Біяграфічны нарыс

Мароз Іван Паўлавіч

біяграфічны нарыс

Мароз Іван Паўлавіч нарадзіўся 22 сакавіка 1945 года ў вёсцы Свішчы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, франтавік. У дзяцінстве ў Івана праявілася цікавасць да механікі, таму пасля заканчэння сямігодкі ў 1961 годзе ён вырашыў пайсці вучыцца ў Пружанскі саўгас-тэхнікум. Скончыў аддзяленне механізацыі, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка.

Працоўную дзейнасць Іван Мароз пачаў у 1966 годзе на Кобрынскім рамонтным заводзе, куды па размеркаванні быў накіраваны на работу. 22 гады аддаў прадпрыемству, дзе паступова прайшоў усе прафесійныя прыступкі – ад майстра да намесніка дырэктара па вытворчасці, набіраўся прафесійнага вопыту і вопыту работы з людзьмі.

З 1979 года па 1985 год Іван Мароз сумяшчаў кіруючую работу на вытворчасці з вучобай на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытута. Скончыў аўтатрактарны факультэт і ўжо праз год вопытнага спецыяліста прызначаюць дырэктарам Кобрынскай сельгастэхнікі (з 1996 года – ААТ «Кобрынская сельгастэхніка», з 2003 года – ААТ «Кобрынаграмаш»). Сельгастэхніка – вялізная частка жыцця Івана Паўлавіча. Прыйшоў ён туды ў савецкія часы, быў з ёй падчас росквіту, у складаны перыяд распаду СССР і ў цяжкія 1990-я, асвойваў новыя сучасныя формы працы ў 2000-х. 28 гадоў (па жнівень 2014 года) І. П. Мароз кіраваў прадпрыемствам з колькасцю работнікаў каля 750 чалавек.

Нават у самыя складаныя часы І. П. Мароз даражыў кожным здольным спецыялістам і не толькі не дапусціў масавых звальненняў, але і стварыў новыя рабочыя месцы, укараняў са сваімі калегамі новыя перадавыя тэхналогіі, пашыраў віды паслуг. Пад кіраўніцтвам Івана Паўлавіча прадпрыемства дасягнула высокіх эканамічных і вытворчых паказчыкаў. Паспяховае ў савецкі час прадпрыемства, якое два гады запар займала першае месца ва Усесаюзным спаборніцтве, вытрымала выпрабаванне часам, ператварылася ў сучасны завод, адзін з асноўных пастаўшчыкоў Мінскага трактарнага завода.

Спецыялізацыя Кобрынскага завода аграпрамысловага машынабудавання – вытворча-тэхнічнае абслугоўванне суб’ектаў аграпрамысловага комплексу, выраб дэталяў да трактараў маркі «Беларус». У структуры прадпрыемства цэх па вытворчасці правадоў і жгутоў правадоў для аўтатрактарнага электраабсталявання і цэх механічнай апрацоўкі. Працуе дылерскі цэнтр па рэалізацыі ўсіх мадэляў трактароў вытворчасці ВА «МТЗ», іх перадпродажнаму, гарантыйнаму і паслягарантыйнаму абслугоўванню; кіслародная станцыя.

Кобрынскі завод з’яўляўся лепшым пастаўшчыком ВА «МТЗ» (2002), лепшым дылерам МТЗ (2003, 2005), пераможцам абласнога конкурсу ў вобласці якасці прадукцыі (2006). Прадукцыя завода экспартавалася ў краіны СНД, Літву.

Паспяваў Іван Паўлавіч займацца і грамадскай дзейнасцю. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога і Кобрынскага раённага Саветаў дэпутатаў, быў удзельнікам чатырох Усебеларускіх народных сходаў.

За сваю працоўную дзейнасць, прафесіяналізм І. П. Мароз адзначаўся на самым высокім узроўні. Узнагароджаны ордэнамі Пашаны (1999), Айчыны III ступені (2004), медалямі «За працоўную доблесць» (1987), «Ветэран працы» (1989). Па выніках працы за 2007 год занесены на раённую Галерэю Працоўнай Славы раёна ў прамысловасці.

Рашэннем Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў № 37 ад 13 студзеня 2015 года за асабісты ўклад у развіццё эканомікі раёна Івану Паўлавічу Марозу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна».

Сёння І. П. Мароз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Іван Паўлавіч заўсёды жыў насычаным жыццём: займаўся спортам, танцамі (выступаў нават на сцэне Крамлёўскага Палаца з’ездаў), садоўніцтвам і пчалярствам. І зараз ветэран знаходзіць справы па душы. Сапраўднай аддушынай для яго з’яўляецца магчымасць адпачыць на дачы. З выхадам на пенсію ён прысвяціў сябе любімаму захапленню – пчалярству. Любоў да малой радзімы, сям’і, людзей, жыццялюбства, мэтанакіраванасць – стрыжань гэтага чалавека.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.