2021 Анцэлевіч, А. Завод і людзі

Анцэлевіч, А. Завод і людзі / Аляксандра Анцэлевіч ; фота аўтара і Алены Даўжанок // Звязда. – 2021. – 14 жніўня (№ 155). – С. 6 : фат.

Пётр Папроцкі — ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна і вось ужо 23 гады — нязменны дырэктар Грушаўскага РМЗ.

Завод і людзі

Працоўныя дынастыі на Грушаўскім РМЗ; норма, а не выключэнне.

Кобрынскі раён славіцца дубровамі. Самыя старадаўнія дубы ахоўваюцца дзяржавай — і, як людзям ім даюць імёны. Дуб-волат з імем Дывайтыс ёсць і ў вёсцы Грушава, яго дыяметр — большы за 2,5 м, а расце ён на гэтай зямлі паўтысячы гадоў. Яшчэ адна славутасць, якая робіць старадаўняе мястэчка вядомым, — Грушаўскі РМЗ: прадпрыемства, дзе вырабляюцца меліярацыйнае абсталяванне, будаўнічыя металаканструкцыі, абсталяванне для арганізацый Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Значэнне ААТ «Грушаўскі рамонтна-механічны завод» цяжка пераацаніць. У краіне ёсць рэгіёны, дзе абсалютная большасць сельскагаспадарчых угоддзяў знаходзіцца на меліяраваных землях. З часам меліярацыйнае абсталяванне, якое забяспечвае якасць гэтых зямель, становіцца непрыдатнае, і вырабіць замену або адрамантаваць устаноўленыя яшчэ пры Савецкім Саюзе механізмы могуць толькі спецыялісты з Грушава.

— Наш завод займаецца вытворчасцю абсталявання для меліярацыйнай галіны, у тым ліку ўтрымліваючых ваду засавак і пад’ёмнікаў для гідрамеліярацыйных збудаванняў, — падкрэслівае дырэктар ААТ «Грушаўскі РМЗ» Пётр Папроцкі.

На прадпрыемстве працуе ўсяго 68 чалавек, пры гэтым сфера адказнасці спецыялістаў Грушаўскага рамонтна-механічнага завода — уся краіна. РМЗ пастаўляе прадукцыю амаль усім прадпрыемствам ДА «Белводгас», аргазінацыям Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і будаўнічым прадпрыемствам.

— Мы ведаем на памяць, дзе і якое «хворае месца» ў меліярацыйнай галіне краіны. Усе вобласці, усе прадпрыемствы меліярацыйных сістэм — нашы кліенты. Нашы засаўкі і пад’ёмнікі стаяць на большасці вадасховішчаў краіны — у тым ліку на Салігорскім вадасховішчы і Мінскім моры, забяспечваюць работу вяслярнага канала ў Заслаўі.

Старонкі гісторыі

У адкрытае акцыянернае таварыства Грушаўскі рамонтна-механічны завод быў пераўтвораны 29 снежня 2000 года. А сваю гісто-рыю прадпрыемства вядзе з далё- кага 1944-га. Тады ў Грушаве было створана коннае дэпо, пераўтворанае ў 1953-м у машынна-трактарную станцыю, а ў 1963-м — у рамонтна-экскаватарную майстэрню Белгалоўмеліяводгаса. У сакавіку 1980 года загадам Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР майстэрня была пераўтворана ў Грушаўскі рамонтна-механічны завод. Прадукцыю прадпрыемства выкарыстоўвалі меліярацыйна-будаўнічыя і эксплуатацыйныя арганізацыі Міністэрства меліярацыі БССР, арганізацыі Галоўпалессеводбуда.

— Так працягвалася да 1990 года, калі паступова заказы заводу на вытворчасць меліярацыйнага абсталявання пачалі падаць. I прадпрыемства вымушана было асвойваць вытворчасць новых відаў тавараў для іншых галін гаспадаркі.

Дыверсіфікацыя стала магчымасцю выжыць для ўнікальнага прадпрыемства. Сёння, акрамя асноўнага віду дзейнасці, Грушаўскі РМЗ вырабляе будаўнічыя металаканструкцыі, зборныя канструкцыі, займаецца дрэваапрацоўкай.

— Яшчэ з 1990-х дрэваапрацоўцы на нашым прадпрыемстве аддавалася асаблівая ўвага, — распавядае Пётр Папроцкі. — Вяліся работы па вытворчасці зборна-шчытавых дамоў, аконных і дзвярных блокаў, убудаванай мэблі, паганажных вырабаў. Запатрабаваныя механаапрацоўка і зварачная вытворчасць. Мы робім газаходы, бакі, абсталяванне для кацельняў і воданапорныя вежы. Па сутнасці, на прадпрыемстве могуць вырабіць любое нестандартнае абсталяванне, і гэта — той шлях, які дазваляе заводу заставацца на плаву.

Завод вядзе тэхнічнае пераўзбраенне: у прыватнасці, зварачны цэх абсталяваны ўстаноўкай для плазменнай рэзкі металу, якая дазволіла палепшыць якасць зварачных работ і напалову скараціць спажыванне электраэнергіі.

Працоўныя дынастыі

Пётр Папроцкі — ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна і вось ужо 23 гады — нязменны дырэктар Грушаўскага РМЗ. Поўны ж стаж работы на родным прадпрыемстве ў дырэктара — большы за 40 гадоў. За гэты час Пётр Сяргеевіч зрабіў для сябе выснову: поспех любога прадпрыемства — людзі, якія ўмеюць і жадаюць працаваць. Таму трапіць на завод няпроста — бяруць толькі тых, хто дакажа свой прафесіяналізм. Грушаўскі РМЗ — адно з нешматлікіх прамысловых прадпрыемстваў, якія працуюць у сельскай мясцовасці, пры гэтым сярэдняя зарплата тут дастойная нават па мерках сталіцы — 1100-1200 рублёў. Актыўна працуе прафсаюзная арганізацыя, падтрымліваюцца шматдзетныя сем’і, работнікам аказваецца матэрыяльная дапамога. Арганізвавана дастаўка работнікаў на работу заводскім транспартам.

— Нам патрэбныя будаўнікі, меліяратары, тэхнолагі, машынабудаўнікі — і ўсе гэтыя кваліфікацыі нашы супрацоўнікі павінны спалучаць у адной асобе. Тут і навучаем кадры. Людзі прыходзяць з агульнай профільнайадукацыяй, а потым вучацца і асвойваюцца 3-4 гады, перш чым набыць неабходныя нам кваліфікацыі. Кажуць: «У вас ювелірная работа». Але ў нас яшчэ і небяспечная работа! Наша засаўка, напрыклад, важыць чатыры тоны, для яе вытворчасці неабходныя грузапад’ёмнае абсталяванне, зварачная апаратура, абсталяванне для афарбоўкі.

I пры такіх габарытах значэнне маюць дробныя нюансы. Напрыклад, таўшчыня афарбоўкі: лішні міліметр — і абсталяванне доўга не праслужыць. А падфарбаваць яго ў вадзе ўжо амаль немагчыма. Ды і афарбоўка будаўнічых канструкцый, якія не маюць дачынення да меліярацыйнага абсталявання, патрабуе дакладнага вока і філіграннай работы.

Андрэй Міжэўскі кажа.пра сябе сціпла: маляр. «На самай справе, работнікаў фарбавальнага цэха можна назваць мастакамі», — кажа дырэктар. Андрэй — малады спецыяліст, ездзіць працаваць у Грушава з суседняга аграгарадка Гарадзец.

Асаблівасць Грушаўскага РМЗ: працоўныя дынастыі тут норма, а не выключэнне з правілаў.

— У нас якое прозвішча ні вазьмі, працуюць сямейныя пары або бацька і сын. А часта бывае, што на заводзе працавалі яшчэ і дзед з бабуляй, — усміхаецца дырэктар.

Слесар Аляксандр Вайтовіч на Грушаўскім РМЗ ужо шмат гадоў. Дагэтуль тут працавалі яго бацька і дзед. А не так даўно на прадпрыемства прыйшоў працаваць і яго сын.

Пётр Сяргеевіч падкрэслівае, што калектыў на прадпрыемстве склаўся ідэальны — шмат моладзі, але шмат і ветэранаў, якія аддалі заводу не адзін дзясятак гадоў і гатовыя дзяліцца вопытам. Сярэдні ўзрост у калектыве — 45 гадоў, так што ў завода ёсць будучыня.

Аляксамдра АНЦЭЛЕВІЧ.

Фота аўтара і Алены ДАЎЖАНОК.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.