Біяграфічны нарыс

Каранчук Павел Рыгоравіч

біяграфічны нарыс

Павел Рыгоравіч Каранчук нарадзіўся 11 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Магдалін Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і сялян. Усё сваё жыццё яго бацькі працавалі на зямлі. Бацьку, Георгія Карнілавіча Каранчука, лічылі ў вёсцы пісьменным чалавекам, бо ён скончыў царкоўна-прыходскую школу ў Расіі (у гады Першай сусветнай вайны сям’я Каранчукоў была ў бежанцах), і вельмі хацеў, каб сын атрымаў добрую адукацыю. У дакументах аб нараджэнні Паўла сельскі пісар зрабіў памылку – запісаў Рыгоравічам, а не Георгіевічам.

У 1936 годзе Павел Каранчук скончыў чатыры класа Барысаўскай пачатковай школы. Бацька адправіў яго вучыцца ў пяты клас Кобрынскай польскай школы (зараз СШ № 2 г. Кобрына), дзе той закончыў 7 класаў. З прыходам Савецкай улады ў 1939 годзе працягнуў вучобу ў рускамоўнай школе. У 1941 годзе ўступіў у камсамол. Па заканчэнні школы ў Кобрыне атрымаў у сельскім Савеце накіраванне на вучобу ў школу фабрычна-завадскога навучання г. Магілёва. Аднак вучыцца не прыйшлося: памёр бацька, а праз два тыдні пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Родная вёска стала зонай акупацыі, а каб выжыць, юнаку прыходзілася рабіць любую працу, у тым ліку, капаць ямы для магіл растраляных яўрэеў. Павел аказаўся ў спісах для адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію, аднак здолеў уцячы са зборнага пункта. Тым часам фронт Чырвонай Арміі набліжаўся, у зоне акупацыі з’явілася ваенная разведка. Кемлівы юнак змог паказаць на ваеннай тапаграфічнай карце аб’екты фашыстаў.

У першыя дні пасля вызвалення родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Павел Каранчук разам з іншымі аднавяскоўцамі прыйшоў у ваенкамат, каб прызвалі ў армію. Але іх накіравалі на аднаўленне разбураных вайной шлюзаў Дняпроўска-Бугскага (Каралеўскага) канала. Адсюль Павел Каранчук трапіў у школу малодшых камандзіраў у Пінск, дзе рыхтавалі кадры для аховы шлюзаў, стаў намеснікам камандзіра ўзвода па палітчастцы.

Вярнуўшыся ў вёску, стварыў камсамольскую арганізацыю, у якую ўваходзілі сем чалавек. З 1947 года па 1948 год ён сакратар камсамольскай арганізацыі Кіселявецкага сельсавета. Завочна вучыўся ў Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, які скончыў з адзнакай.

1949 год адкрыў новы этап у лёсе Паўла Каранчука: яго прынялі ў партыю. У гэтым жа годзе ў Кобрынскім раёне пачалі стварацца калгасы, і ў 24 гады Павел Каранчук стаў першым старшынёй калгаса «Новы шлях», які нязменна ўзначальваў на працягу 36 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам калгас хутка стаў адным з паказальных на Брэстчыне. Калгас «Новы шлях» Кобрынскага раёна быў у ліку тых гаспадарак, на базе якіх праводзіліся рэспубліканскія семінары па сельскай гаспадарцы, сюды прыязджалі абменьвацца вопытам кіраўнікі гаспадарак з усёй Беларусі. Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў неаднаразова бываў у гэтай гаспадарцы. Дарэчы, пры яго садзейнічанні ў калгасе быў пабудаваны кармазавод.

Шмат добрых спраў за сваю кіраўніцкую дзейнасць паспеў зрабіць старшыня калгаса П. Р. Каранчук. Была пабудавана пачатковая школа ў в. Магдалін і сярэдняя школа ў в. Кісялёўцы, правялі газ. Мясцовыя жыхары дагэтуль з павагай завуць Паўла Рыгоравіча няйначай, як першы старшыня. Ён шмат зрабіў для развіцця калектыўнай сельскагаспадарчай працы на Кобрыншчыне.

У 1984 годзе Павел Рыгоравіч выйшаў на пенсію, але таксама не сядзеў без справы, займаўся краязнаўчай работай. У 1985 годзе захапіўся тапанімікай – навукай пра паходжанне геаграфічных назваў, скалесіў амаль усе вёскі Кобрынскага раёна і здолеў знайсці тлумачэнне назваў вельмі многіх з іх. У раённай газеце «Кобрынскі веснік» апублікаваны шэраг артыкулаў пад рубрыкай «Деревенька моя…». Пісаў ўспаміны пра сябе, якія цесна перапляталіся з гісторыяй яго роду, вёскі, утварэння і станаўлення роднага калгаса. Прымаў актыўны ўдзел у зборы матэрыялаў, падрыхтоўцы і выданні гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Кобрынскі раён» (2002).

Невычэрпная працавітасць і аўтарытэт набылі яму павагу сярод людзей. З 1987 года па 1988 год П. Р. Каранчук працаваў старшынёй раённага Савета ветэранаў, з 1997 года па 2001 год — старастам в. Магдалін. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, чатыры  разы — дэпутатам Кобрынскага раённага Савета народных дэпутатаў, шмат разоў — дэпутатам Кіселявецкага сельскага Савета народных дэпутатаў.

Яркі і плённы працоўны шлях П. Р. Каранчука адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнамі Леніна, «Знак Пашаны», медалём « За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина» (1970), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1974). За вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна, вывучэнне, захаванне і прапаганду гісторыка-культурнай спадчыны Кобрыншчыны рашэннем Кобрынскага раённага выканкама ад 18 жніўня 2005 года № 786 Паўлу Рыгоравічу Каранчуку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна». Павел Рыгоравіч Каранчук памёр 9 красавіка 2012 года. Яго жыццё і дзейнасць увайшлі ў гісторыю Кобрыншчыны як яркі прыклад самаадданай працы, адданага служэння людзям, вернасці грамадзянскаму абавязку і Радзіме. У яго лёсе, як у люстэрку, адбілася цэлая гістарычная эпоха.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.