гарсавета дэпутатаў працоўных (1939-1941), старшыня Гродзенскага аблвыканкама (1944-1948) Ратайка Пётр Іванавіч Ратайка занесены ў Кнігу Народнай славы горада Гродна. П. І. Ратайка пасля цяжкай хваробы памёр у 1982 годзе.