2020 Слаўся, Кобрыншчына, працай людзей!

Бялоў, Д. Слаўся, Кобрыншчына, працай людзей! / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. — 2020.– 22 студзеня (№ 5). – С. 1, 2.

За выдатны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна званне «Ганаровы грамадзянін Кобрыншчыны» прысвоена былому старшыні райвыканкама Мікалаю Кендзе і дырэктару ААТ «Грушаўскі рамонтна-механічны завод» Пятру Папроцкаму.

Слаўся, Кобрыншчына, працай людзей!

Які б адрэзак гісторыі мы не згадалі, ва ўсе часы Кобрыншчыне было чым ганарыцца. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю ўтварэння Кобрынскага раёна, прайшло ў Кобрынскім Палацы культуры.

Міхаіл Грышкевіч і Іван Даўжук віншуюць Мікалая Кенду і Пятра Папроцкага са званнем «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна»

Юбілей – выдатная нагода для асэнсавання мінулага, ацэнкі сучаснасці і вызначэння задач на будучыню, – адзначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. – Сёння ў зале сабраліся людзі, якія не проста працавалі на кобрынскай зямлі, а прыкладалі ўсе намаганні для таго, каб зрабіць Кобрыншчыну эканамічна стабільным рэгіёнам. Хочацца шчыра падзякаваць ім усім за сумленную працу, прафесіяналізм і любоў да сваёй малой радзімы.

Лёс Кобрыншчыны не быў лёгкім – разам з усёй краінай раён перажыў ваеннае ліхалецце, пасляваенную разруху, складаныя 90-я гады… Гісторыя раёна была прадстаўлена ў цікавай выставе, падрыхтаванай супрацоўнікамі Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава. Экспазіцыя адлюстроўвала самыя значныя этапы развіцця нашага рэгіёна і падкрэслівала ролю людзей і іх стваральнай працы ў гэтым працэсе. 

Падчас урачыстага мерапрыемства цёплыя словы былі выказаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам працы, былым кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый.

Іх выдатныя працоўныя традыцыі годна працягваюць сучаснікі – яны атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук Міхаіла Грышкевіча, старшыні раённага Савета дэпутатаў Івана Даўжука, старшыні камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіла Бацэнка. За выдатны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна званне «Ганаровы грамадзянін Кобрыншчыны» прысвоена былому старшыні райвыканкама Мікалаю Кендзе і дырэктару ААТ «Грушаўскі рамонтна-механічны завод» Пятру Папроцкаму.

Выдатным эпілогам свята стала канцэртная праграма з удзелам артыстаў і калектываў устаноў культуры раёна. Песні, танцы, музычныя і цыркавыя нумары не пакінулі абыякавымі нікога, аб’яднаўшы ўсіх гасцей мерапрыемства ў адзіным парыве любві да сваёй малой радзімы.

Красуй у вяках, родная Кобрыншчына, і слаўся дасягненнямі кабрынчан!

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.