2021 Светава, Я. «Арыфметыка» Магніцкага і таварыш Маўзер

Светава, Я. «Арыфметыка» Магніцкага і таварыш Маўзер / Яна Светава ; фота з сайта музея // Звязда. – 2021. – 14 жніўня (№ 155). – С. 5 ; фат.

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей на працягу года рэалізуе цікавы асветніцкі праект, дзе адным з экспанатаў стаў пісталет сістэмы «Маўзер К96», які перадаў музею ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін Кобрына, палкоўнік Дзмітрый Барысаў.

«АРЫФМЕТЫКА» МАГНІЦКАГА І ТАВАРЫШ МАЎЗЕР

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей на працягу года рэалізуе цікавы асветніцкі праект.

Ваенна-гістарычньз музей імя А. В. Суворава сёлета адзначае сваё 75-годдзе. Да юбілейнай даты музей падрыхтаваў цыкл выстаў аднаго прадмета «Экспанат для цікаўных, альбо З тайнікоў музея». Кожны месяц ладзіцца новая выстава з музейнага фонду, на агляд выстаўляецца прадмет, які раней ніколі не экспанаваўся. Артэфакт з’яўляецца ў апошняй зале экспазіцыі.

Паводле інфармацыі дырэктара ўстановы Алены Бабенка, ідэю запазычылі ў абласнога краязнаўчага музея. Вырашылі прыцягнуць увагу да сваіх фондаў, якія налічваюць 25 тысяч прадметаў, у той час як у пастаянных экспазіцыях выстаўлена ўсяго каля трох тысяч экспанатаў. Ды ў музея ёсць такія прадметы, што не ўпісваюцца ў тэматыку эксгіазіцый, але ж уяўляюць сабой гістарычную рэдкасць і каштоўнасць. Вось іх і прэзентуюць зараз наведвальнікам.

I першым такім рарытэтам стала брашура «Біяграфічныя звесткі аб службе вялікага палкаводца», якая была выдадзеная ў Ленінградзе ў 1940-м годзе. Унікальнасць кнігі ў тым, што яна была падорана кобрынскаму музею аўтарам-укладальнікам, кандыдатам гістарычных навук Ціханам Вараб’ёвым, аб чым сведчыць надпіс. Былі выстаўлены таксама крэсла эпохі Рзнесансу, каўнер для параднага мундзіра вялікага князя Міхаіла Паўлавіча, брата імператара Аляксандра I.

А вось «Арыфметыка» Магніцкага — кніга ва ўсіх сэнсах унікальная. Выдадзены ў Маскве ў 1703 годзе, гэта першы ў Расіі падручнік па матэматыцы. Кніга набраная кірыліцай, упрыгожана гравюрамі, тэкст праілюстраваны малюнкамі і чарцяжамі, ёсць нават вершаваныя ўстаўкі. Больш за паўстагоддзя расійскія навучальныя ўстановы выкарыстоўвалі гэтую кнігу ў якасці падручніка. Ламаносаў называў «Арыфметыку» Магніцкага і «Граматыку» Сматрыцкага «брамай сваёй вучонасці».

А героем дня ў маі на гэтай выставе стаў пісталет сістэмы «Маўзер К96». Маўзер зрабілі ў канцы XIX стагоддзя ў Германіі, вытворчасць яго працягвалася да 1939 года.

У якасці асабістай зброі пісталет у свой час мелі Уінстан Чэрчыль, савецкія военачальнікі Клім Варашылаў, Сямён Будзённы. «Таварыш Маўзер» з’яўляецца амаль ва ўсіх савецкіх фільмах пра рэвалюцыю і грамадзянскую вайну.

З ім ходзяць героі «Няўлоўных мсціўцаў», «Белага сонца пустыні», «Афіцэраў».

Арыгінальны маўзер узору 1912 года перадаў музею ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін Кобрына, камандзір палка, які вызваляў Кобрын у 1944-м, палкоўнік Дзмітрый Барысаў. У музеі захоўваюцца ўспаміны Дзмітрыя Барысавіча. Ёсць здымак, які ўвекавечыў момант перадачы зброі ветэранам Барысавым тагачаснаму дырэктару музея Аляксею Мартынаву. Было гэта ў 1974 годзе на святкаванні 30-годдзя вызвалення Кобрына.

Экспанатам жніуня стаў гіпсавы бюст хлопчыка работы вядомага скульптара Бальбіны Свіціч-Відацкай, якая да вайны жыла ў Кобрыне. Дарэчы, Бальбіна Відацкая — аўтар бюста Тадэвуша Касцюшкі, які знаходзіцца ў вёсцы Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, на месцы радавога маёнтка Касцюшкаў.

Яна СВЕТАВА.

Фота з сайта музея.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.